Качанава абмяркоўвае, як пазбаўляць грамадзянства «экстрэмістаў» за мяжой

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава збірала экспертны савет. Як паведамляе прэс-служба СР, на пасяджэнне быў вынесены праект зменаў закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь».

d5azehwwsaimsww.jpg


«Адной з прапанаваных экспертамі навацый з'яўляецца ўвядзенне нормы аб страце грамадзянства ў сувязі з наяўнасцю прысуду суда Рэспублікі Беларусь, які ўступіў у законную сілу, які пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ім цяжкай шкоды інтарэсам дзяржавы, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

У Савеце Рэспублікі лічаць, што такая норма накіравана на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, стабільнасці грамадска-палітычнай сістэмы і канстытуцыйных асноў дзяржаўнага ладу, піша REFORM.by.

У канцы 2020 года закон аб грамадзянстве ўжо быў абноўлены. У ім з'явілася норма аб магчымасці страты грамадзянства асобамі, якія прызнаныя судом вінаватымі ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненні імі цяжкай шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Аднак яна распаўсюджваецца толькі на паўналетніх грамадзян, якія набылі грамадзянства Беларусі ў выніку прыёму ў грамадзянства, у парадку рэгістрацыі, з прычыны аднаўлення ў грамадзянстве або па падставах, прадугледжаных міжнароднымі дамовамі. Такім чынам, яна не тычыцца грамадзян Беларусі па нараджэнні.

У канцы 2021 года начальнік ГУБАЗіК палкоўнік міліцыі Андрэй Паршын у інтэрв'ю выказаўся за пазбаўленне «экстрэмістаў» грамадзянства незалежна ад спосабу яго набыцця. У лютым гэтага года з удзелам Лукашэнкі абмяркоўвалася тая прапанова, роўна як і завочная крымінальная вытворчасць, паведамляў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч.

Нядаўна Палата прадстаўнікоў і Савет рэспублікі прынялі папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс, якія прадугледжваюць з'яўленне інстытута спецвытворчасці, які дазваляе завочна весці расследаванне крымінальнай справы і перадаваць такія справы ў суд. Прадугледжана, што спецвытворчасць будзе магчымая па артыкулах аб злачынствах супраць міру і бяспекі чалавецтва, супраць дзяржавы, іншых злачынстваў, якія ўяўляюць пагрозы нацбяспецы. Завочнае расследаванне і суды будуць магчымыя, калі абвінавачаны ўхіляецца ад яўкі ў вядучы расследаванне орган, у яго выдачы адмоўлена, альбо на працягу шасці месяцаў не атрыманы адказ на запыт аб выдачы.

Трэба адзначыць, што закон аб зменах КПК яшчэ афіцыйна не апублікаваны.