Прадпрымальнікі патрабуюць адстаўкі прэм'ера Кабякова і выказваюць недавер Лукашэнку
Прадпрымальнікі патрабуюць адстаўкі прэм'ера Кабякова і выказваюць недавер Лукашэнку. Група індывідуальных прадпрымальнікаў, якая пры падтрымцы БХД рыхтуе на 25 лютага сход Камітэта Выратавання Прадпрымальніцтва дзеля каардынацыі грамадскіх і палітычных структураў у справе абароны правоў прадпрымальнікаў, выступіла са зваротам.
Зварот ініцыятыўнай групы камітэту выратавання прадпрымальніцтва
Прымаючы пад увагу ўсю складанасць сітуацыі, якая склалася вакол прадпрымальніцкага руху ў 2015-2016 гадах, звязаную з празмерным ціскам з боку Урада РБ, і такімі мерамі як:
- Указ Прэзідэнта РБ ад 16 мая 2014 года № 222,
- Змены ў Падатковы кодэкс, уведзеныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 года № 343-З “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання”,
-Рост падаткаў і збораў
-Дыскрэдытацыя прадпрымальніцкага руху з боку вышэйшых службовых асобаў дзяржавы.
з улікам больш частай рэпрэсіўнай практыкі прымянення законаў і нормаў,
з улікам частых выпадкаў правакацый з боку падатковых органаў з мэтай завалодання маёмасцю і накладаннем штрафаў фізічным і юрыдычным асобам РБ:
1. Выказваем абурэнне дзеяннямі Ураду Рэспублікі Беларусь і перасцерагаем Урад РБ : падобныя безадказныя дзеянні могуць выклікаць сур'ёзныя сацыяльныя праблемы і прывесці да рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця вялікай колькасці грамадзян Рэспублікі Беларусь — і без таго нізкага.
2. Заклікаем стварыць грамадзянскую ініцыятыву “Камітэт выратавання прадпрымальніцтва” для каардынацыі дапамогі прадпрымальніцкаму руху і правесці яе першае паседжанне 25 лютага 2015 года ў Мінску
3. Заклікаем выявіць салідарнасць з пратэстуючымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі праваабарончыя арганізацыі, палітычныя партыі і ўсіх людзей добрай волі.
4. Патрабуем адстаўкі Прэм'ер-міністра РБ Кабякова А.В., — чыноўніка, адказнага за рэпрэсіі, накіраваныя супраць законапаслухмяных падаткаплацельшчыкаў, якія прывялі да рэзкага пагаршэння сацыяльнай абстаноўкі і разбурэння іміджу Рэспублікі Беларусь.
5. Патрабуем неадкладна пачаць грамадскае абмеркаванне мер па выхаду з эканамічнага крызісу і структурных зменах у эканоміцы краіны.
6. Патрабуем кардынальнага перагляду ўмоў вядзення малога бізнесу, з мэтай стварэння новых працоўных месцаў для тысячаў людзей, якія губляюць працу.
7. Выказваем недавер Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу, непасрэдна адказнаму за ціск на прадпрымальніцкую супольнасць, абразы і знявагі на адрас прадпрымальнікаў.
Паводле: БХД