Надзея Саўчанка галадае ў расійскай турме 25 дзён
Украінская грамадзянка, народны дэпутат Украіны Надзея Саўчанка, якую выкралі і ўтрымліваюць у расійскім СІЗА, працягвае галадоўку; інфармацыі пра пагаршэнне стану яе здароўя няма.
Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «112» заявіў адвакат Саўчанкі Марк Фейгін.
«Трэба сказаць, што цяпер яна трымаецца вельмі добра. Яна рыхтавалася да галадання, ела, набірала вагу, каб цяпер яе страчваць. Пакуль нічога, што можа выклікаць асцярогі за стан яе здароўя, нам невядома», — адзначыў ён.
Паводле слоў адваката, сустрэча з падабароннай чакаецца 11–12 студзеня, «адпаведна будзе новая інфармацыя пра стан яе здароўя».
На мінулым тыдні прадстаўнік грамадска-назіральнай камісіі Растоўскай вобласці Расіі Леанід Пятрашыс паведамляў, што Саўчанка п’е толькі ваду, і яе стан здароўя пакуль не выклікае боязі.
7 снежня 2015 году суд у горадзе Данецку Растоўскай вобласці падоўжыў арышт грамадзянкі Украіны Надзеі Саўчанкі да 16 красавіка 2016 году. Ад 18 снежня Саўчанка абвясціла галадоўку пратэсту. Паводле словаў адвакатаў, пасля абвяшчэння прысуду ўкраінка плануе абвясціць сухую галадоўку, патрабуючы вызвалення.
Надзею Саўчанку ў Расіі абвінавачваюць у забойстве двух супрацоўнікаў расійскага тэлебачання, а таксама ў замаху на забойства групы сепаратыстаў і незаконным перасячэнні расійскай мяжы.
Саўчанка і яе абарона абвінавачванні адкідаюць і заяўляюць, што на момант гібелі расійскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сепаратысты, а потым гвалтам пераправілі яе ў Расію.