Даручылі вырабляць хакейныя шайбы. Лукашэнка працягвае здзекавацца з «Белшыны»
На бабруйскай «Белшыне» новая бяда. Па ініцыятыве Лукашэнкі прадпрыемства занялося няпрофільнай працай — вытворчасцю хакейных шайбаў, піша «Салідарнасць».
Вытворца аўтамабільных шын «Белшына». Прамысловы гігант і гонар краіны. На жаль, ужо ў мінулым. Замест навін аб выхадзе на прыбытковую працу і павышэнні эфектыўнасці — паведамленне аб запуску ў серыйную вытворчасць хакейных шайбаў.
Выпуск наладзілі па ініцыятыве вялікага аматара гэтага віду спорту Аляксандра Лукашэнкі, таму ні аб якім сур'ёзным бізнес-плане гаворкі не ідзе.
«Аб'ёмы вытворчасці будуць залежаць ад колькасці заказаў. У цяперашні час бабруйская хакейная каманда «Дынама-Шыннік» гуляе і трэніруецца з шайбамі «Белшыны». Спадзяемся, прыклад з нашых мясцовых спартоўцаў возьмуць і іншыя», — піша з гэтай нагоды «Веснік Белнафтахіма».
Лукашэнка стварае праблемы для «Белшыны» даўно і ўпарта. Метады каманднай эканомікі прывялі некалі квітнеючае прадпрыемства да глыбокага крызісу. Зарабіць не атрымліваецца, нават маючы пад бокам велізарны расійскі рынак.
Апошняя адкрытая фінансавая справаздачнасць (за 2019 і 2020 гады) паведаміла аб велізарных стратах прадпрыемства.
У 2021-м праз дзеянні Лукашэнкі ў штучным стварэнні крызісу з нелегальнымі мігрантамі на межах з ЕС «Белшына» трапіла пад еўрапейскія санкцыі.
У пачатку 2023-га кіраўнік расправіўся з гендырэктарам «Белшыны» Андрэем Бунаковым, які некалькі гадоў як мог спрабаваў палепшыць фінансавае становішча прадпрыемства.
Лукашэнка абвінаваціў яго ў злачынстве: Бунакоў заключыў кантракт з расійскімі партнёрамі на продаж буйнагабарытных шын ніжэй за сабекошт — пры росце коштаў на гэтую прадукцыю.
«Што зрабіў гэты генеральны дырэктар «Белшыны»: ён заключае дамову з нейкімі расійскімі... Ну, я іх жулікамі называю. Інакш не назавеш. Заключае дагавор, што ён будзе толькі ім прадаваць гэтыя шыны на прыкладна 16-20% ніжэй за сабекошт... Які дырэктар можа наогул у любой сітуацыі заключыць такі дагавор? Які? Гэта адразу — дагавор паглядзеў — у турму», — заявіў Лукашэнка.
Праблема ў тым, што гэта звычайная практыка для дзяржпрадпрыемстваў-ад іх максімальных продажаў сабе ў страту патрабуе само кіраўніцтва краіны. У лютым 2023-га стала вядома, што Андрэя Бунакова адправілі ў СІЗА КДБ, а ў ліпені першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, як ні ў чым не бывала, заявіў аб продажах калійных угнаенняў: «Сёння ў прынцыпе ўсе кампаніі сталі гуляць у гульню «аб'ёмы вышэй цаны». Па даручэнні прэзідэнта мы гэтым займаемся ўжо з мінулага года. Гэта значыць, мы ставім пастаўку аб'ёмаў вышэй, чым кошт».
Лукашэнка нібы за нешта помсціць «Белшыне». Цяпер справа дайшла да няпрофільнай і нікому не патрэбнай вытворчасці хакейных шайбаў. Легендарнае прадпрыемства занята арганізацыяй пацехі для кіраўніка.