Кампанія «Права выбару–2015» судзіцца з Цэнтрвыбаркамам
Сёння, 29 чэрвеня, адпаведная скарга на бяздзейнасць дзяржаўнага органа была накіравана ў суд Маскоўскага раёна Мінска.
Ініцыятары скаргі просяць абавязаць Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў даць матываваны адказ на калектыўныя прапановы па змяненні заканадаўства, якія былі пададзеныя 7 красавіка, а таксама аднавіць прапушчаны па паважаных прычынах тэрмін падачы скаргі ў суд на падставе таго, што ажыццяўлялася абскарджванне бяздзейнасці дзяржаўнага органа ў парадку адміністрацыйнага працэсу праз падачу скаргі ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Адзін з каардынатараў кампаніі «Права выбару–2015» Дзяніс Садоўскі лічыць, што Цэнтрвыбаркам і Камітэт дзяржкантролю праявілі поўную непавагу да ініцыятараў звароту.
— Мы не будзем мірыцца з тым, што нас цалкам ігнаруюць і парушаюць заканадаўства, таму і падалі скаргу ў суд. У сваёй працы мы выкарыстоўваем усе законныя метады, каб дабіцца з боку Цэнтрвыбаркаму выканання законаў Рэспублікі Беларусь. Калі ж ЦВК адмаўляецца гэта рабіць, то мы будзем інфармаваць грамадзян краіны аб гэтых фактах, каб людзі самі маглі зрабіць выснову аб сумленнасці выбараў, — кажа Дзяніс Садоўскі.
Нагадаем, што 7 красавіка 2015 года на адрас Цэнтрвыбаркама быў адпраўлены зварот (калектыўныя прапановы па змяненню заканадаўства), аднак насуперак патрабаванням арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў" ён не даў ніякага адказу ў вызначаны законам пятнаццацідзённны тэрмін.
Такім чынам службовымі асобамі Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў былі парушаныя арт. 7 і п. 3 арт. 17 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў" (права заяўнікаў на атрыманне адказу на звароты ва ўстаноўлены тэрмін).
1 чэрвеня ў сувязі з парушэннем Цэнтрвыбаркамам тэрмінаў адказу на калектыўны зварот была накіравана скарга ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь з заявай аб прыцягненні вінаватых службовых асобаў да адміністратыўнай адказнасці за здзейсненае правапарушэнне, прадугледжанае арт. 9.13 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях "Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў", аднак КДК не знайшоў падставаў для пачатку ў дачыненні да службовых асобаў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў адміністрацыйнага працэсу.
У кампанію па назіранню за выбарамі “Права выбару–2015” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, “Гавары праўду!”, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзян праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаванне на іх.
Паводле прэс-службы кампаніі «Права выбару–2015»