Давер да Пуціна ўпаў за год на 10% — сацапытанне "Левада-цэнтра"

За апошні год колькасць расіян, якія давяраюць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну, знізілася на 10 %, сведчаць дадзеныя сацыялагічнага апытання "Левада-цэнтра".



160321101833_putin_rally_624x351_ap_nocredit.jpg

Фота AP

"Цалкам давярае" прэзідэнту 21% расіян, "хутчэй давяраюць" — 52%, у той час як у мінулым годзе вынікі былі 26% і 57 % апытаных адпаведна, паведамляе ВВС.

Сярод апытаных "Левада-цэнтрам" 65% хочуць зноў бачыць Уладзіміра Пуціна прэзідэнтам.

Пры адказе на пытанне, чым ім падабаецца Пуцін, расіяне найперш адзначалі, што гэта вопытны (33%) і дальнабачны (21%) палітык; энергічны, рашучы, валявы чалавек (31%), які абараняе дзяржаўныя інтарэсы (25%).

Колькасць рэспандэнтаў, якія "хутчэй не давяраюць" і "цалкам не давяраюць" прэзідэнту вырасла на 5% — з 14 % у мінулым годзе да 19% зараз.

У 38% удзельнікаў апытання Пуцін выклікае сімпатыю і захапленне (у мінулым годзе — 47%), 30% не могуць сказаць пра яго нічога дрэннага.

Яшчэ 15% ставяцца да яго нейтральна, 8% — насцярожана, 4% не могуць сказаць нічога добрага і столькі ж адчуваюць негатыўныя пачуцці.