Павел Мацукевіч: Лукашэнка пераказвае свае трывожныя сны, а ўсё грамадства ўдзельнічае ў іх тлумачэнні

Адмова ад прамых выбараў — гэта ідэя адмяніць тое, што і так існуе ў Беларусі як фарс, лічыць Павел Мацукевіч.

5016577_800.jpg

Былы дыпламат, аўтар канала «Пульс Леніна-19» Павел Мацукевіч разважае на старонках «СН плюс» пра ідэю адмовы ад прамых выбараў кіраўніка дзяржавы:

— Я слухаў заявы і так і не ўлавіў: тут шкадаванне пра нерэалізаваную ідэю або намер увасобіць яе ў жыццё? Таму трэба дачакацца працягу. Лукашэнка часта кідае ў масы нейкія сенсацыйныя ідэі, каб правентыляваць грамадскія настроі ці ўвогуле адцягнуць увагу ад чагосьці значнага.

Мне цяжка ўявіць, каб ён разглядаў для сябе перспектыву перавыбрання на наступны тэрмін пры дапамозе Усебеларускага народнага сходу, але лёгка — для яго пераемніка. Бонус такога варыянта для Лукашэнкі заключаецца ў тым, што ён застанецца ў гісторыі адзіным і непаўторным — першым і апошнім «усенародна абраным».

Акрамя гэтага, прасцей правесці праз УНС пераемніка. Хоць у любым выпадку для беларускай улады не існуе тэхнічных праблем арганізаваць стандартныя выбары з патрэбным вынікам.

— Але ж гаворка ідзе пра адмову ад прамых выбараў наогул?

— Якія часы — такія норавы. Ну і ў прынцыпе агучана ідэя адмяніць тое, што і так існуе як фарс. Выбары ў нас даўно забралі. Не існуе цяпер ніякіх перашкод для рэалізацыі ўладных ініцыятыў. Зноўку перагледзець-перапісаць Канстытуцыю могуць у любы дзень тыдня, нават у выхадны. Аднак я, напрыклад, не вынес з нарады ўражання, што рашэнне прынятае.

— Моцны прэзідэнт, вакол якога ў цяжкія часы гуртуецца грамадства, УНС, які вызначае генеральную лінію, грамадзянская супольнасць, якая ўжо створана (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь») — такое адчуванне, што яны цягнуць краіну назад у савецкае мінулае?

— Мне здаецца, аналогій тут больш, чым толькі з СССР, але ёсць і агульнае: усе яны звязаны з радыкальнай аўтарытарнай мадэллю ўлады, якая такімі метадамі спрабуе максімальна засцерагчы сябе ад рызык і выпадковасцей.

У нашым выпадку гэты працэс у наяўнасці — і актуальныя заявы ў яго добра ўпісваюцца. Але ўсё ж такі пакуль няма ўпэўненасці, што агучаная схема будзе рэалізаваная. Беларускі кіраўнік валодае досыць моцным нюхам — на яго разлічвае і яму давярае. Зноў жа, абдумванне ўслых можа насіць характар правакацыі для адцягнення ўвагі. Ён пераказвае свае трывожныя сны, а ўсё грамадства ўдзельнічае ў іх тлумачэнні.