Ліса і прагныя мядзведзікі
Беларуская мадэль выглядае ўнікальнай толькі на фоне сваіх заходніх суседзяў. Сучасны этап у развіцці беларускай мадэлі найбольш ёміста перадае слова
«цугцванг» — становішча ў шахматах, у якім любы ход вядзе да
пагаршэння пазіцыі.
Згодна з Вікіпедыяй, памылка — ненаўмыснае адхіленне ад правільных дзеянняў, учынкаў, думак. Звярнуцца да гэтага паняцця і паставіць яго ў цэнтр чарговай «Азбукі паліталогіі» мяне натхніў артыкул палітолага Уладзіміра Роўды «Чаму Усебеларускі народны сход будзе праводзіцца ў разгар крызісу?», апублікаваны на сайце «Наша думка».
Цытую: «Змена вектара знешняй палітыкі магла б стаць адным з ключавых пытанняў парадку дня Усебеларускага народнага сходу. Але гэтага не адбудзецца. Дадзеная праблема не будзе нават узнятая на гэтым цалкам пустым мерапрыемстве, таму што А. Лукашэнка прызвычаіўся вырашаць усе найважнейшыя пытанні развіцця краіны самастойна. Калі б усё адбывалася інакш, дык пры планаванні палітычнага курсу не было б дапушчана столькі шмат грубых памылак: мы б сапраўды даўно жылі зусім у іншай краіне».
Дык вось у чым справа! Аказваецца, беларуская мадэль з усімі яе аўтарытарна-таталітарнымі асаблівасцямі сфармавалася ў выніку чарады кіраўнічых памылак. Г. зн. першапачаткова яе бацькі-заснавальнікі, абапіраючыся на мандат большасці беларусаў, планавалі крочыць у правільным кірунку. Але ў выніку ненаўмысных адхіленняў (памылак) атрымалася тое, што атрымалася.
Але калі гэта так, дык сітуацыю можна выправіць. Усё, што неабходна, гэта, па-першае, прызнанне «вертыкаллю» сваіх памылак і, па-другое, сур’ёзная работа па іх ліквідацыі. Будзем спадзявацца, што на выкананне гэтай праграмы і скіруюць свае намаганні дэлегаты Пятага Усебеларускага народнага сходу.
У імя вышэйшых інтарэсаў дзяржавы
Унікальнасць беларускай мадэлі не варта перабольшваць. Каб зразумець гэту азбукавую ісціну, нам варта зрабіць кароткі гістарычны экскурс.
На працягу тысячагоддзяў існавала ў асноўным два тыпы дзяржаўных утварэнняў (калі не лічыць пераходныя). Першы і тыпалагічна больш ранні — усходні. Ён аб’ядноўвае ўсе цывілізацыі па-за Еўропай. Яго сэнс заключаецца ў структуры ўлады-ўласнасці, што на практыцы азначала поўнае дамінаванне ўлады ў дзяржаве (знаёмы выпадак, ці не так?).
У дзяржавах такога тыпу ўсе багацці і здабыткі грамадства знаходзяцца ў фактычнай уласнасці кіраўніка і апарата яго адміністрацыі. «Папракаюць: Лукашэнка прыватызуе Беларусь... Але гэта мая Беларусь. І я баюся, што раптам будзе не так, і ты ўжо нічым не дапаможаш. <...> У мяне, акрамя краіны, нічога няма». Лепшага тлумачэнні паняцця «ўлада-ўласнасць», мабыць, і не знайсці.
Права цэнтралізаванага размеркавання рэсурсаў недатыкальнае, а сістэма ўлады арганізавана такім чынам, каб уся моц была сканцэнтраваная ў руках кіраўніка. «Гэтая канцэнтрацыя, — тлумачыць гісторык Леанід Васільеў, — неабходная для выжывання і ўмацавання соцыуму, што ён інтуітыўна ўсведамляе і, як правіла, супраць усёмагутнасці вярхоўнай улады не пратэстуе».
