Як сустракалі кандыдатаў (фотарэпартаж)
Калі б не было Таццяны Караткевіч, гэтая рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты была б проста эпізодам перадвыбарчай кампаніі. А сталася гістарычнай падзеяй.
У чацвер, 10 верасня, тым прэтэндэнтам у прэзідэнты, якія прайшлі скрозь сіта праверкі подпісаў, уручылі пасведчанні кандыдатаў у прэзідэнты. Зразумела, гэтага працэсу з хваляваннем чакалі іх каманды.
На плошчы Незалежнасці каля ЦВК дзьве групы сустракаючых аказаліся самымі стойкімі: гэта каманда Сяргея Гайдукевіча і каманда Таццяны Караткевіч. Ніхто ім не паведаміў, што ўручэннне кандыдацкіх пасведчанняў расцягнецца аж на дзьве з паловай гадзіны. Справа ў тым, што гэтая дзея для ЦВК была толькі шэраговым момантам выбарчай кампаніі. Галоўная выбарчая структура праводзіла амаль шэраговае пасяджэнне — з разглядам скаргаў, і іншымі пытаннямі. Таму кандыдаты “завіслі” там надоўга.
З аднаго боку, гэта стаміла чакаючых, і журналістаў, і сябраў камандаў кандыдатаў. З іншага, менавіта ў гэты час асэнсоўваеш, што нарабіла, напрыклад, Партыя БНФ, калі адмовілася падтрымліваць Таццяну Караткевіч.
Можна зараз запытацца ў кіраўніка ПБНФ Аляксея Янукевіча, калі ён у апошні раз стаяў з бел-чырвона-белым сцягам на плошчы Незалежнасці? Калі ён адкажа, што на выбарах у 2010-м, то тады трэба запытацца, колькі ён там прастаяў. Бо зараз “сустракаючыя Караткевіч” на плошчы Незалежнасці стаялі амаль тры гадзіны — з тых часоў, як Таццяна ўвайшла ў будынак, дзе месціцца ЦВК, і нават пасля яе выхаду з пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты.
Міліцыянты, якія стаялі непадалёк ці патрулявалі плошчу, нават ніводнага разу не падышлі да гэтай групы і не папрасілі “прыбраць незарэгістраваную сімволіку”.
У звычайны дзень чалавек з бел-чырвона-белым сцягам на “галоўнай плошчы краіны” не пратрымаўся б і пяці хвілінаў.
Так што, калі хтосьці з ПБНФ (асабліва тыя, хто прагаласаваў на Сойме супраць далейшай падтрымкі Таццяны) скажа, што яна “няўцямна кажа пра беларускую сімволіку”, то вось вам факт — за адзін дзень яна “прапагандавала” гэтую сімволіку значна больш, чым сам БНФ за ўсе пяць год.
Дзьве з паловай гадзіны на плошчы Незалежнасці марынаваліся не апошнія людзі ў беларускім істэблішменце, і не толькі палітычным. Прынамсі, Гайдукевіча сустракаць прыйшоў ягоны сталы сябра і сябра ягонай партыі акцёр-комік Яўген Крыжаноўскі.
Сяргей Гайдукевіч і першым выйшаў да сваіх сябраў. І, нягледзячы на журналістаў (можна сказаць нават, не звяртаючы на іх увагі) першаю справаю ён пайшоў да сваёй каманды, дзякаваць ім за працу, якая прывяла яго да кандыдацтва ў прэзідэнты. Прычым, дзякаваў ён ці не кожнаму асабіста, адзначаючы, што гэтая праца была сапраўды “пякельнай” — столькі выстаяць на жнівеньскім пекле ў пікетах!
Амаль незаўважна прашмыгнуў міма казачы атаман Мікалай Улаховіч. Яго не сустракаў ніхто. Але некаторыя журналісты ўсё ж здолелі яго “тармазнуць” непадалёк ад ЦВК, каб задаць пару пытанняў.
Але гераіняй дня з’яўлялася, канешне, Таццяна Караткевіч. І не толькі таму, што яна дала шанец лунаць нацыянальнаму сцягу ў цэнтры горада. Можа быць, толькі потым, калі-небудзь мы асэнсуем, што прысутнічалі ў гістарычны момант: у Беларусі, упершыню за яе гісторыю, жанчына стала кандыдаткай на пасаду прэзідэнта.
Можа, гэта і “маленькі гістарычны момант”, але… Колькі год спатрэбілася, напрыклад, ЗША, каб у іх жанчына магла стаць кандыдаткай на вышэйшую дзяржаўную пасаду? А ў нас – толькі 24 гады незалежнасці…
Таццяна Караткевіч была вясёлай, але стомленай. Таму на пытанні журналістаў адказвала ў асноўным агульнымі словамі, адразу ўсіх папярэдзіўшы: усё заўтра, пад час прэс-канферэнцыі. Да таго ж, у яе былі яшчэ справы. Ізноў-такі падзякаваўшы камандзе, яна скіравалася не куды-небудзь, а ў Мінгарвыканкам. Падаваць заяўкі на пікеты, якія, па законе, таксама проста так не зробіш, а па паведамляльным прынцыпе.
Заўтра краіна ўвойдзе ў стан агітацыі. Нам будуць абяцаць салодкае жыццё. Ці спраўдзіцца?