Карбалевіч: Лукашэнка заблытаўся ва ўласных прапагандысцкіх пабудовах

Вайна Расіі супраць Украіны стала галоўным фактарам, які ўплывае на ўсе эканамічныя, грамадска-палітычныя працэсы ў нашым рэгіёне ў цэлым і ў кожнай асобнай краіне. Яна стала тым «чорным лебедзем», які радыкальна мяняе звыклы лад жыцця ўсіх людзей, піша ў «Свободных новостях» аналітык Валерый Карбалевіч.

get_img_25.jpg

Што кажа сацыялогія

Як вайна ўплывае на масавую свядомасць людзей? 

На гэтым тыдні былі прэзентаваныя вынікі двух сацыялагічных даследаванняў — «Беларускай аналітычнай майстэрні» Андрэя Вардамацкага і беларускай ініцыятывы «Chatham House» Рыгора Астапені. Яны даюць падставы для пэўных высноў аб тэндэнцыях грамадскай думкі ў Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне.

У радыкальна расколатым беларускім грамадстве існуе кансенсус па пытанні аб няўдзеле Узброеных сіл Беларусі ў ваенных дзеяннях ва Украіне. Толькі 8% грамадзян падтрымліваюць гэтую ідэю. Гэта значыць супраць удзелу ў вайне выступаюць як праціўнікі, так і прыхільнікі Лукашэнкі. І ў гэтым кардынальнае адрозненне Беларусі ад Расіі, дзе вайну падтрымлівае абсалютная большасць насельніцтва.

Апошнія апытанні пацвердзілі вядомы сацыялагічны пастулат: прапаганда працуе і дае эфект толькі ў тым выпадку, калі яна трапляе ў фокус грамадскіх каштоўнасцяў.

Вайна ва Украіне стварыла ў беларускім грамадстве канфлікт дзвюх каштоўнасцяў: добрага стаўлення да Расіі і непрымання вайны як сацыяльнай з'явы.

Сацыёлагі пацвердзілі пераважнае ў грамадстве пазітыўнае стаўленне беларусаў да РФ. Па даных апытання Chatham House, 71% апытаных станоўча і вельмі станоўча ставяцца да Расіі. Паводле апытання прафесара Вардамацкага, 66% грамадзян Беларусі лічаць беларусаў і рускіх адным народам. Сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што інтэграцыю з Расіяй падтрымліваюць у 1,5-2 разы больш рэспандэнтаў, чым саюз з Еўразвязам.

А калі гаворка ідзе аб вайне ва Украіне, тут дамінуюць антываенныя настроі. Паводле ацэнак прафесара Вардамацкага, 40% беларусаў ухваляюць дзеянні Расі ў гэтай «спецаперацыі», 51% — не.

Па даных Chatham House, толькі траціна апытаных ухваляе вайну Расіі, 43% грамадзян яе не падтрымліваюць. Пры гэтым адназначных праціўнікаў вайны ў два з паловай разы больш, чым адназначных прыхільнікаў. Толькі 14% апытаных чакаюць ад вайны станоўчых наступстваў, а 55% — адмоўных.

Гэта значыць, непрыманне вайны перабівае лаяльнасць да Расіі ў беларускай масавай свядомасці. Больш за тое, дзеянні Расіі ва Украіне большасцю беларусаў (хоць і адносным) расцэньваюцца як пагроза. Напрыклад, пагроза суверэнітэту краіны.

Паводле даследаванняў прафесара Вардамацкага, узровень падтрымкі рэспандэнтамі Расіі і Украіны ў гэтай вайне прыкладна аднолькавы.

Большасць грамадзян не ўхваляе падтрымку беларускімі ўладамі расійскай агрэсіі і расійскай вайсковай прысутнасці тут. Дазвол на выкарыстанне тэрыторыі Беларусі станоўча ацанілі 41%, адмоўна — 47% беларусаў (Вардамацкі). Паводле апытання Chatham House, толькі 24% апытаных станоўча ставяцца да размяшчэння тут расійскай вайсковай базы, супраць — 43%. 20% беларусаў падтрымліваюць размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, 45% — не.

Атрымліваецца, што Лукашэнка ў сваёй безумоўнай падтрымцы Пуціна абапіраецца на меншасць. І ніякая афіцыйная прапаганда ў падтрымку вайны тут не дзейнічае так, як у Расіі.

