Знайшоўся сведка забойства Міхаіла Жызнеўскага ў Кіеве

Тым часам як украінская міліцыя і пракуратура дагэтуль не могуць выявіць сведкаў забойства з агнястрэльнай зброі беларуса Міхаіла Жызнеўскага, журналісты кіеўскага тэлеканала
«1+1» правялі сваё расследаванне і знайшлі актывіста Майдана, які быў з Міхаілам у апошнія хвіліны жыцця і ўсё бачыў на свае вочы.



Журналісты запісалі інтэрв'ю з Тарасам Кабялкам, сябрам Міхаіла Жызнеўскага, які быў з ім у адным шэрагу пад час сутычак са спецназам 22 студзеня на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, і які бачыў як куля трапіла ў сэрца беларуса.

Тарас Кабялка зараз знаходзіцца ва Украінскім доме разам з іншымі мітынгоўцамі. Ён распавёў:
 
 
«22 студзеня нас абудзілі раніцай, мы выступілі 10 чалавек, ішлі з двума драўлянымі шчытамі. І калі прыбеглі на вуліцу Грушэўскага, то сталі ў першым шэрагу».
 
 
Пасьля весткі пра смерць першай ахвяры сутычак Сяргея Нігаяна, які быў забіты каля 6-й раніцы, сярод мітынгоўцаў была разгубленасць. Гэта выкарыстаў «Беркут», які пайшоў у атаку і заняў ды пачаў разбіраць барыкады мітынгоўцаў. Але калі з Майдана незалежнасці падышла дапамога, «Беркут» адышоў назад.
 
 
Калі «Беркут» адступіў, мітынгоўцы вырашылі заняць старыя пазыцыі, сярод іх у першым шэрагу былі Жызнеўскі з Кабялкам. Апошні працягвае расповед:
 
 
«У той момант, калі яны адступілі за аўтобусы, мы пайшлі героямі з крыкамі, з воклічамі, пабеглі за імі…
 
 
І Міша пайшоў, стаў паміж двума аўтобусамі, закрыў дзірку, каб адтуль не стралялі».
 
 
Драўляны шчыт добра абараняў ад гумовых куль, але раптам Міхаіл Жызнеўскі ўпаў на вуліцу Грушэўскага.
 
 
«І ў трох метрах, калі пачалі гранаты шашкі, выстралы, я ўбачыў, што ён упаў. Мы падбеглі, падбегі лекары і забралі яго ў медпункт… Цела падала спіной назад у бок Украінскага дома… У шчыце была вялікая дзірка. Куля прыляцела з іх боку»,— распавёў Тарас Кабялка.
 
 
Паводле рэканструкцыі тых падзей, зробленай журналістамі «1+1», металічная куля прыляцела ў Міхаіла Жызнеўскагаз боку шэрагаў спецназу.
 
 
Пра гэта ж сведчыць і доктар Ігар Ількіў, які першым агледзеў рану Міхаіла, і які таксама даў інтэрв'ю заявіў «1+1».
 
 
Журналісты таксама пагутарылі са спецыялістамі ў галіне зброі, якія засведчылі ім, што ў стрэльбы 12 калібру, якія ёсць на ўзбраенні «Беркута» і з якіх прыстасаваныя пад гумовыя кулямі, можна страляць і металічнай карцеччу, якой былі забітыя Жызнеўскі і Нігаян.
 
 
Паводле Ігара Ільківа, лекара Майдана, 22 студзеня было шмат параненых, кантужаных, атручаных газамі, — усяго 159 параненых.
 
 
Каля 9-й раніцы ў медычны пункт занесьлі беларуса Міхаіла Жызнеўскага, праз паўгадзіны Ількіў зафіксаваў ягоную біялягічную смерць. Трэці забіты куляй Раман Сенік яшчэ некалькі дзён змагаўся за жыццё, але таксама памёр.
 
 
Прадстаўнікі МУС Украіны заяўляюць, што сведчаньняў забойства мітынгоўцаў у іх няма. Прадстаўнікі праўладнай Партыі рэгіёнаў заяўляюць, што 22 студзеня целы забітых маглі прынесьці аднекуль на вуліцу Грушэўскага.
 
 

svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: