У адчаі ў чалавека два выйсці: альбо самагубства, альбо сесці на трактар і знесці пару аграгарадкоў
У судзе Маскоўскага раёну Мінску сёння распачынаецца суд над лідарам індывідуальных прадпрымальнікаў з Віцебску Ірынай Яскевіч.
Яе вінавацяць ва ўдзеле ў мітынгу прадпрымальнікаў на плошчы Незалежнасці ў Мінску 18 студзеня за адмену прэзідэнцкага ўказу № 222. Ірына Яскевіч таксама ўваходзіць у працоўную групу пры Міністэрстве эканомікі «па пытаннях дзейнасці індывідуальных прадпрымальнікаў», то бок па ўрэгуляванні спрэчных пытанняў, звязаных з прэзідэнцкім указам. Аднак бясплённасць перамоваў пакідае гандлярам невялікі выбар, заявіла "Радыё Свабода" Ірына Яскевіч перад пачаткам суду:
«На пасяджэнні працоўнай групы мы заявілі, што гатовыя яе распусціць, калі яна нічога не вырашае. Бо падатковая інспекцыя настойвае на сваіх патрабаваннях, і ніякія прапановы аб зменах не праходзяць. А безь іх людзі нават не здолеюць закрыць свой бізнес без штрафных санкцыяў.
Мы толькі ўнеслі ў пратакол сустрэчы свае прапановы. Але гэта толькі прапановы, і які іх лёс на сёння, незразумела.
Калі б я набралася рашучасці, то сказала б — сыдзіце вы, людзі, з прадпрымальніцтва. Хіба тады ўлады, магчыма, заўважылі б, што, акрамя падаткаў, мы плацім арэнду, камуналку, плацім у фонд сацыяльнай абароны. Але я так сказаць не магу, бо працоўных месцаў няма, і сыходзіць людзям няма куды. Яны плачуць ад безвыходнасці, бо кастынгі ёсць ужо нават на тое, каб працаваць дворнікам.
Таму нашы праблемы — гэта ўжо не столькі пытанні бізнесу, колькі сацыяльныя праблемы. Бо разам з намі страцяць працу перавозчыкі, грузчыкі, якія працуюць разам з намі, гандлёвыя цэнтры.
Людзям ужо няма чым плаціць за садкі і кватэры, і насамрэч усё гэта вельмі страшна.
Няўжо ўлады не разумеюць, што людзі выходзяць на плошчы і вуліцы не пад уплывам і кіраўніцтвам кагосьці, а спрабуюць дагрукацца да ўладаў самастойна, каб сказаць, што яны губляюць сродкі да існавання? Цяжка сказаць, чым гэта скончыцца.
Я ўжо казала чыноўнікам: не трэба баяцца тых людзей, якія арганізаваліся і чагосьці просяць ці патрабуюць, а трэба баяцца людзей, пакінутых сам-насам са сваім адчаем. У такога чалавека ёсць два варыянты выйсця: альбо самагубства, альбо сесці на трактар і знесці пару аграгарадкоў».