«Лукашэнка баіцца "маладой гвардыі", якая паступова выцясняе старых з улады»

Перадача ўлады «не па-сваяцку» на постсавецкай прасторы правальваецца, а новая наменклатура можа і не прыняць курс дыктатара.

228bfd685f0ba20983d6ec1ae942ebf6.jpg

«Ідзе змена пакаленняў. І гэта заўсёды вельмі небяспечны перыяд. Яго трэба вельмі акуратна і тонка прайсці», — заявіў Лукашэнка 26 студзеня, уручаючы дыпломы навуковым і навукова-педагагічным работнікам.

У чым выяўляецца змена пакаленняў?

За апошнія дні Лукашэнка правёў цэлы шэраг кадравых перастановак. Напрыклад, 25 студзеня міністрам аховы здароўя прызначаны Аляксандр Хаджаеў, ужо былы кіраўнік РНПЦ псіхічнага здароўя, у народзе названага «Навінкамі».

«Ідзе замена, ратацыя кадраў ва ўсіх міністэрствах, ведамствах. Гэта практыка вядомая. Напярэдадні парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўрада, і мясцовых органаў улады. Аблвыканкамы, гарвыканкам мінскі», — абвясціў кіраўнік.

Падчас гэтага прызначэння Лукашэнка сфармуляваў (ужо не ў першы раз) прынцыпы сваёй кадравай палітыкі: «Павінны быць выключна прафесіяналы. Адданыя сваёй справе і дзяржаве людзі. Гэта найважнейшы элемент. І я вельмі разлічваю на гэта. Ведаю, што вы чалавек пазакланавы. Хоць у Міністэрстве аховы здароўя ў нас там і сямейныя дынастыі так званыя, і кланы, і іншае. Чаго толькі не хапае... Гэтага быць не павінна. Я вельмі разлічваю, што вы пакладзеце канец гэтаму. Адданы справе чалавек, прафесіянал, дзяржаўнік. Каб ён не сядзеў на пасадзе і не глядзеў кудысьці там на суседнюю краіну, як бы хутчэй збегчы — не тое грошай больш, не тое яшчэ чагосьці. З гэтым мы таксама разбірацца пачалі».

Вось яны, слупы лукашэнкаўскай кадравай палітыкі: дзяржаўнік, патрыёт, а прафесіяналізм — як бог на душу пакладзе. Добра б псіхіятра паставіў міністрам аховы здароўя, бо Аляксандр Хаджаеў пачынаў сваю кар'еру паталагаанатамам. Іронія лёсу: здароўе нацыі аддадзена на водкуп паталагаанатаму, затое — патрыятычнаму паталагаанатаму.

Крыху раней, 23 студзеня, Лукашэнка вызваліў Максіма Ермаловіча ад пасады кіраўніка сваёй адміністрацыі, Валянціна Татарыцкага — пасады старшыні Дзяржаўнага камітэта стандартызацыі, абодва адпраўленыя служыць у Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Сапраўды, прыходзяць новыя кадры — больш жорсткія і больш адданыя. Але хіба гэта змена пакаленняў? І наогул чаму Лукашэнка кажа пра «новае пакаленне» як пра «небяспечны перыяд»?

Выданне bgmedia.site абмеркавала гэта з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

— Я б усё ж сказаў, што кадры мяняюцца. Паступова да ўлады прыходзіць першае постсавецкае беларускае пакаленне, якое можна назваць і пакаленнем Лукашэнкі. Але я б усё ж такі назваў яго першым постсавецкім з той простай прычыны, што фармаванне гэтых людзей адбывалася на зломе Савецкага Саюза і ўжо ў незалежнай Беларусі. Гаворка ідзе пра кадры, якія нарадзіліся ў другой палове 70-ых; з вялікай нацяжкай да першага постсавецкага пакалення можна аднесці нават Галоўчанку, які нарадзіўся ў 1973 годзе, і старэйшага сына Лукашэнкі — Віктара. Гаворка ідзе пра людзей, якія нарадзіліся ў другой палове 70-х — у 80-я гады, якія, хоць і заспелі Савецкі Саюз, але фармаваліся ўжо ў незалежнай Беларусі. І ўся іх кар'ера праходзіла ў часы Лукашэнкі, іншай палітычнай рэальнасці яны не ведаюць. Цяпер гэтыя кадры выходзяць на першы план.

