«Клікаць на Плошчу пасля Майдана стане яшчэ цяжэй»

Беларускі рэжым, мяркуе Валер Карбалевіч, «вынес для сябе з украінскіх падзей вельмі просты ўрок: душыць!».



vozhyk_na_maidane1.jpg

Ва Украіне Віктар Януковіч просіць апазіцыю даць паўгода на змяненне канстытуцыі, але яго праціўнікі на такую ​​зацяжку не згодныя: максімум тыдзень!
Аляксандр Лукашэнка мяняў і Асноўны, і іншыя законы па сваім жаданні, але каб пад дыктоўку «пятай калоны» - гэта пакуль наўрад ці можа прысніцца яму нават у дурным сне.
Яшчэ не вядома, чым скончыцца заварушка ва Украіне, але беларуская ўлада высновы ўжо зрабіла, перакананыя эксперты. Дакладней, зацвердзілася ў сваіх прынцыпах.
Галоўны ўрок: не віляць, як Януковіч, а душыць пратэсты ў зародку.

Драйв для апазіцыі, жах для абывацеля


Беларускія апазіцыйныя лідэры і актывісты адзначыліся на кіеўскім Майдане, падзарадзіліся яго энэргетыкай. Зараз іншыя захапіліся рамантызацыяй тамтэйшых падзей (балазе на маніхейскія схемы ласыя і некаторыя недзяржаўныя СМІ). Але гэта можа ўдарыць бумерангам падчас прэзідэнцкай кампаніі 2015 года ў сябе дома.

Тое, што для апазіцыйных лідэраў - драйв, для абывацеля - жах. У гэтым плане трагічныя моманты супрацьстаяння ў суседняй краіне - хутчэй на руку беларускай афіцыйнай прапагандзе.


Тым больш што Майдан пярэсты, не надта кіруемы, і сярод дзеючых там сіл, фігур вылучаюцца і такія, лозунгі якіх як мінімум далёкія ад ідэй еўраінтэграцыі.
Першапачатковы мірны Майдан, на думку мінскага палітолага Валерыя Карбалевіча, для многіх беларусаў прыйшоўся па душы: глядзіце, народ не баіцца, паказвае ўладзе, чаго ён хоча.
«Але як толькі пайшоў сілавы сцэнар, абывацель быў вельмі напалоханы, тым больш што асноўную інфармацыю ён атрымлівае ад беларускіх і расійскіх тэлеканалаў, якія затаўравалі гэтую сітуацыю як гвалт з боку «фашыстаў», «бандэраўцаў», - адзначыў Карбалевіч у каментары для Naviny.by.
Апошнія падзеі ва Украіне спрацавалі на карысць беларускай улады, супраць апазіцыі, супраць публічных пратэстаў, робіць выснову суразмоўца.

Паводле яго слоў, «цяпер улада, душачы любыя пратэсты, будзе паказваць пальцам на Украіну: вы хочаце такога вось?».


Сапраўды, надаць Майдану негатыўныя канатацыі, згуляўшы не толькі на схільнасці абывацеля да стабільнасці, але і на абвостранай гістарычнай памяці беларусаў пра жахі нацызму, - гэтай магчымасці беларускія дзяржСМІ не выпусцяць.

Клікаць на Плошчу стане яшчэ цяжэй


У цэлым жа беларускі рэжым, мяркуе Карбалевіч, «вынес для сябе з украінскіх падзей вельмі просты ўрок: душыць!».
«Лукашэнка - чалавек просты, складанымі схемамі сябе не абцяжарвае», - кажа аналітык. Таму беларускі кіраўнік будзе схільны «даваць карт-бланш сілавым структурам і не асуджаць іх, нават калі перагнуць палку». Не стане лавіраваць, як украінскі калега, які спачатку зачысціў Майдан, а потым стаў казаць, што такога загаду не даваў, шукаць вінаватых сярод сілавікоў.

Увогуле, клікаць на Плошчу ў 2015 годзе беларускай апазіцыі стане яшчэ цяжэй. Тым больш што і сілавы кулак уладаў будзе напагатове.


Калі пасля 2004 года праціўнікі Лукашэнкі спрабавалі ў пэўнай ступені капіяваць сцэнар ўкраінскай аранжавай рэвалюцыі, то «цяпер ніхто з апазіцыі не сказаў: кіеўскі варыянт - гэта тое, што нам трэба», адзначыў у каментары для Naviny.by палітолаг Юрый Чавусаў.
Паводле яго слоў, цяпер у Кіеве беларускія апазіцыянеры маюць магчымасць «падыхаць паветрам рэальнай палітычнай барацьбы». Але беларуская сітуацыя ад украінскай карэнным чынам адрозніваецца. Малаверагодна, што да 2015 года ў Беларусі ўзнікне арганізацыя тыпу «Правага сектара» (які паказаў сябе ў сутыкненнях з сілавікамі ў Кіеве), што ў тутэйшай апазіцыі хопіць палітычнай волі сабраць такі доўгачасовы Майдан, мяркуе Чавусаў.
Да таго ж «яшчэ застаецца боль Плошчы 2010 года, не выйшлі на волю Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў», - дадае суразмоўца, называючы прозвішчы палітвязняў. І пакуль не чуваць, каб нехта з палітыкаў рэальна заявіў пра намер арганізаваць Плошчу- 2015, падкрэсліў Чавусаў.

