Ганебны прысуд
Праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны да чатырох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і спагнаннем сумы шкоды. Суд Першамайскага раёна Мінска палічыў даказанай
віну кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна і віцэ-старшыні Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Пасля вынясення прысуду юрыст “Вясны Валянцін Стэфановіч запэўніў, што праваабарончы цэнтр будзе працягваць сваю працу.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі асуджаны да чатырох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і спагнаннем сумы шкоды. Суд Першамайскага раёна Мінска палічыў даказанай
віну кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна і віцэ-старшыні Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Пасля вынясення прысуду юрыст “Вясны Валянцін Стэфановіч запэўніў, што праваабарончы цэнтр будзе працягваць сваю працу.
Кіраўніца аддзелу Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Саша Кулаева заявіла, што трэба дабівацца кансалідаванай пазіцый міжнароднай супольнасці. “Наша
рэакцыя будзе моцнай, хуткай і надзвычай абуранай. Бо апроч як абсалютнай ганьбай гэты прысуд нельга назваць! Асуджаны вядучы рэгіянальны, міжнародны праваабаронца, вядомы цяпер ужо ва ўсім свеце.
Відавочная расправа над праваабарончай супольнасцю, паказальны суд. І, як ужо сказаў сам Алесь, гэта не можа не нагадваць горшыя судовыя працэсы ў часы СССР, — адзначыла прадстаўніца
Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. — Патрэбная моцная рэакцыя міжнароднай супольнасці. Больш цвёрдая, больш вытрыманая і кансалідаваная, чым была дагэтуль. Неабходна адзіная і рэзкая
ацэнка, не падвержаная нейкім зменам, уплывам геапалітычных аргументаў.
Жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук заўважыла, што такі прысуд быў чаканы. “Той тон, што задаваўся папярэдне ў дзяржаўных СМІ, па сутнасці не даваў магчымасці думаць аб змякчэнні прысуду. Я
была да гэтага гатовая псіхалагічна, — сказала пасля выраку жонка праваабаронцы.
Прэзідэнт Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк у сувязі з асуджэннем беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага зрабіў афіцыйную заяву. “Я асуджаю вынясенне выраку, паводле якога Алесь Бяляцкі
асуджаны да зняволення на чатыры з паловай гады. Еўрапейскі парламент надзвычай занепакоены ў сувязі з беспадстаўным крымінальным пераследам і асуджэннем Алеся Бяляцкага за меркаванае ўхіленне ад
выплаты падаткаў у Беларусі. Еўрапейскі парламент лічыць абвінавачанні, высунутыя супраць Алеся Бяляцкага ў судзе, палітычна матываванымі і беспадстаўнымі. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і
без умоў вызваліць Алеся Бяляцкага, а таксама неадкладна і без умоў вызваліць усіх палітычных зняволеных, якія яшчэ ўтрымліваюцца пад вартай, і зняць з іх усе абвінавачанні. Еўрапейскі парламент
заўсёды выступае ў падтрымку беларускага народа, — гаворыцца ў афіцыйнай заяве Бузэка.
Пракурор Уладзімір Сайкоўскі прасіў суд пакараць Бяляцкага пяццю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён падкрэсліў, што ўхіленне ад выплаты падаткаў
з даходаў караецца ва ўсіх краінах. На яго думку, атрыманне Бяляцкім сродкаў на праваабарончую дзейнасць не вызваляе яго ад выплаты падаткаў з гэтых грошай.
Па словах адваката Дзмітрыя Лаеўскага, абвінавачанне не адпавядае нормам Крымінальнага кодэкса і парушае права на абарону: у ім не ўказаны ні час, ні месца, ні спосаб правапарушэння. Пазіцыя
абвінавачання складаецца выключна з меркаванняў, незразумела, на падставе якіх звестак вызначана сума ўрону, нанесенага ў выніку ўхілення ад выплаты падаткаў. Лаеўскі звярнуў увагу на тое, што
звесткі аб руху сродкаў з банкаўскіх рахункаў Бяляцкага, на чым і будуецца абвінавачанне, не аформленыя і не засведчаныя належным чынам. Будаваць абвінавачанне на такіх дакументах недапушчальна,
заявіў адвакат.
