Мацкевіч: трэба абвясціць мараторый на бессэнсоўныя вулічныя акцыі
Вулічныя акцыі «патрэбныя тады, калі трэба зрабіць рашучы крок. І калі людзі будуць ведаць, дзеля чаго гэты рашучы крок трэба зрабіць. А так... Хадзіць па вуліцах абы хадзіць?» — сказаў у эфіры «Еўрарадыё» адзін са стваральнікаў кампаніі «Свежы вецер», філосаф Уладзімір Мацкевіч.
Кампанія "Свежы вецер", якая ставіць за мэту супрацьстаяць "паглыбленню інтэграцыі" Беларусі і Расіі, запомнілася найперш крэатыўнымі вулічнымі пратэстамі.
Гэта яны паставілі на тусовачнай мінскай вуліцы Кастрычніцкай “Неза-будку”, дзе кожны мог сказаць усё, што думае пра інтэграцыю, ганялі венікамі чалавека ў масцы Уладзіміра Пуціна і прынеслі гарбуз да амбасады Расіі ў Беларусі.
Але цяпер адзін са стваральнікаў кампаніі, філосаф Уладзімір Мацкевіч, лічыць, што вулічныя пратэсты трэба паставіць на паўзу.
"Трэба абвясціць мараторый на бессэнсоўныя вулічныя акцыі. Яны патрэбныя тады, калі трэба зрабіць рашучы крок. І калі людзі будуць ведаць, дзеля чаго гэты рашучы крок трэба зрабіць. А так... Хадзіць па вуліцах абы хадзіць? Абы атрымліваць штрафы? А потым ганарыцца — а я столькі адсядзеў, а я столькі заплаціў — і быць героем з гэтага?" — заяўляе Мацкевіч у эфіры «Еўрарадыё».
Пратэсты супраць інтэграцыі праходзяць у Беларусі з пачатку снежня. Кожныя выхадныя людзі збіраюцца на Кастрычніцкай плошчы і ідуць шэсцем на плошчу Незалежнасці, а таксама ўтвараюць жывы ланцуг "Ад цырка да Незалежнасці".
Постфактум пратэстоўцаў выклікаюць у міліцыю, складаюць пратаколы і судзяць. Але падчас акцый сілавікі не затрымліваюць іх удзельнікаў, яны абыходзяцца без гвалту.
Што праўда, Мацкевіч лічыць, што нават брутальны разгон апазіцыйных пратэстаў не аб'яднае беларусаў:
"Збіццё дэманстрантаў абурае грамадства толькі тады, калі грамадства ставіцца да збітых дэманстрантаў з павагаю, нават з любоўю ставіцца да збітых дэманстрантаў. А калі яны нікому не цікавыя ў грамадстве... Ну, збілі і збілі. Не забілі — ну і добра".
Напярэдадні наступнай хвалі пратэстаў амаль усе іх натхняльнікі аказаліся затрыманымі і арыштаванымі.