Карысныя ідыёты могуць выклікаць кантынентальны крызіс

Калі галандцы ў красавіку прагаласуюць на рэферэндуме супраць Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС, гэта можа прывесці да «кантынентальнага крызісу», папярэджвае старшыня  Еўракамісіі. 



oekraine_eu_protest.jpg

Крывізна агуркоў

Немагчыма горка не ўсміхнуцца, калі згадваеш, што яшчэ ў 2013 годзе галоўнай праблемай Еўропы быў усяго толькі даўгавы крызіс Грэцыі. Важданіна вакол яго займала розумы шараговых еўрапейцаў, прымушала іх вохкаць, бурчэць і аддавацца паныламу еўраскептыцызму. 

Не менш панылымі былі і размовы пра «дыктатуру брусэльскіх бюракратаў». Якія вяліся ў сувязі са спробай забараніць у рэстарацыях ад Афінаў да Хельсінкі падаваць аліўкавы алей у ёмістасцях шматразовага выкарыстання. Замест гэтага ўстановы грамадскага харчавання меліся перайсці або на аднаразовыя пакецікі, або на запячатаныя бутэлькі. Пасля граду крытыкі і кпінаў Еўракамісія ўсё-ткі вырашыла адступіць, але еўраскептыкі паспелі добра павесяліцца, згадаўшы пра «дапушчальную крывізну агуркоў». Патрабаванне, якое калісьці было ўлюбёнай страшылкай-жартам крытыкаў ЕС, сімвалам залішняга, дробязнага кантролю. 

Новая кроў для Еўропы

Здавалася, што Еўропа на вачах старэе, слабее, упадае ў маразм, губляе ўсялякую прывабнасць... і хутка ўсё скончыцца, як скончыўся свет у паэме Томаса Эліата «Полыя людзі», — «не выбухам, але ўсхліпам».

І тут пасля адмовы Януковіча падпісваць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, пра перавагі якой ён прагудзеў украінцам усе вушы, здараецца Еўрамайдан. Мільённы натоўп сімвалам надзеі на лепшую долю абірае еўрапейскі сцяг. Які зусім нядаўна з энтузіязмам палілі ў Грэцыі, калысцы Еўропы, дзе не жадалі ахвяраваць сваімі выплатамі і льготамі. Змагаючыся пад тым самым сцягам з бязглуздай і агіднай аўтакратыяй, украінцы ахвяруюць сваімі жыццямі. 

Яны літаральна «ўліваюць новую кроў» у Еўропу. Пра што ў парыве ідэалізму з захапленнем кажуць еўрапейскія палітыкі. 

Галандцаў не спыталі

Але калі перыяд першага захаплення прайшоў і прыйшла чарга афіцыйнага афармлення новых  адносінаў, ідэалізм змяніўся на Realpolitik. Нягледзячы на анексію Крыма і «гібрыдную вайну» на Данбасе  — што было пакараннем Украіны з боку Расіі за жаданне быць разам з Еўропай, — ЕС пайшоў насустрач патрабаванню Расіі адкласці імплементацыю Пагаднення да 1 студзеня 2016 года. Бо ёй нібыта патрэбны быў час для падрыхтоўкі, каб не панесці вялікія страты. 

Ну вось, ужо 2016 год на двары, Пагадненне набыла моц, але... толькі часова. Для таго, каб Пагадненне запрацавала напоўніцу, усе дзяржавы-чальцы ЕС павінны яго ратыфікаваць. На ўзроўні парламентаў, урадаў, прэзідэнтаў і нават манархаў яно было ратыфікаванае. І гэтага было б дастаткова, каб галандцы раптам не вырашылі, што іх не спыталі. Ім захацелася самім, праз рэферэндум, выказацца, ці патрэбная ЕС асацыяцыя з Украінай. 

Дзвесце гадоў без рэферэндуму

Што цікава, галандцаў дзвесце гадоў ніхто не пытаў. З пяці папярэдніх рэферэндумаў у галандскай гісторыі чатыры адбыліся ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў (1797, 1798, 1801, 1805 гг.).