Не выпадкова пад Новы год «Флагшток» сабраў звароты вертыкальшчыкаў да беларускага народа. Іван Крупко, кіраўнік Гомельскага аблвыканкама, назваў Лукашэнку «абярэгам» Беларусі. Зусім абсурдная фраза. Але гэты чалавек з'яўляецца тыповым прадстаўніком новага пакалення: ён служыў у войску, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Поўнае фармаванне Крупко-чыноўніка адбылося ў перыяд кіравання Лукашэнкі.

Думаю, менавіта гэта мае на ўвазе Лукашэнка, кажучы пра «змену пакаленняў». Савецкая наменклатура, савецкія кадры сыходзяць. У гэтым сэнсе сімптаматычны сыход Мясніковіча — партыйнага кадра яшчэ з 80-х. Старая наменклатура яшчэ будзе на першых ролях, але старых ужо падпірае новая гвардыя, якім цяпер каля 50-ці і якія пачынаюць выходзіць на першыя пазіцыі. Іх Лукашэнка і мае на ўвазе. І гэта вельмі паказальны факт: ён не верыць у сваё пакаленне, не верыць прадукту сваёй эпохі. Ён не ўпэўнены, што сфармаваў новыя кадры такімі, як яму хацелася б, ён баіцца іх.

Усе развагі Лукашэнкі падчас уручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара — гэта дыялог з самім сабой. Ён разумее, што праз нейкі час давядзецца саступіць уладу, але як захаваць крыштальную пасудзіну? Ён аддае сабе справаздачу, што сістэма даволі крохкая.


Глядзіце таксама

Лукашэнка ж не тэарэтык, ён думае і дзейнічае ў рамках чужых прыкладаў, якія сабраў па жыцці. Ён бачыць, што перадача ўлады па запланаваным сцэнары — не па-сваяцку, не ад бацькі да сына — правальваецца, сістэмы бурацца. Не захавалася сістэма ў Казахстане, павалілася сістэма ў Расіі: Ельцын атрымаў асабістыя гарантыі, але сістэма цалкам змянілася. У Казахстане сістэма Назарбаева проста дэмантуецца, ва Узбекістане пасля смерці Карымава сістэма пайшла іншым шляхам. Лукашэнка глядзіць на чужыя прыклады і разумее, што і яго сістэма можа абрынуцца. Усе яго развагі ад няўпэўненасці.

І дарэчы, учора Лукашэнка яшчэ раз пазначыў галоўныя прынцыпы кадравай палітыкі: прафесіяналізм — другасны, галоўнае патрабаванне — «правераныя, дзяржаўныя людзі», якіх прынята сягоння называць патрыётамі.

— Чаму для самога Лукашэнкі новае пакаленне, створанае ім па свайму вобразу і падабенству, ўяўляе той самы крохкі лёд, на які небяспечна станавіцца?

— Мы назіраем тыповы канфлікт бацькоў і дзяцей. Існуе неразуменне і прысутнічае няўпэўненасць. У Лукашэнкі няма ўпэўненасці, што ён вылепіў новае пакаленне па свайму вобразу і падабенству, што яны працягнуць яго справу, усё тое, што ён стварыў. Хоць яны і выраслі ў лукашэнкаўскай сістэме, але яны не такія, як ён, яны людзі іншага часу. Яны выраслі ў часы, калі межы былі больш адкрытыя — да 2020 года не было ж такой шчыльнай жалезнай заслоны.

Думаю, Лукашэнка баіцца, што новыя кадры могуць звярнуць з яго курсу, а сістэма, якую ён выбудаваў, можа абрынуцца.