З іншага боку, пераважная негатыўная ацэнка вайны РФ супраць Украіны не мяняе станоўчага стаўлення беларусаў да Расіі як дзяржавы і рускага народа.

Апазіцыя абвясціла курс на інтэграцыю з Еўропай. Аднак ён не абапіраецца на падтрымку большасці беларусаў. Нагадаю, што інтэграцыю з Расіяй падтрымліваюць у 1,5-2 разы больш рэспандэнтаў, чым саюз з Еўразвязам. Гэты геапалітычны раскол не ў карысць апанентаў рэжыму.

Пакуль ідзе вайна, улады і іх прыхільнікі знаходзяцца ў меншасці. Тут апазіцыя можа ставіць знак роўнасці паміж Лукашэнкам і вайной, і на гэтым будаваць свае палітычныя кампаніі.

Але калі вайна выносіцца за дужкі (яна спыніцца, пачнуцца перамовы), пытанне геапалітычнага выбару можа выйсці на першы план палітычнага парадку дня. Што, зыходзячы з даных сацыялогіі, сёння нявыгадна апазіцыі.

Падзеі 2020 года паказалі, што адмова ад геапалітычнага выбару сфармавала значную сітуатыўную большасць на карысць праціўнікаў улады. Вярнуць гэты стан у першапачатковым выглядзе немагчыма. Але лідары апазіцыі павінны памятаць аб гэтай аптымальнай мадэлі.

Дарэчы, у сацыёлагаў ёсць падказка. Каля паловы беларусаў выступаюць за тое, каб Беларусь не ўступала ні ў які ваенна-палітычны саюз, ні ў АДКБ, ні ў НАТА. Гэта значыць, за нейтральны статус.

Самаапраўданне

Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка інтуітыўна адчувае, што яго пазіцыя па адносінах да вайны Расіі супраць Украіны не падтрымліваецца большасцю грамадства. І нават у асяроддзі прыхільнікаў з гэтай нагоды ўзнікае шмат пытанняў. Таму яму даводзіцца зноў і зноў вяртацца да дадзенай тэмы і спрабаваць неяк паразумецца.

Асноўны змест лукашэнскаўскіх выступаў на святочных мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасці быў прысвечаны тлумачэнню ролі Беларусі ў вайне ва Украіне. І гэта тлумачэнне выглядала як апраўданне.

Лукашэнка фактычна прызнаў, што Беларусь разам з Расіяй апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Двое супраць 50 дзяржаў. Схаваць гэты факт ад сваіх прыхільнікаў немагчыма, нягледзячы на ўсю моц афіцыйнай прапаганды.

Здавалася б, беларусы прывыклі да міжнароднай ізаляцыі. Як кажа Лукашэнка, мы пастаянна знаходзімся пад санкцыямі. Аднак да гэтага часу гэтая ізаляцыя не занадта адчувалася на ўзроўні далёкага ад палітыкі абывацеля. Маўляў, ну і што, калі Лукашэнка не пускаюць у Еўропу?

Зараз гэтая ізаляцыя набыла новую якасць. Тут гаворка нават не аб эканамічных наступствах. Вайна ва Украіне многае змяніла. І гэтая ізаляцыя падчас вайны напружвае прыхільнікаў Лукашэнкі. Яны адчуваюць сябе некамфортна.

Лукашэнка гэта адчувае і спрабуе апраўдацца. Яго апраўданне заснавана на зусім штучным прапагандысцкім клішэ, у якім асноўным інгрэдыентам з'яўляецца тэма нацызму. Маўляў, усе заходнія краіны — нашчадкі фашыстаў, яны імкнуцца знішчыць славянскія народы; Украіна — таксама нацысцкая дзяржава; Беларусь і Расія, як сапраўдныя спадчыннікі пераможцаў у мінулай вайне, змагаюцца супраць гэтага зла, нясуць свету справядлівасць. Дзеля гэтага і ідзе вайна ва Украіне.

Гэтая сюррэалістычная, фантасмагарычная карціна свету дрэнна ўспрымаецца з пункту гледжання простага здаровага сэнсу і нават абывацельскай логікі. А прыхільнікам Лукашэнкі застаецца толькі свята верыць, не задумваючыся пра яе праўдападобнасць.