У тыя часы гэта была не Галандыя, а Батаўская рэспубліка, утвораная ў выніку рэвалюцыі пры падтрымцы французскіх войскаў. Усе чатыры рэферэндумы датычыліся прыняцця Канстытуцыі. На першым 79,55% выбарцаў прагаласавалі супраць яе чарнавога варыянту. Галоўнае пытанне было ў тым, будзе краіна федэратыўнай ці ўнітарнай. Да галасавання на наступным рэферэндуме дапусцілі толькі прыхільнікаў унітарнай краіны, тады 99,92% прагаласавалі «за». На наступных двух рэферэндумах таксама галасавалі «за» новыя варыянты Канстытуцыі, якую няўрымслівым французам, а Батаўская рэспубліка была фактычна васалам Францыі, чамусьці так часта хацелася мяняць. 

Пасля чаго рэферэндумаў не было на працягу двухсот гадоў. Пэўна, галандцаў тое не вельмі хвалявала, бо навошта такія рэферэндумы, калі ўсё роўна атрымліваюцца  «ярмошынскія» вынікі і ўсе галасуюць «за».

Як толькі з'явілася магчымасць, а яна з'явілася праз дзвесце гадоў, галандцы адразу ж прагаласавалі «супраць», у тым выпадку супраць праекту Еўрапейскай Канстытуцыі. Хаця патрэбы ў тым рэферэндуме не было, бо раней ужо супраць прагаласавалі французы, і гэтага было дастаткова, каб Канстытуцыя не была прынятая. 

Прагаласавалі хоць і «супраць», але зноў гэтак жа сама, як хацелася французам. Ну што ты паробіш.  

Пуцінскія «карысныя ідыёты»          


Цяперашні рэферэндум — ініцыятыва GeenPeil, палітычнага адгалінавання медыяплатформы правых папулістаў GeenStijl. Створанае Forum voor Democratie, еўраскептычным «мазгавым цэнтрам», заснавальнік якога, Цьеры Бодэ, назваў ЕС «замежнай акупацыйнай сілай», і Burgercomité EU, рухам за  арганізацыю рэферэндуму аб выхадзе Галандыі з ЕС. 

Многія эксперты настойваюць на тым, што GeenPeil насамрэч мала хвалюе Украіна. Гэта, маўляў, проста збег абставін — якраз у мінулым годзе быў прыняты закон аб кансультатыўных рэферэндумах, згодна з якім грамадзяне могуць ініцыяваць рэферэндум, сабраўшы 300 тысяч подпісаў, а Пагадненне аб асацыяцыі падпадае пад крытэрыі закону. Яны хочуць не столькі заблакаваць Пагадненне (чаго «Брусэль усё роўна ніколі не дасць зрабіць», паводле іхніх словаў), колькі  выкарыстаць гэтае пытанне як падставу для больш шырокай дыскусіі — стаўлення да ЕС і яго палітыкі ў цэлым. У імя дэмакратыі і на знак пратэсту супраць усё той жа «дыктатуры брусэльскіх бюракратаў».

Як выказаўся Найджэл Фэредж, лідар Партыі незалежнасці Аб'яднанага Каралеўства (UKIP): «Гэтая ініцыятыва дэманструе, што многія народы ў Еўропе, не толькі брытанцы, стаміліся ад недэмакратычнага ЕС». 

Але ў сваёй кампаніі па правядзенні рэферэндуму яны прапіхваюць пуцінскую прапагандысцкую павестку. Кажучы пра імкненне ЕС і NАТА «анексаваць» Украіну. Апісваючы «гвалтоўныя дэманстрацыі на Майдане» як вынік менавіта Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС. Бо Пагадненне  — першы крок Украіны да сяброўства ў ЕС, а сяброўства Украіны ў ЕС пагражае суверэнітэту Расіі. Ну і, натуральна, кажучы пра «радыкальных нацыяналістаў з нацысцкімі тэндэнцыямі», якія прыйшлі да ўлады ва Украіне. Расійскі прэзідэнт, сцвярджаюць яны, не мог цярпець падобнае развіццё падзеяў «на сваім парозе». Ён вымушаны быў анексаваць Крым і развязаць «гібрыдную вайну» на Данбасе. І ва ўсім гэтым вінаваты... еўрапейскі «экспансіянізм». Вось калі б Еўропа не цягнула сваіх рук да Украіны, не было б зараз новай «Халоднай вайны» і «супрацьстаяння ідэалогіяў». І MH-17 не збілі б над Данбасам.

«Нібыта ўключыў расійскі тэлевізар», — характарызуе гэтую рыторыку галандскае выданне de Volskrant, называючы ініцыятараў рэферэндуму «пуцінскімі карыснымі ідыётамі». 