Рэвалюцыі заўсёды пачынаюцца раптам 


Адзін з урокаў Майдана, на думку Валерыя Карбалевіча, у тым, што «народны выбух - сітуацыя абсалютна непрагназуемая». 


Сапраўды, хто б мог падумаць, што штуршком да такой хвалі пратэстаў (сёння адны кажуць пра рэвалюцыю, іншыя - пра перадпачатак грамадзянскай вайны) стане адмова Януковіча падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС! Глядзіце: прэзідэнт Арменіі, краіны таксама далёка не багатай, перад Віленскім самітам аналагічна рэзка змяніў курс на прарасійскі - але такіх пратэстаў не атрымаў. 

Беларускія ўлады, якія даўно асядлалі выбарчы працэс, упэўненыя ў спрыяльных для сябе афіцыйных лічбах галасавання. Але вось непадкантрольная вуліца нервуе.


Таму гэтак жорстка падаўляліся летам 2011 года «маўклівыя пратэсты», калі на вуліцы беларускіх гарадоў выходзілі хіпстэры і іншыя «батаны», зусім не падобныя на кіеўскіх барыкадных байцоў з кактэйлямі Молатава.

Таму гэтак «наехалі» цяпер (ужо дваім далі суткі) на фанатаў БАТЭ, якія стварылі флэш-моб з плакатамі ў падтрымку ўкраінскай барацьбы. 


Таму забараняюць пікеты, высякаюць з мясцовых выбараў апазіцыйных лідэраў (асабліва вопытных выступоўцаў) - Анатоля Лябедзьку, Алеся Лагвінца і іншых: не даць нават найменшага плацдарма для апрацоўкі дрымотных абывацельскіх мазгоў шкоднымі ідэямі «пятай калоны»!
Лукашэнка паспрабуе выціснуць з Масквы максімум рэсурсаў на «падмазку» кампаніі 2015 года, падкінуць электарату грашанят, нават калі прыйдзецца злоўжыць друкаваным станком (гэта вылезе бокам ўжо пасля выбараў).
Улады ўсяляк будуць падаграваць раздрай ў і без таго саслабленай апазіцыі, а пры складанай эканамічнай сітуацыі могуць абыйсціся рэгістрацыяй кандыдатамі ў 2015 годзе толькі парачкі відавочных спарынг-партнёраў дзеючага прэзідэнта. 

Улада трапіла ў вілку


Ну а самае галоўнае - нязменны прэзідэнт не дасць зварыцца таму пажыўнаму палітычнаму булёну, у якім стаў магчымым цяперашні ўкраінскі пратэст. Бо там апазіцыянеры маюць фракцыі ў Вярхоўнай радзе, моцную медыйную падтрымку, а пратэсты падаграваюцца і праз алігархаў, незадаволеных тым, што «Сям'я» хоча падмяць пад сябе ўсё.
Лукашэнка будзе і надалей стрымліваць прыватызацыю, размыванне масіва дзяржаўнай уласнасці, каб не намалявалася ніякіх багачоў, якія граюць у цёмную. Будзе трымаць у чорным целе наменклатуру, каб баяліся перабегчы. Нездарма палітолагі дзяўбуць, што рэвалюцыі перамагаюць пры расколе кіруючай эліты. 
Малаверагодна, што Лукашэнка пойдзе хоць бы на стварэнне партыі ўлады, бо пад яе трэба пашыраць палітычную прастору. Апазіцыянераў не пусцяць нават у мясцовыя саветы, не кажучы ўжо пра парламент.

І тое, што кааліцыйны праект «Народны рэферэндум» разлічаны на тры электаральных кампаніі, уключаючы выбары ў Палату прадстаўнікоў 2016 года, ускосна паказвае: ніякіх пераможных планаў у беларускай апазіцыі на аглядную перспектыву няма. 


Зрэшты, на Украіне Майдан паўстаў, падобна, зусім не ў выніку нейкіх геніяльных планаў апазіцыйных лідэраў. Хутчэй, наадварот, вуліца прымусіла пярэстую тройку Клічко - Яцанюка - Цягнібока дзейнічаць больш рашуча, мэтанакіравана.
Але беларусы сёння спяць. Улада настолькі адбіла ў іх ахвоту да палітыкі, што цяпер ужо вымушана вуснамі прэзыдэнта ледзь не ўпрошваць прыйсці на мясцовыя выбары 23 сакавіка. На прэзідэнцкіх выбарах яўка тым больш патрэбна - для прэстыжу, падтрымання міфа аб усенароднай падтрымцы афіцыйнага курсу. 
Такім чынам улада трапіла ў вілку: трэба было б і злёгку разварушыць канчаткова паўпадалы ў пафігізм электарат - і ў той жа час важна не запусціць у масу вірус палітызацыі. Каб да скрыняў для галасавання ішлі натоўпам, але - як зомбі.

Аляксандр Класкоўскі, naviny.by