У Кіеве разграмілі два рэстарана людзі, апранутыя, як пратэстоўцы
У Кіеве разграмілі два рэстарана людзі з бітамі, апранутыя ў «камуфляж» і каскі.

Як паведамляе Segodnya.ua, ва установе «Опанас» разбілі вокны, дзверы, знялі сцяг Украіны і забралі яго з сабой. Акрамя таго, у рэстаране «Mai Tai Lounge Kyiv» разбілі дзверы, вітрыны і балончыкамі напісалі «Байкот». Падчас пагрому маладзёны выкрыквалі, што гэта папярэджанне ўладальнікам. Як мяркуецца, рэстарацыі належаць дэпутатцы ад КПУ.
Выданне піша, што ўсё гэта зрабілі «нацыяналісты». Аднак звяртаюць на сябе ўвагу шэраг дзіўных фактаў. Па-першае, некаторыя пагромшчыкі апранутыя ў лёгкія красоўкі, а гэта зусім не дрэскод майданаўскіх байцоў, бо ў такім абутку на Майдане замерзнеш за паўгадзіны. Па-другое, пра дату і час акцыі ведала толькі праўладнае выданне, спакойна фатаграфавалі, і ніхто не выклікаў міліцыю. Па-трэцяе, гэта нагадвае хутчэй імітацыю пагрома, чым сапраўдны пагром.
Таму вельмі верагодна, што адбылася правакацыя з мэтай дыскрэдытацыі Майдану.