Трэба дадаць, што Герт Вілдэрс, лідар папулісцкай антыеўрапейскай і антыміграцыйнай партыі PVV, які бярэ ўдзел у канферэнцыях разам з прадстаўнікамі «Адзінай Расіі» і падтрымлівае стасункі з Марын Ле Пэн, французскай нацыяналісткай, чыя партыя фінансуецца за расійскія грошы, таксама актыўны прыхільнік кампаніі і будзе заклікаць сваіх выбарцаў галасаваць на рэферэндуме супраць Пагаднення.

Улічваючы, што PVV, згодна з апытаннямі грамадскай думкі, карыстаецца сёння ў Галандыі вялікай папулярнасцю, рэферэндум зусім не такі «бяскрыўдны», якім яго спрабуюць часам прадставіць.

Хіпстэры еўрапейскага неўрозу

Насамрэч ёсць вельмі вялікая верагоднасць, што галандцы прагаласуюць супраць ратыфікацыі Пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС. Аб гэтым ускосна сведчаць дадзеныя апытання, згодна з якім 73% галандцаў выступаюць супраць сяброўства Украіны ў ЕС. І хаця пра сяброўства  гаворка зараз не ідзе, гэта дае некаторае ўяўленне аб асцярогах, звязаных з паглыбленнем сувязяў з Украінай. Апроч таго, ініцыятары рэферэндуму, як згадвалася вышэй, прадстаўляюць Пагадненне як першы крок да сяброўства, якое пагражае суверэнітэту Расіі. Адпаведна, Пагадненне аб асацыяцыі тоіць у сабе пагрозу ўцягвання Галандыі ў канфлікт з Расіяй на баку Украіны. Галандскаму выбаршчыку, верагодна, менш за ўсё хочацца такога канфлікту. 

Хаця Галандыя з'яўляецца адным з заснавальнікаў ЕС, выглядае на тое, што ў такой вялікай і разнастайнай кампаніі гэтай багатай і дасюль стабільнай краіне цяпер не вельмі ўтульна. Невыпадкова тут падхапілі былі ідэю «неўра» — адзінай валюты толькі для паўночнаеўрапейскіх краінаў, пазбаўленай паўднёвай нядбайнасці грэкаў і італійцаў. Або «міні-Шэнгена» — толькі для краінаў Бенілюкса, Германіі і Аўстрыі.  

«Лічыце іх хіпстэрамі еўрапейскага неўрозу», — піша The Economist  пра галандцаў, маючы на ўвазе пачуццё моды і трэнду. Яны ўжо даўным-даўно хваляваліся і перажывалі з нагоды тых праблемаў, якія астатніх еўрапейцаў толькі пачалі турбаваць. 

Няхай прабачаць мяне хіпстэры, але, на мой погляд, яны таксама даволі слабыя, «аранжарэйныя» істоты, схільныя праз гэтую сваю якасць залішне панікаваць, сутыкаючыся з небяспекай, і бегчы ад яе. 

Пагроза «кантынентальнага крызісу»   

Украіна заспакойвае сябе тым, што рэферэндум мае статус «кансультатыўнага». Ратыфікаваць Пагадненне ці не, маўляў, усё роўна будзе парламент, таму баяцца няма чаго. Аднак усё не так проста. Хаця партыі кіруючай кааліцыі падтрымліваюць Пагадненне, яны не змогуць проста ігнараваць вынікі рэферэндуму, калі выбаршчыкі прагаласуюць супраць. Асабліва зважаючы на імклівы рост папулярнасці папуліста Вілдэрса. 

Няпэўнасць сітуацыі насамрэч даволі драматычная.

Нездарма Жан-Клод Юнкер у інтэрв'ю галандскаму выданню NRC, якое старшыня Еўракамісіі даў у суботу, абмаляваў сітуацыю ў апакаліптычных танах, кажучы пра наступствы магчымага адпрэчвання Пагаднення з Украінай. 

«Калі гэта здарыцца, такі вынік адчыніць дзверы кантынетальнаму крызісу. Расія пажне плады лёгкай перамогі...» — сказаў Жан-Клод Юнкер.

Ён заклікаў галандскім выбаршчыкаў быць адказнымі, мысліць стратэгічна і зразумець, што яны — гэта і ёсць Еўропа.