Вышэйшая ўлада ў гэтай структуры ўсёмагутная, насельніцтва ж знаходзіцца ў статусе бяспраўных падданых, што не адмяняе права на прыватную ўласнасць. Аднак у любы момант яна можа быць канфіскавана ўладай у імя вышэйшых інтарэсаў дзяржавы і яе вярхоўнага кіраўніка.
«Кажуць: «Лукашэнка баіцца прыватніка і прыватнай уласнасці — гэта пагроза ўладзе». Ды хопіць вам... З любым прыватнікам значна прасцей працаваць, чым з дзяржаўным прадпрыемствам». На чым заснавана такая ўпэўненасць адзінага палітыка (АП)? Адказ відавочны: «Яму (прыватніку) сказаў — ён зробіць. Таму што, па вялікім рахунку, рызыкуе ў адваротным выпадку страціць сваю ўласнасць...»
Але чаму такі прынцып арганізацыі існаваў на працягу тысячагоддзяў? Усё вельмі проста: без яго насельніцтва стала б лёгкай здабычай для любога гвалтаўніка, пачынаючы ад ордаў качэўнікаў і заканчваючы суседнімі дзяржавамі. Але за ўсё ў гэтым жыцці даводзіцца плаціць. За моц «моцнай дзяржавы» насельніцтву на працягу тысячагоддзяў даводзілася расплачвацца пагалоўным рабствам.
Падтрымала 58,3%, не падтрымала 17,6%
Другі тып дзяржаўнага ўтварэння — заходні, антычнай-буржуазны. Яго радзіма — антычная Грэцыя, а базавы інстытут — поліс. Цэнтр поліса — горад з адміністрацыйнымі і культавымі будынкамі. Зямлі вакол — надзелы грамадзян, паўнапраўных чальцоў гарадской грамады гэтага поліса. Тут няма падданых і ўладара.
Грамадства раўнапраўных грамадзян само выбірае магістрат з грамадзян, якія часова займаюць пасады і пераабіраюцца. Яно ж пад кіраўніцтвам найбольш выбітных сваіх прадстаўнікоў стварае законы, арганізуе суд і будуе грамадскія збудаванні.
Зразумела, ёсць бяспраўныя рабы і чужаземцы-чужынцы. Грамадства пярэстае і няроўнае, але аснова яго — грамадзяне, ад якіх залежыць выбарная ўлада. Гэта структура грамадзянскай супольнасці. Тут дзяржава дзеля чалавека.
Перакос сучаснай беларускай дзяржавы ў бок першага тыпу відавочны. Але так было не заўсёды. Прыхільнікі еўрапейскага выбару любяць спасылацца на Вялікае Княства Літоўскае. Безумоўна, яно было часткай заходняга свету, у якім адносіны паміж васаламі і сеньёрамі мелі на ўвазе дамову з наяўнасцю правоў у абодвух бакоў. Тут дарэчы будзе прыгадаць і сістэму самакіравання гарадоў. Ратушы на цэнтральных плошчах — жывыя сведкі слаўнага еўрапейскага мінулага.
Чаму ў 1795 годзе пад еўрапейскай гісторыяй была праведзена тлустая рыса — асобная тэма. Але сёння мы маем грамадства, якое 24 лістапада 1996 года на рэспубліканскім рэферэндуме адмовілася выбіраць кіраўнікоў мясцовай улады. За абранне прагаласавала 28,14%, супраць — 69,92% (ад колькасці тых, хто прыняў удзел у галасаванні).
Мне запярэчаць, што другі канстытуцыйны рэферэндум быў адзначаны дэбютам Лідзіі Ярмошынай у якасці кіраўніка ЦВК, таму ўспрымаць афіцыйныя вынікі галасавання варта з пэўнай доляй скептыцызму. Пярэчанне прымаецца. Аднак я нешта не ўзгадаю масавых пратэстаў з нагоды вынікаў рэферэндуму, а праведзенае ў чэрвені 1997 года апытанне НІСЭПД паказала, што праект Канстытуцыі ў рэдакцыі АП падтрымалі 58,3% беларусаў, не падтрымалі — толькі 17,6%, пры 24,1% тых, хто не прыняў удзелу ў галасаванні.