Лукашэнка і сам адчувае ўсю далікатнасць сваіх прапагандысцкіх канструкцый. І таму ён спрабуе неяк выкручвацца, прапаноўваючы супрацьлеглыя пастулаты. 2 ліпеня ён заявіў, што Беларусь не хоча ваяваць ва Украіне і там цяпер няма ніводнага беларускага жаўнера. А на наступны дзень ля мемарыяльнага комплексу «Курган Славы» Лукашэнка кажа: «Наш удзел у спецаперацыі мною вызначаны даўно. У першы дзень пачатку гэтай аперацыі». Прыхільнікам Лукашэнкі так і засталося незразумелым, удзельнічае Беларусь у вайне ва Украіне ці не?

Наступны прыём — ашаламіць людзей сенсацыйнай інфармацыяй. Дагэтуль Лукашэнка неаднаразова казаў, што, маўляў, Украіна збіралася напасці на Беларусь і Расію, але расійцы іх апярэдзілі. І папярэдзіў, што калі будзе з боку Украіны спроба ўдарыць па тэрыторыі Беларусі, напрыклад, па Мазыры (там нафтаперапрацоўчы завод), то адказ будзе вельмі жорсткім.

І тут жа паведаміў, што нібыта некалькі дзён таму ўкраінскія войскі атакавалі вайсковыя аб'екты Беларусі, але ўсе ракеты былі перахопленыя. То-бок гэта ўжо не планы або намеры. Паводле слоў Лукашэнкі, Украіна пачала сапраўдную ваенную атаку на Беларусь. І што? Дзе грозныя абяцанні даць жорсткі адказ? А нічога. Як звычайна, Лукашэнка заблытаўся ва ўласных прапагандысцкіх пабудовах.

Кранаюць хворы нерв

І яшчэ адна тэма вельмі турбуе Лукашэнку. У апошні час ён другі раз звяртаецца да яе. У СМІ, заявах многіх заходніх палітыкаў дамінуе думка, што Лукашэнка страціў уладу над Беларуссю, яна перайшла да Пуціна. А Лукашэнка застаецца толькі намінальным кіраўніком.

Лукашэнку гэта вельмі моцна кранае. Не толькі ў плане псіхалагічным, маўляў, як гэта мяне ўжо не прызнаюць за дыктатара Беларусі. Але і ў практычным плане. Калі гэтыя настроі шырока распаўсюдзяцца, то наменклатура пачне выходзіць з-пад кантролю. На мове паліталогіі гэта называецца легітымнасцю.

Вельмі магчыма, што яго лічаць марыянеткай Пуціна не толькі на Захадзе. Адсутнасць кантактаў афіцыйнага Мінска з якімі-небудзь значнымі замежнымі фігурамі, спыненне ўзаемных візітаў дае падставу меркаваць, што так ацэньваюць сітуацыю ў Беларусі і на ўсходзе, у краінах Азіі. Маўляў, які сэнс весці перамовы з лідарам і яго падначаленымі, калі яны нічога не вырашаюць.

І Лукашэнка гэты свой боль не можа схаваць. Ён вырываецца вонкі.

2 ліпеня ён заявіў, што праціўнікі «спрабуюць мяне тузаць за жывое». А, як вядома, для яго няма нічога больш жывога, чым тэма ўлады, прычым ўсеабдымнай. І ён імкнецца ўсяляк абвергнуць такія ўяўленні: «Але калі хтосьці думае, і гэта часта папісваюць сёння (я гляджу ў сродках масавай інфармацыі): "Усё, Беларусь акупаваная, Лукашэнка нічога не вырашае, уладаў у Беларусі ўжо няма, Пуцін тут ходзіць пешшу па Беларусі і ўсё вырашае... Ды там Лукашэнка ўжо гэтага няма, ён не прымае рашэння". Запомніце, ні адзін крок у Беларусі, асабліва сёння, не робіцца без згоды і патрабавання прэзідэнта Лукашэнкі. Так будзе, пакуль я прэзідэнт».

Калі чалавеку даводзіцца некалькі разоў запар даказваць свой магутны статус, гэта кажа пра многае. Таму што відавочныя рэчы не патрабуюць доказаў.