Кіраўнік БТ: 95% іпэшнікаў спакойна працуюць ва ўмовах указа №222
Большасць індывідуальных прадпрымальнікаў спакойна працуюць ва ўмовах дзеяння ўказа №222.
Пра гэта заявіў старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў тэлепраграме "Клуб рэдактараў". Яна выйшла ў эфір 20 сакавіка на тэлеканале "Беларусь 1".
Як вядома, указ №222 патрабуе, каб прадпрымальнікі мелі дакументы аб набыцці на ўсе тавары. "У Беларусі 240 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, з іх прыкладна 9-12 тысяч не згодныя з указам. То бок, гэта прыкладна 5%. А 95% — выступаюць "за" і працуюць у рамках указа. І задаволеныя! Пры гэтым, дарэчы, падатковыя паступленні ў бюджэт павялічыліся, а зусім не зменшыліся", — цытуе БЕЛТА словы Давыдзькі.
Удзельнікі праграмы звярнулі ўвагу на тое, што акцыі прадпрымальнікаў падтрымалі апазіцыйныя палітыкі. Генадзь Давыдзька заявіў, што лідары прадпрымальніцкага руху ўсяляк спрабуюць адмежавацца ад палітыкі. Галоўны рэдактар газеты "Белорусы и рынок" Валянціна Вештарт адзначыла, што палітыкі заўжды шукаюць балявыя кропкі.
А галоўны рэдактар газеты "СБ. Беларусь сегодня" Павел Якубовіч выказаў меркаванне, што палітыкі (напрыклад, экс-палітвязень Мікалай Статкевіч) проста хочуць паказаць, што яны існуюць і паспрабаваць стаць лідарамі працэсу. "Хочацца, каб у нас былі палітыкі нацыянальнага маштабу, каб яны прапаноўвалі нешта больш дзейснае акрамя прапановаў сабрацца і пашумець. Хацелася б, каб гэтыя энергічныя і нябесталенавітыя людзі заняліся нейкай справай для карысці дзяржавы, а не выкарыстоўвалі сітуацыю для таго, каб сябе паказаць", — заявіў ён.