Азараў падаў у адстаўку "дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту"
Прэм’ер Мікалай Азараў падаў у адстаўку. Пра гэта паведамляе прэс-служба Кабінета міністраў Украіны.

Мікалай Азара
«З мэтай стварыць дадатковыя магчымасці для грамадска-палітычнага кампрамісу, дзеля мірнага ўрэгулявання канфлікту, я прыняў асабістае рашэнне прасіць прэзідэнта прыняць маю адстаўку з пасады прэм’ер-міністра», — гаворыцца ў заяве Азарава.
Азараў перакананы, што «канфліктная сітуацыя, якая склалася ў дзяржаве, пагражае эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю Украіны»:
«Урад падчас супрацьстаяння рабіў усё для мірнага вырашэння канфлікту. Мы рабілі і робім усё , каб не дапусціць кровапраліцця, эскалацыі гвалту, парушэння правоў грамадзян. Урад забяспечваў функцыянаванне эканомікі і сістэмы сацыяльнай абароны ў экстрэмальных умовах.
Аднак, вастрыня і небяспека канфлікту для нашых грамадзян, для лёсу Украіны патрабуюць дадатковых адказных крокаў.
Усе гэтыя цяжкія гады я рабіў усё для таго, каб Украіна магла нармальна развівацца як дэмакратычная еўрапейская дзяржава. Я прымаў рашэнні і браў на сябе адказнасць у інтарэсах народа Украіны. І таму магу сумленна глядзець у вочы кожнаму грамадзяніну нашай дзяржавы, кожнаму суайчынніку».
Азараў выказвае ўдзячнасць прэзідэнту Віктару Януковічу, дэпутатам Вярхоўнай Рады і грамадзянам, якія іх падтрымлівалі:
"Сёння самае важнае — захаваць адзінства і цэласнасць Украіны. Гэта значна важней, чым чые-небудзь асабістыя планы або амбіцыі. Менавіта таму я прыняў гэтае рашэнне",— заключае Азараў у сваёй заяве.