Важна разумець, што першы тып дзяржаўнасці («загадны») трымаецца на падтрымцы мас знізу, а не на ўладзе эліты. І калі разбурыць такую ўладу, дык вынікам разбурэння зусім не абавязкова стане ўсталяванне дэмакратыі заходняга ўзору. У пачатку 90-х гадоў мы мелі магчымасць назіраць і працэс разбурэння, і наступную за ім рэгенерацыю загаднага тыпу дзяржавы.
Зноў звернемся па дапамогу да гісторыка Леаніда Васільева: «Выхоўваць трэба, у першую чаргу, масы, а не эліту. Я хачу нагадаць казку пра двух прагных мядзведзікаў (якія дзялілі пароўну галоўку сыру і ў пасрэднікі ўзялі лісу). З гэтай казкі відаць, што выхаванне трэба пачынаць не з лісы, а з мядзведзікаў».
«Цугцванг» — слова нямецкае
Прывяду яшчэ адну цытату з артыкула Уладзіміра Роўды: «Прычынай, якая прымушае А. Лукашэнку склікаць Усебеларускі народны сход, з’яўляецца яго памылковая перакананасць у глыбокай дэмакратычнасці гэтага палітычнага ўтварэння... А. Лукашэнка ўпэўнены, што ў нашай краіне дэмакратыя перамагла, пра што ён нядаўна распавёў польскаму міністру замежных спраў. Беларускі лідар падкрэсліў, што «ён будзе старацца рабіць так, каб ніхто нас ніколі не папракнуў у недастатковай дэмакратыі, у адсутнасці яе. Мы будзем так рабіць, каб яе было не менш, чым у Польшчы».
Аднак у нашых заходніх суседзяў дэмакратыя выступае ў якасці асноўнага фактару стабільнасці, што не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе рэгулярную змену персон ва ўладных калідорах. Беларускі ж варыянт дэмакратыі саму магчымасць абмежавання манаполіі на ўладу першай асобы дзяржавы разглядае ў якасці катастрофы нацыянальнага маштабу.
Звернемся да нядаўняга мінулага. Завяршэнне эканамічнага росту ў СССР многія сур’ёзныя аўтары звязваюць з немагчымасцю стварэння эфектыўных стымулаў у цэнтралізаванай эканоміцы. Склалася сітуацыя, калі для далейшага развіцця ад палітычных лідараў запатрабавалася адмова ад неабмежаванай палітычнай улады. Пагадзіцца на такое яны, натуральна, не маглі. Вынік — абвальванне ўсёй сістэмы пад уласнай вагой.
Сталінская мадэрнізацыя «зверху» працавала ў сітуацыі пераходу ад сельскагаспадарчага ўкладу да індустрыяльнага. Але для пераходу да постіндустрыяльнага інавацыйнага развіцця неабходна разняволенне ініцыятывы «знізу». У гэтай справе «цвёрдая рука» і «вертыкаль» — не памочнікі. Без палітычных рашэнняў эканамічны трэнд, што імкнецца ўніз, не змяніць.
Сучасны этап у развіцці беларускай мадэлі найбольш ёміста перадае слова «цугцванг» — становішча ў шахматах, у якім любы ход гульца вядзе да пагаршэння яго пазіцыі. Жадаючым пераканацца ў абгрунтаванасці такога параўнання рэкамендую не прапусціць трансляцыі з Пятага Усебеларускага народнага сходу. Займальнае будзе відовішча.
«Цугцванг» — слова нямецкае. Сучасную сітуацыю можна апісаць і пры дапамозе беларускай народнай песні «Як пагнала бабуленька куранятак пасці». Жаданне гераіні «разам збагацеці» седзячы на пянёчку абярнулася прамымі матэрыяльнымі стратамі. Але гэтым справа не абмежавалася. Два радкі апошняга чатырохрадкоўі складаюцца са шматкроць паўтораных выклічнікаў «ой» і «ёй», што служыць відавочным сведчаннем страты стабільнасці ў сацыяльнай сістэме, у якой адносіны паміж дзяржавай і грамадствам пабудаваныя паводле ўсходняга ўзору.