Формула Аліева

Баку 19 чэрвеня ўпершыню прыняў адно з самых славутых спартовых мерапрыемстваў у свеце — гонкі «Формула-1». Нашто аліеўскаму рэжыму такая дарагая цацка, «Новы Час» спрабаваў разабрацца разам з бакінскім эколагам Намікам Мамедавым.

Фота autosport.com.ru

Фота autosport.com.ru

  
— Пасля таго, як у 2014-м было прынятае рашэнне аб правядзенні ў сталіцы Азербайджана гонак «Формулы-1», як мінімум двойчы ў краіне гучалі заклікі не прымаць мерапрыемства. Спачатку — пасля таго як увосень амаль напалову абрынуўся манат. Яшчэ раз — калі напачатку красавіка абвастрыўся канфлікт у Нагорным Карабаху. Чаму ў выніку Баку ўсё ж не адмовіўся ад дарагога праекту, які, па разліках спецыялістаў, каштаваў яму каля 100 мільёнаў еўра?
— Яшчэ на этапе абмеркавання ідэі ралі ў Баку, у яе хапала праціўнікаў. Ці не зашмат мы ўкладаем у нейкія іміджавыя, вельмі дарагія шоў? Спачатку фінал "Еўрабачання", пасля сусветны чэмпіянат па боксе і Еўрапейскія гульні. Цяпер вось гран-пры «Формулы-1». Гонкі, дарэчы, будуць праходзіць штогод. Натуральна, тады ў людзей ніхто не пытаўся. А вось бліжэй да зімы, калі на фоне падзення коштаў на нафту рэзка патаннеў манат і ўзнік дэфіцыт валюты, самі чыноўнікі задумаліся, ці трэба тая «Формула». У выніку, праўда, перамагла фракцыя прыхільнікаў гонак. Магчыма, ім удалося давесці Аліеву, што адмова будзе ўспрынятая ў краіне як адзнака катастрафічнага стану эканомікі. Нагадаем, менавіта тады правінцыю ахапілі стыхійныя эканамічныя бунты.
— А чаму не адмянілі «Формулу» з-за так званай чатырохдзённай азербайджанска-армянскай вайны ў красавіку? Якія могуць быць аўтагонкі, калі краіна фактычна ў стане вайны?
— Такія прапановы ад апазіцыі сапраўды гучалі. На думку апанентаў улады, забаўляльныя шоў у тыле ў вачах жаўнераў на перадавой выглядаюць, мякка кажучы, трошкі дзіўна. Аднак дзяржаўная прапаганда павярнула гэта так, што менавіта «Формула» павінна была выглядаць сімвалам нашай канчатковай перамогі над праціўнікам. Трэба ўзгадаць і пра тое, што на той час асноўная частка канструкцыі трасы была зробленая, яе ўжо наведалі інспектары, пратэсцілі гоншчыкі, ужо запусцілі рэкламу, у якую было ўкладзена шмат сродкаў, прэса абвясціла пра тое, што бакінская «Формула-1» параўнальная з алімпійскімі гульнямі ў Рыа і гэтак далей. Адмаўляцца ад гонак арганізатарам было запозна.

www.gapp.az

www.gapp.az


— Напярэдадні "Еўрабачання–2012" у краіне былі масавыя затрыманні апазіцыі. Нешта падобнае адбывалася гэтым разам? Як ўвогуле апазіцыя рэагавала на «Формулу-1» у Баку?
— З 2012-га прайшло шмат часу. Цяпер апазіцыйныя палітычныя цэнтры больш кволыя. Аднак паліцэйская прафілактыка мела месца. Напрыклад, у сталіцы арыштавалі двух анархістаў, якіх абвінавацілі ў антыўрадавым графіці. Пры гэтым, думаю, быў пастаўлены рэкорд па фабрыкацыі доказаў на тэрыторыі СНД. Паводле пратаколу, хлопцаў арыштавалі за захоўванне некалькіх кілаграмаў гераіну, які каштуе на чорным рынку фантастычныя грошы. Што тычыцца больш саліднай апазіцыі, то яна намагалася арганізаваць кампанію ў заходняй прэсе, звярнуць увагу іншаземцаў на тое, што за фасадам прыгожага мерапрыемства хаваецца жорсткі аўтарытарны рэжым. Магчыма, у Баку чакалі чагосьці падобнага. Таму напярэдадні з турмы выпусцілі журналістку Хадзіджу Ісмаіл, якую праз інтарэс да карупцыйных афёраў атачэння Аліева раней прысудзілі да сямі з паловай гадоў зняволення. Міжнародная супольнасць вызнала яе вязнем сумлення.
— Ці выкарыстоўваў аліеўскі рэжым аўтагонкі ў палітычных мэтах?
— Безумоўна. Галоўныя трафеі бакінскага раўнду «Формулы-1» пераможцам асабіста ўручалі кіраўнік дзяржавы і першая лэдзі. У рэпартажах асабліва падкрэслівалася, што менавіта Ільхаму Аліеву першаму прыйшла ідэя правядзення гонкі на берагах Каспія. Для заходняга адрасата рабіўся малюнак развітой краіны, якая, будучы мусульманскай, мае еўрапейскую ідэнтычнасць. Нават палітызаваная заходняя прэса, каментуючы бакінскую «Формулу», абавязкова ўзгадвала вызваленне Хадзіджы, падаючы гэта часам як пачатак палітычнай вясны, паварот Баку ў накірунку дыялогу з Захадам. Пра значны палітычны складнік сведчыць і эканамічная нерэнтабельнасць гонак. Усе пагаджаюцца, што пабудаваныя пад гонкі гатэлі пасля іх заканчэння будуць напаўняцца максімум на траціну.


www.gapp.az

www.gapp.az


— Аўтаралі прайшло практычна ў гістарычным цэнтры сталіцы. Натуральна, гэта выклікала нейкія нязручнасці для насельніцтва. Як паставіліся да гэтага бакінцы? Ці можна верыць армянскай прэсе, якая піша пра прымусовыя высяленні з дамоў, дзе мела праходзіць 6-кіламетровая траса?
— Канфлікты праз прымусовае высяленне людзей без адпаведнай кампенсацыі сапраўды мелі месца напярэдадні "Еўрабачання" чатыры гады таму. Тады ў цэнтры яшчэ маглі лакальна пражываць не вельмі заможныя людзі. Таму тут інфармацыю армянскіх медыя трэба правяраць. Асаблівых прэтэнзій да арганізатараў гонак з боку бакінцаў я не чуў. Наадварот, да «Формулы» назіраўся хутчэй інтарэс, што можна растлумачыць асаблівасцямі паўднёвай масавай культуры: у нас вельмі любяць хуткую язду. Магчыма, таму само шоў наведала вельмі шмат людзей, прыкладна 40 тысяч чалавек.
— Ці працягне Аліеў практыку правядзення буйных мерапрыемстваў?
— Так. Ужо вядома, што восенню ў нас адбудзецца сусветная шахматная алімпіяда. У 2017 годзе краіна збіраецца прымаць Ісламскія гульні салідарнасці. Гэта, напэўна, таксама павінна прынесці рэжыму нейкія новыя палітычныя дывідэнды, аднак трэба прызнаць, што бясконцы серыял гіганцкіх дарагіх шоў, якія фінансуюцца з бюджэту, сапраўды ўсё часцей раздражняе азербайджанскую грамадскасць.


Фота news.day.az

Фота news.day.az