Ці пачуе ўлада прадпрымальнікаў? (Фотарэпартаж)

На сённяшні мітынг прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы сабралася блізу 700 чалавек. Прыехалі прадпрымальнікі з розных гарадоў Беларусі. Акцыю падтрымалі многія палітыкі.



На самым пачатку акцыі сярод прадпрымальнікаў былі заўважаныя Дзмітрый Кучук (Беларуская партыя «Зялёныя»), Павал Севярынец (БХД), Анатоль Лябедзька (АГП), Уладзімір Някляеў і Мікола Статкевіч. Пасля яны ж выступілі на прадпрымальніцкім мітынгу.

Павал Севярынец, у прыватнасці, распавёў пра ініцытыву стварыць камітэт выратавання прадпрымальнікаў. Сход па стварэнні прызначаны на 25 лютага ў сядзібе Партыі БНФ.

Выступалі Алесь Макаеў, Алесь Талстыка, прадпрымальніца Соф'я ад Рады прадпрымальнікаў Слуцка (яна паведаміла, што Ірыну Яскевіч спецслужбоўцы прымусілі не ехаць у Мінск пад пагрозай арышту), Мікола Чарнавус з Баранавічаў, а таксама палітыкі Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў.

Уладзімір Някляеў заклікаў прадпрымальнікаў і палітыкаў звярнуцца да Еўрапейскага саюза, каб той не здымаў санкцыяў супраць улады. «Рэжым здымае з народа скуру, а Еўрасаюз здымае з рэжыма санкцыі. Гэта несправядліва», — зазначыў ён.

Мікалай Статкевіч заявіў, што «ўсе праблемы ад таго, што адзін чалавек скраў у беларускага народа ўладу, скраў выбары. Краіна захоплена бандай. У нас не міліцыя, а ўзброеныя слугі аднаго чалавека. Суды абслугоўваюць інтарэсы аднаго чалавека».

Па словах аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху, Алеся Макаева, прадпрымальнікі пакуль будуць працягваць, як ён сказаў, «страйк», паколькі зараз, з-за немагчымасці працаваць, яны і не працуюць.

Прадпрымальнікі патрабуюць адмены указа №222. Яны падрыхтавалі звароты да кіраўніцтва краіны (глядзі фота), якія будуць перададзеныя бліжэйшым часам ў Саўмін, а таксама вырашылі сабрацца у Мінску роўна праз тыдзень, каб амберкаваць магчымыя адказы чыноўнікаў і вырашыць што рабіць далей.

Варта зазначыць, што гэтым разам ніхто не перашкаджаў праводзіць акцыю. Нават, як звычайна, міліцыянты не падыходзілі да арганізатараў і не складалі на іх пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Адзінае, што «аператары ў штацкім» фіксавалі хаду мітынга на відэакамеры.

Па папярэдняй інфармацыі, ніхто затрыманы не быў.