На думку адваката, справа яго падабароннага расследавалася яўна неаб’ектыўна. «Абвінавачаннем устаноўлена толькі тое, што Бяляцкі адкрыў два рахункі за мяжой, на іх паступілі грошы,
а ён сам іх зняў. Больш доказаў няма, у тым ліку і таго, хто і колькі пералічваў сродкаў на рахункі Бяляцкага», — заявіў абаронца Алеся Бяляцкага. Апроч таго, абвінавачанне не
даказала факт паступлення сродкаў з рахункаў Бяляцкага ў Беларусь. Такім чынам, на гэтыя сродкі не можа распаўсюджвацца рэжым замежнай гуманітарнай дапамогі і, адпаведна, яны не павінны абкладацца
падаткам, заявіў адвакат.
Абарона лічыць, што складу злачынства ў дзеяннях Бяляцкага няма, таму суд мусіць апраўдаць абвінавачваемага.
У апошнім слове ў судзе Алесь Бяляцкі заявіў, што ад часоў СССР нічога не змянілася ў пераследзе праваабаронцаў. «Цягам гэтых трох месяцаў я адчуў, што вярнуўся ў СССР. Толькі на нейкім
іншым узроўні адбылася гэтая рэінкарнацыя», — сказаў Бяляцкі. У сваёй прамове ён выступіў супраць метадаў дзяржавы пераследаваць недзяржаўныя аб’яднанні, праваабаронцаў. Ён
нагадаў, што ўсяго ўлады зачынілі каля 400 арганізацыяў, а «Вясну» пазбавілі рэгістрацыі і не вяртаюць у прававое поле нават пасля адпаведнага рашэння Камітэту па правах чалавека
ААН. Да ўсяго ў 2006 годзе была ўведзеная крымінальная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
«У 2011 годзе было арганізавана сапраўднае цкаванне «Вясны» і мяне як старшыні. У Беларусі склалася аўтарытарная ўлада, і месца для праваабаронцаў улады не бачаць. Улада
пераследуе палітычных апанентаў, абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і не дазваляе развівацца грамадзянскай супольнасці. Улада не выносіць крытыкі, пераследуе журналістаў і
праваабаронцаў», — заявіў Алесь Бяляцкі.
Віцэ-прэзідэнт FIDH зазначыў, што Беларусь парушае міжнародныя абавязальніцтвы, якія ўзяла на сябе. «Навошта вы гэтую Дэкларацыю падпісвалі? Выйдзіце з ААН і АБСЕ — і ўсё будзе
зразумела, дзе мы знаходзімся...» — звярнуўся да пракурора праваабаронца. Ён згадаў Узбекістан, дзе сядзяць дзясяткі праваабаронцаў, Расію, дзе на Каўказе праваабаронцаў проста
забіваюць. І сітуацыю з праваабарончым рухам можна параўнаць з Беларуссю.
Бяляцкі расказаў пра статутныя мэты ПЦ «Вясна», пра дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсіяў, кампаніі па назіранню за выбарамі, за адмену смяротнага пакарання.
«Мы маем дастаткова высокі аўтарытэт, і ўсе гэтыя прэміі — сведчанне той драматычнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі. Гэта міжнародныя сігналы Беларусі, што трэба нешта мяняць.
...Мы шмат у чым ратуем гонар Беларусі ў вачах міжнароднай супольнасці. ...Я адчуваю сябе абсалютна невінаватым. У 2011 годзе я мог выехаць за мяжу, але не зрабіў гэтага. Я займаюся 30 гадоў
праваабарончай дзейнасцю», — завяршэнне выступу Бяляцкага прысутныя ў судовай залі сустрэлі апладысментамі.