«Гульня тронаў» у цэнтры Еўропы: ці з’явіцца «кланавая Беларусь»?

«Лукашэнка стаміўся быць прэзідэнтам. Каранацыя прызначаная на чацвер» — стары анекдот можа быць прарочым. Прынамсі, самая галоўная навіна тыдня — кіраўнік Беларусі пра гэта думае. І гэтыя думкі раз-пораз прабіваюцца на свет.

thumb_1920_418804.jpg


Раней ён ганарыўся тым, што ён «усенародна абраны» кіраўнік дзяржавы. Любіў расказваць байкі пра тое, як людзі ці не са смяротнага ложка ўставалі, каб пайсці і аддаць за яго свой голас. Але падзеі 2020 года, відавочна, траўміравалі яго вельмі моцна, і нават больш, чым мы можам уявіць. Мажліва, ён успрыняў выбар народа не на яго карысць як персанальную абразу — з гэтага і рэпрэсіі, якія не спыняюцца, і думкі пра «каранацыю».

Канешне, ён у чарговы раз сказаў, што не трымаецца за ўладу ссінелымі пальцамі: «Ніколі ў мяне не было такой мэты. Няма і ніколі не будзе. Не галоўная ў мяне задача захаваць уладу, як яны кажуць. Зусім няма такой праблемы». Але адначасова прапанаваў выбіраць прэзідэнта Усебеларускім народным сходам. Маўляў, усеагульныя прэзідэнцкія выбары «дэстабілізуюць сітуацыю».

«Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям выбіраць органы ўлады, асабліва прэзідэнта, на Усебеларускім народным сходзе... Тут мы недзе праявілі слабасць… Сёння адчуваю, што мы дарма не ішлі ад гэтага жыцця. Перажылі б гэта… Будзе неабходнасць — мы да гэтага вернемся», — паабяцаў ён.

У прыклад ён прывёў Кітай, дзе кіраўніка абіраюць на партыйным сходзе, і, маўляў, той мае паўнамоцтвы большыя, чым «я і Пуцін разам узятыя». І з гэтага бачна, што ў мазгах у Лукашэнкі. Ён успрымае прэзідэнцкую пасаду як «паўнамоцтвы», а не як «выбары».

Прыклад няўдалы хаця б таму, што Кітай — зусім не дэмакратыя. Канешне, і Беларусь цяпер — тое ж самае, аднак нават у зусім абноўленай Канстытуцыі кажацца пра тое, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. А калі браць Кітай, то ў яго Канстытуцыі ясна напісана: «Кітайская Народная Рэспубліка з'яўляецца сацыялістычнай дзяржавай дэмакратычнай дыктатуры народа, кіраванай рабочым класам і заснаванай на саюзе рабочых і сялян».

То-бок Кітай — дыктатура, нават канстытуцыйна. А ў нас — па факце.

Праблема выбараў — гэта не праблема паўнамоцтваў. Гэта праблема легітымнасці, як ужо сто разоў казалася. А легітымнасць — гэта кансэнсус грамадства, якое давярае чалавеку кіраваць ад яго імя. Калі такі давер заканчваецца, то на новых выбарах — выбачайце, але ідзіце прэч. Калі давер захоўваецца — калі ласка, на другі тэрмін.

Але Лукашэнка ведае, што грамадства адмовіла яму ў даверы. Больш за тое, ён, як высветлілася, ведае, што гэтая адмова за два гады пасля 2020-га нікуды не падзелася: не атрымалася «перагарнуць старонку». Таму і кажа, што выбары «дэстабілізуюць» грамадства. А праблема «паўнамоцтваў», то-бок, захавання ўлады ўсё ж ёсць.

Канешне, выбіраць прэзідэнта на УНС — ідэя цікавая, але яна канчаткова ператварае Беларусь у аднаасобную дыктатуру. Спісы так званых «дэлегатаў УНС» фарміруюцца і зацвярджаюцца выканкамамі, а кіраўнікоў гэтых структур прызначае Лукашэнка. Такім чынам, абіраць прэзідэнта будуць тыя, хто назначаны асобай, што ўжо знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта. «Лукашэнку абірае Лукашэнка».

Трапіць на УНС «выпадковаму чалавеку» проста немагчыма. У 2010 годзе кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў сабралі дзясяткі тысяч подпісаў кожны за сваё вылучэнне дэлегатам на УНС, але іх туды не пусцілі. А ў 2006-м пры спробе зарэгістравацца дэлегатам на гэты сход кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна проста адмяцелілі «людзі ў цывільным». Вось і ўся «дэмакратыя».

Пры гэтым нешта супрацьпаставіць такой сістэме выбрання кіраўніка дзяржавы беларускім дэмакратычным сілам будзе складана. Бо дэмакратычныя сілы абапіраюцца на народ, а Лукашэнка фактычна пераносіць на беларускую глебу азіяцкую сістэму, калі за «месца пад сонцам» спаборнічаюць кланы. Толькі «кланы» могуць нейкім чынам прасачыцца на падобны сход і паспрабаваць паўплываць на вынік выбараў. Але ў Сінявокай пакуль што адзін клан — клан Лукашэнкі, які і вызначае, хто трапіць на УНС, а хто не.

1405159449_1664039502.jpg


І надзвычай сімвалічна тое, што свае развагі па механізме выбараў прэзідэнта Лукашэнка агучыў менавіта ў час нарады па партыйным будаўніцтве. На яго думку, партыі павінны дзейнічаць выключна ў рэчышчы рашэнняў УНС, а тых, хто з гэтым не згодны — пад нож. То-бок, фактычна выключаецца асноўная, паводле паліталогіі, мэта палітычнай партыі — прыход да ўлады. А калі яны ўсё ж будуць мець на ўвазе гэтую мэту, ім давядзецца стаць тым самым «кланам», які будзе весці «падкавёрную» барацьбу, перацягваючы на свой бок як дэлегатаў УНС, так і інстытуты, што забяспечваюць утрыманне ўлады, а канкрэтна сілавікоў.

Сапраўды, адсоўваючы народ ад выбараў кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка стварае сабе вельмі вялікую праблему. Таму што ў такім выпадку для змены ўлады застаюцца толькі тры шляхі: «наменклатурны пераварот», вайсковы пераварот і рэвалюцыя. Калі ўлада змяняецца шляхам усеагульных выбараў, яшчэ можа здзейсніцца «варыянт Януковіча» з адлётам у якую-небудзь цёплую ўтульную краіну. Калі ж застаюцца толькі гэтыя тры варыянты, простае фізічнае выжыванне становіцца вялікім пытаннем.

Ці разумее ён гэта? Можа быць, думкі на гэты конт у яго ў галаве і варушацца, але пакуль што ўсё ж ёсць тая праблема, пра якую ён казаць не хоча — праблема далейшага ўтрымання ўлады. На сёння гэта для яго больш важна, чым сярэднетэрміновая перспектыва нейкага перавароту.

А таму ён можа сказаць, як Скарлет О’Хара: «Я падумаю над гэтым заўтра». Але думаць усё роўна прыйдзецца. Дзядулю стукнула 68 гадкоў…