У Сірыі збіты расійскі штурмавік Су-25
Расійскае мінабароны пацвердзіла інфармацыю пра гібель расійскага штурмавіка Су-25 на поўначы Сірыі непадалёк ад горада Ідліб.
Гэтая тэрыторыя кантралюецца сірыйскімі паўстанцамі. Расійскае мінабароны заяўляе, што пілот самалёта загінуў.
Сірыйскі цэнтр назірання за правамі чалавека ў Вялікабрытаніі паведамляе, што пілот здолеў катапультавацца і быў узяты ў палон.
Самалёт выконваў аблёт зоны дээскалацыі «Ідліб», гаворыцца ў паведамленні ваеннага ведамства, тэкст якога прыводзіць Інтэрфакс.
«Лётчык паспеў далажыць аб катапультаванні ў раёне, падкантрольным баявікам Джабхат ан Нусры. Пры вядзенні бою з тэрарыстамі пілот загінуў», — гаворыцца ў тэксце заявы.
Паводле папярэдняй інфармацыі ведамства, самалёт быў збіты з пераноснага зенітнага ракетнага комплексу.
У мінабароны таксама паведамілі, што цяпер прымаюць меры па вяртанні цела расійскага лётчыка.
Адказнасць за збіты расійскі самалёт ўзяла на сябе салафіцкая групоўка «Хайят Тахрыр аль-Шам», якую таксама часам называюць «Аль-Каідай ў Сірыі» і якая цесна супрацоўнічае з іншымі сірыйскімі джыхадысцкімі групоўкамі. Пацвердзіць гэтую заяву пакуль немагчыма.
На відэароліках, размешчаных у сацсетках, паказаны, як сцвярджаецца, момант удару па самалёце. На іншых відэазапісах бачныя падпаленыя абломкі на зямлі з чырвонай зоркай на крыле, якія топчуць паўстанцы.
Тым часам «Сірыйская свабодная армія» апублікавала ў «Твітэры» фатаграфію, на якой нібыта відаць цела мёртвага пілота.
Паводле інфармацыі Sky News Arabia, самалёт быў збіты ракетай класа «зямля-паветра».
Расія садзейнічае сірыйскім урадавым войскам у гэтым раёне Сірыі.
Акрамя «Сірыйскай свабоднай арміі» у гэтым раёне таксама дзейнічаюць некалькі радыкальных груповак.
Агенцтва Рэйтэр паведамляе, спасылаючыся на адну з паўстанцкіх груповак, што самалёт быў збіты над мястэчкам Хан-аль-Субль, блізу горада Саракеб, які ўжо некаторы час падвяргаецца масаваным бамбаванням, і на яго насоўваюцца сірыйскія войскі і падтрыманыя Іранам ўзброеныя фармаванні.
Дзве крыніцы Рэйтэр паведамляюць, што пілот атрымаў сур'ёзныя калецтвы або раненні. Трэцяя крыніца сцвярджае, што пілот загінуў.
Урадавыя войскі Сірыі, пры падтрымцы расійскай авіяцыі, у канцы снежня перайшлі ў наступ у правінцыі Ідліб, нягледзячы на тое, што ў верасні Расія, Турцыя і Іран абвясцілі гэтую правінцыю адной з зон дээскалацыі канфлікту.
Паводле дадзеных ААН, больш за 100 тысяч грамадзянскіх асоб былі вымушаныя пакінуць свае дамы.
Раней мінабароны Расеі афіцыйна паведамляла пра гібель 41 вайскоўца за час аперацыі ў Сірыі, якая пачалася 30 верасня 2015 года. Паводле неафіцыйных дадзеных, ахвяр значна больш, галоўным чынам страты неслі байцы расійскіх прыватных ваенных кампаній, чыё прысутнасць у Сірыі расейскія ўлады не пацвярджаюць.
У жніўні 2016 года ў Сірыі быў збіты расійскай ваенны верталёт. Усе пяць чалавек на яго борце загінулі.
Паводле BBC