Украіна. Надзею Саўчанка ў прэзідэнты!
Не паспелі пару тыдняў таму з’явіцца чуткі пра магчымы выхад Надзеі Саўчанка на волю, як на гэта адрэагавалі палітычныя букмекеры.
Нагадаем, што Саўчанка — украінская лётчыца, якую судзяць у Расіі за быццам забойства расійскіх журналістаў на Данбасе. З улікам таго, што Надзею абвінаваціў у адным з інтэрв’ю сам Пуцін, няма сумневаў, што ўкраінку чакае жорсткі прысуд.
Аднак не так даўно адзін з адвакатаў Надзеі паведаміў, што распрацоўваецца схема абмену яго кліенткі на расійскіх афіцэраў, якія трапілі ва ўкраінскі палон. Папярэдняя дата абмену — сакавік гэтага года.
Аднак ужо зараз, не чакаючы абмену, шэраг украінскіх журналістаў змясцілі ў сацыяльных сетках заклікі высунуць Саўчанка ў прэзідэнты. “Не адзін я думаю, што вызваленне Надзеі Саўчанка можа прывесці да значных змен у сацыяльным жыцці Украіны. Не адзін я думаю, што вяртанне Надзеі ва Украіну паставіць знак пытання Пятру Парашэнку пра яго прэзідэнцтва”, — піша адзін прыхільнікаў праекту.
Таксама прыхільнікі Саўчанка запусцілі чуткі, паводле якіх цяперашні прэзідэнт, баючыся прыходу Саўчанка ў вялікую палітыку, спецыяльна не фарсіруе працэс абмену.
Паводле украінскай прэсы