«Кожны дзень у СІЗА можа стаць для Паўла апошнім»
Здароўе Паўла Грыба – украінскага юнака, выкрадзенага ФСБ у Беларусі – значна пагоршылася.
Здароўе Паўла Грыба – украінскага юнака, якія быў выкрадзены расійскімі спецсцлужбамі ў Беларусі і змешчаны пад варту ў Краснадары – рэзка пагоршылася. Як паведамляе адвакат і родныя маладога чалавека, існуе сапраўдная небяспека для яго жыцьця. Ніякай медыцынскай дапамогі маладому чалавеку не аказваюць, а расійскі суд не пагаджаецца змяніць меру ўстрымання. Пра тое, што цяпер адбываецца з Паўлам Грыбам, высьвятляў Аляксандар Папко.
«Жыццё Паўла ў небяспецы, кожны дзень у СІЗА можа стаць для яго апошнім». Пра гэта паведаміла Вольга Грыб, сястра 19-гадовага ўкраінца, якога расійскія спэцслужбы выкралі ў Гомелі, вывезлі на тэрыторыю Расіі і зьмясьцілі пад варту па абвінавачанні ў падрыхтоўцы тэракту.
Малады чалавек, які мае хранічнае захворванне печані, знаходзіцца ў СІЗА расійскага Краснадару ўжо пяць месяцаў. Пагаршэнне стану здароўя Паўла Грыба пацвярджае яго адвакат Марына Дубровіна.
Марына Дубровіна: У цяперашні час Павал не прымае ніякіх лекаў, і таму яму перыядычна становіцца вельмі-вельмі дрэнна, а пазней сітуацыя выроўніваецца. Я настойвала на тым, каб яму змянілі меру ўтрымання, бо ва ўмовах следчага ізалятару ніякага спосабу атрымаць медыкаменты ў Паўла няма.
Паводле звестак, якія атрымала сям’я Паўла Грыба, хлопец выглядае вычарпаным, пастаянна скардзіцца на болі ў жываце. Існуе небяспека, што ў яго адкрыецца ўнутранае крывацячэнне.
Да маладога чалавека не дапусцілі ўкраінскіх лекараў, а расійская медыцынская камісія сцьвярджае, што хлопец здаровы. За пяць месяцаў Паўлу Грыбу ані разу не дазволілі ўбачыцца з роднымі. Як кажа сястра арыштаванага Вольга Грыб, узамен за сустрэчу следчы запатрабаваў ад маці Паўла Грыба даць сведчанні.
Вольга Грыб: Незаконным чынам, без прысутнасці адваката, следчы намагаўся атрымаць ад яе звесткі. Маці адмовілася ісці з ім на супрацоўніцтва, даваць якія заўгодна паказанні. Тады следчы заявіў, што сустрэчы з Паўлам не будзе да таго моманту, пакуль яна не дасць паказанні.
Забарона сустракацца з блізкімі фактычна з'яўляецца адной з формаў псіхалагічнага ціску, якія аказваюць на Паўла – мяркуе адвакат Марына Дубровіна.
Марына Дубровіна: Сустрэчы знаходзяцца ў руках следчага. Калі ён палічыць патрэбным – ён дасць дазвол на сустрэчу, калі не палічыць – не дасць. Па вялікім рахунку, гэта таксама спосаб ціску.
Суд у Краснадары працягнуў тэрмін утрымання Паўла пад вартай да 4 сакавіка. Суддзі адхілілі ўжо другую па ліку апеляцыю на змену меры стрымання, пададзеную адвакатам Паўла Грыба.
Малады чалавек быў выкрадзены расійскімі спецслужбамі ў Гомелі 24 жніўня. У Беларусь ён прыехаў па просьбе дзяўчыны – расійскай школьніцы Таццяны, з якой ён перапісваўся ў сацыяльных сетках. ФСБ Расіі завяло супраць хлопца крымінальную справу па артыкуле «Тэрарыстычны акт». Паводле заяваў сьледства, Павал з дзяўчынай планаваў здзейсьніць выбух на выпускной лінейцы ў адной са школаў Сочы. Блізкія называюць абвінавачанне абсурдным, паколькі ў перапісцы хлопца няма ніякіх згадак пра тэракт.
Беларускія праваахоўнікі так і не растлумачылі сям’і Паўла Грыба, якім чынам расійскія спэцслужбы змаглі выкрасці ўкраінскага грамадзяніна на беларускай тэрыторыі.
Паводле беларускй службы Польскага радыё