Крэдыт даверу пралангіравалі
Хоць фармальна палітычныя санкцыі з афіцыйнага Мінска здымаюцца, выправіць імідж Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе будзе нашмат больш складана. Таксама не варта чакаць эканамічных бонусаў.
Еўрапейскі саюз зняў большасць санкцый з высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку. Таксама знятыя санкцыі ў дачыненні да дзясятка беларускіх прадпрыемстваў, афіляваных з «сям'ёй» кіраўніка дзяржавы. Тым не менш Беларусь застаецца «пад наглядам» ЕC — у выпадку новых парушэнняў правоў чалавека санкцыі могуць увесці зноў.
Пад санкцыямі застаюцца чатыры чалавекі, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999–2000 гадах.
Гэта Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый
Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС). Таксама пакінулі ў
сіле забарону на пастаўкі Мінску «зброі, паліцэйскай тэхнікі, а таксама тэхнікі двайнога прызначэння, якая можа быць выкарыстана для ўнутраных рэпрэсій».
Кіраўнікі ЕС асабліва агаварылі, што структуры АБСЕ працягнуць маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І калі адновяцца, напрыклад, рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі або незалежных СМІ, ЕС зможа ў любы момант вярнуць санкцыі супраць Беларусі.
«Магу толькі пазайздросціць Аляксандру Лукашэнку як прыватнай асобе, які зможа пазнаёміць свайго малодшага сына з Луўрам, Прада на цалкам законных візавых падставах — калі, вядома, захоча гэтага, — іранізуе вядомы беларускі палітычны аналітык Аляксандр Фядута. — Але вось паўнавартаснага супрацоўніцтва з Брусэлем і Страсбургам, як мне здаецца, яму прыйдзецца пачакаць.Мяч знаходзіцца на беларускім баку поля: Еўропа чакае рэальнай дэмакратызацыі беларускага палітычнага рэжыму».
Гэта значыць, хоць фармальна палітычныя санкцыі з афіцыйнага Мінска здымаюцца, выправіць імідж Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе будзе нашмат больш складана. Тым больш што наперадзе (восенню гэтага года) парламенцкія выбары, а ў Беларусі пакуль не назіраецца тэндэнцыі ні да правядзення выбараў сумленна, ні да свабоды СМІ, ні да развіцця грамадзянскай супольнасці. Па сутнасці, санкцыі знялі за тры заслугі Аляксандра Лукашэнкі: ператварэнне Мінска ў перамоўную пляцоўку для бакоў ўкраінскага канфлікту, вызваленне палітвязняў у жніўні 2015 года і правядзенне прэзідэнцкіх (пера)выбараў упершыню без гвалту ў дачыненні да апанентаў Лукашэнкі.
Аднак адмена санкцый не вырашыць пытанне недахопу грошай у беларускай эканоміцы.
«Я б моцна не перабольшваў фінансавыя бонусы, якія можа атрымаць Беларусь.Мне здаецца, і ў беларускага (і ў расійскага, дарэчы) палітычнага бамонду прынята перабольшваць магчымасць выдзялення дапамогі з боку міжнародных фінансавых арганізацый, такіх як МВФ, ва ўвязцы з нейкімі палітычнымі складнікамі, — кажа старэйшы аналітык фінансавай кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб. — На самай справе такі прамой сувязі няма.Ёсць набор патрабаванняў з боку МВФ, якія ўключаюць структурныя рэформы ў эканоміцы.І палітычнае пацяпленне паміж Захадам і Беларуссю зусім не азначае, што МВФ здыме свае патрабаванні па рэформах і будзе аўтаматычна выдзяляць грошы».