Карбалевіч: Асабістыя інтарэсы Лукашэнкі не супадаюць нават з інтарэсамі наменклатуры
Лукашэнка вельмі не хацеў бы, каб пра яго асабістыя дамовы з Крамлём ведала нават бліжэйшае атачэнне.
Сёння ў Мінску Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком МЗС РФ Лаўровым. Пасля афіцыйнай часткі Лукашэнка папрасіў Сяргея Алейніка (кіраўніка МЗС Беларусі) пакінуць іх з Лаўровым удвух, каб «тэт-а-тэт абмеркаваць важныя пытанні».
Якія размовы Лукашэнка не захацеў давяраць вушам нават уласнага міністра? «Новы Час» звярнуўся за каментаром да палітолага Валерыя Карбалевіча.
— Гэта сведчыць пра тое, што ў Беларусі захаваўся персаналісцкі рэжым, у якім асабістыя палітычныя інтарэсы Лукашэнкі не супадаюць нават з інтарэсамі наменклатуры. Гэта яшчэ раз пацвярджае тэзіс, што наменклатура не з’яўляецца суб’ектам палітыкі, хаця менавіта яе падтрымка забяспечыла Лукашэнку ўтрыманне ўлады ў 2020 годзе.
Рэжым персаналісцкай улады існаваў у Беларусі і раней, таму такія паводзіны Лукашэнкі не ў навіну. Здаецца, у лютым 2020 года Лукашэнка сустракаўся з дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампеа — на тую сустрэчу не быў дапушчаны нават Уладзімір Макей.
Гаворка ідзе пра тое, што асабістыя палітычныя інтарэсы Лукашэнкі не толькі не адпавядаюць нацыянальным інтарэсам, інтарэсам дзяржавы, але разыходзяцца нават з інтарэсамі кіроўнай наменклатуры. Лукашэнка вельмі не хацеў бы, каб пра яго асабістыя дамовы з Крамлём ведала нават бліжэйшае атачэнне.
— Для публікі працытавалі выказванні Лукашэнкі і Лаўрова пра вайну ва Украіне, паралельна сазвоньваліся міністры абароны Хрэнін і Шайгу, каб абмеркаваць «комплекс мер стратэгічнага стрымлівання» ды «ход падрыхтоўкі рэгіянальнай групоўкі войскаў». Ваша версія — пра што маглі гаварыць саюзнікі за зачыненымі дзвярыма?
— Вельмі падобна на тое, што Лукашэнка хацеў выведаць рэальныя планы Крамля ў адносінах да Украіны.
За час, які прайшоў з апошніх сустрэч Лукашэнкі з Пуціным (візіт Пуціна ў Мінск 19 снежня і сустрэча ў канцы снежня ў Санкт-Пецярбургу), вельмі многае змянілася. Пуцін памяняў кіраўніцтва акупацыйнай расійскай арміі, Расія перайшла ў наступ пад Бахмутам і Саледарам. А Лукашэнка нават не разумее, што робяць расійскія войскі на тэрыторыі Беларусі. Ці выношвае Крэмль планы новага наступу з тэрыторыі Беларусі? Ці збіраецца Масква працягваць ракетныя абстрэлы з беларускай зямлі? Мне здаецца, Лукашэнку пра тое проста не гавораць, таму ён паспрабаваў з першых вуснаў выведаць планы Крамля. Бо Беларусь наглуха прышпілена да Масквы, Лукашэнку з Пуціным збіраюцца судзіць за вайну супраць Украіны, а ён нават не ведае, што Крэмль плануе рабіць далей.
— Дарэчы, Еўрапарламент большасцю галасоў вырашыў стварыць міжнародны крымінальны трыбунал для судовага пераследу арганізатараў вайны супраць Украіны — кіраўніцтва Расіі і Беларусі. Як афіцыйны Мінск мусіць успрыняць гэты сігнал?
— Безумоўна, гэта вельмі непрыемна, гэта азначае, што магчымасць нейкіх перамоў ці дыялогу з Захадам вельмі моцна змяншаецца, у тым ліку і па палітычных зняволеных.
Але асаблівай трывогі ў афіцыйнага Мінска я не бачу. Трыбунал — гэта суд пераможцаў над пераможанымі, а поўны разгром Расіі ў сённяшніх умовах выглядае як даволі неверагодны сцэнар.