Беларус «Малюта» сцвярджае, што не мае дачынення да Нацыянальных дружын ва Украіне
Экс-выведнік добраахвотніцкага батальёну «Азоў», у мінулым грамадзянін Беларусі Сяргей Кароткіх (Малюта) зняпраўджвае сваю датычнасць да арганізацыі парамілітарнага руху «Нацыянальныя дружыны Украіны», пра што нядаўна паведамлялі СМІ, піша «Радыё Свабода».
«Я не з'яўляюся камандзірам Нацыянальных дружын, нават іх сябрам я не з'яўляюся», — сказаў Сярей Кароткіх у інтэрв'ю ўкраінскаму тэлеканалу ZiK.
У той жа час Сяргей Кароткіх ухвальна ставіцца да стварэння Нацыянальных дружын, у якія, паводле яго, самаарганізаваліся ветэраны антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе. «Яны, як у 2014 годзе выступалі супраць уплыву Расіі на Ўкраіну, таксама гэтым людзям не падабаецца уплыў амерыканцаў на Ўкраіну. Яны кажуць пра тое, што Ўкраіна павінна мець свой цывілізацыйны праект», — дадаў ён.
Сяргей Кароткіх мяркуе, што грамадства напалохаў не сам факт стварэння Нацыянальных дружын. «Яны напалохалі менавіта сваёй самаарганізаванасцю, сваёй згуртаванасцю. Гэта не прыватная армія, гэта не парамілітарная арганізацыя. Гэта аб’яднанне людзей, якія маюць свае светапогляд і перакананні, яны дысцыплінаваныя і вельмі добра арганізаваныя, каб зрабіць нешта добрае», — пераконвае ён.
«Я заўсёды лічыў сябе спадкаемцам Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага»
Адказваючы на пытанне, прыхільнікам якога нацыяналізму ён з'яўляецца — расійскага, беларускага ці ўкраінскага, Сяргей Кароткіх сказаў: «Я пачынаў з РНЕ (Русское национальное единство). Першыя налепкі, якія я расклейваў, былі пра неабходнасць аб’яднання расійцаў, украінцаў і беларусаў. Быў развал Савецкага Саюзу і краіна скочвалася ў пекла і хаос, у якія ўсе гэтыя тры краіны працягваюць рухацца і цяпер. Гэта аднолькава датычыць Беларусі, Расіі і Ўкраіны. Не было ніякага шавінізму. Я не лічыў, што адзін з гэтых народаў больш ці менш славянскі. Усе яны аднолькава роўныя. Потым я пакінуў РНЕ, была іншая мая трансфармацыя, але я заўсёды сябе лічыў спадкаемцам Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага, якія гэтыя народы так ці інакш аб’ядноўвалі. Я ваюю не з расійскім народам. Мне не падабаецца Пуцін і ягоны рэжым, таму што яны вядуць да катастрофы тую краіну, за якую яны адказваюць. І таксама навакольныя краіны — Украіну да гэтага вялі, і Беларусь».
Сяргей Кароткіх (Малюта) ваяваў на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага батальёна «Азоў» (пад кіраўніцтвам Андрэя Бялецкага) і стаў адзіным беларусам, які атрымаў грамадзянства Украіны — у снежні 2014 году ўкраінскі пашпарт яму асабіста ўручыў прэзідэнт Пятро Парашэнка. Потым Сяргей Кароткіх працаваў у паліцыі па ахове стратэгічных аб’ектаў, але напрыканцы 2017 года звольніўся. За год да гэтага ён таксама зарэгістраваў ва Ўкраіне сваю грамадскую арганізацыю «ЗіРКа» (Захист і реконструкція країни).