Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна, але...

"Я пакідаю брытанска-беларускія адносіны ў значна лепшым стане, чым гэта было, калі я пачынаў працу", — заявіў у эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі Брус Бакнел, які завяршае сваю працу ў Беларусі.



baknel_5.jpg

Фота з сайта belapan.by
Паводле слоў дыпламата, яму не ўдалося рэалізаваць усё, што ён планаваў, калі прыехаў у Беларусь у ліпені 2012 года, але пэўныя поспехі ёсць. "Для мяне, як і для іншых маіх калег, вялікім поспехам стала ўваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс. Гэта знак прагрэсу, прамень святла, гэта значыць больш блізкіх адносінаў. Калі Беларусь лічыць сябе еўрапейскай краінай, хоча далучыцца да еўрапейскіх інстытутаў, яна павінна адпавядаць пэўным патрабаванням і выконваць пэўныя абавязацельствы. Савет Еўропы — гэта адна з гэтых арганізацый, а Балонскі працэс у цэлым — гэта еўрапеізацыя Беларусі", — сказаў Бакнел. 
Сярод іншых важных падзей пасол назваў аднаўленне дзейнасці Брытана-беларускай гандлёвай палаты. "Гэта вельмі добра, таму што ёсць арганізацыя для прасоўвання гандлю паміж Вялікабрытаніяй і Беларуссю", — адзначыў дыпламат. 
Але самым важным дасягненнем для сябе і іншых еўрапейскіх паслоў, якія працуюць у Беларусі, Брус Бакнел назваў паляпшэнне адносінаў паміж Мінскам і Бруселем. "Але гэта — працэс. Дыпламатыя — гэта бясконцы працэс. У нас ідзе паступовае, павольнае паляпшэнне адносінаў. Гэта для мяне самы галоўны поспех тут, у Беларусі", — падкрэсліў пасол. 
Пры гэтым ён адзначыў, што праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і ЕС засталіся. "Калі я сустракаўся ўчора (5 студзеня. — БелаПАН.) з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, мы іх абмяркоўвалі. Гаварылі аб тым, што хутка будзе апублікавана справаздача БДІПЧ АБСЕ аб мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і рэкамендацыі аб тым, што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў Беларусі з палітычнымі партыямі і палітычнай дзейнасцю. Мы гаварылі і аб праблеме смяротнай кары", — расказаў Бакнел. 
"Я думаю, што Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна. Але ёсць шлях да Еўропы, а значыць павінны быць паляпшэнні ў пытанні правоў чалавека, дэмакратыі. Канешне, больш свабоды — гэта лепш, але ў любым выпадку гэта паступовы працэс, крок за крокам", — дадаў брытанскі дыпламат. 
Сваю дыпламатычную місію ў Беларусі Брус Бакнел завяршае 15 студзеня. Новым паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі прызначана Фіёна Гіб, якая, як чакацца, прыедзе ў Мінск у канцы студзеня.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН