МУС Расіі прапаноўвае пазбаўляць волі за прапаганду наркотыкаў у інтэрнэце
МУС Расіі прапануе абнавіць Крымінальны кодэкс РФ і пазбаўляць волі на тэрмін да двух гадоў за прапаганду наркотыкаў у СМІ і інтэрнэце. Гэта не закране інфармацыі пра наркотыкі ў медыцыне, запэўнівае ведамства.
Міністэрства ўнутраных спраў Расіі ў пятніцу, 27 снежня, прапанавала ўсталяваць крымінальную адказнасць за прапаганду спажывання або абароту наркотыкаў і нарказмяшчальных раслін.
Гэты законапраект з’явіўся на партале нарматыўных прававых актаў. Ён мае на ўвазе з'яўленне ў Крымінальным кодэксе РФ новага артыкула, паводле якога мінімальным пакараннем за прапаганду наркотыкаў у СМІ ці інтэрнэце стане штраф 50 тысяч рублёў, а максімальным — пазбаўленне волі на два гады. Акрамя таго, МУС РФ прапануе даваць ад 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі за «схіленне да спажывання наркотыкаў» праз СМІ ці інтэрнэт.
Калі ж наркотыкі або нарказмяшчальныя расліны прызначаныя «для выкарыстання ў медыцынскіх мэтах» ці «ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці медыцынскіх і фармацэўтычных работнікаў», то распаўсюд інфармацыі пра іх не будзе падпадаць пад новы артыкул Крымінальнага кодэкса.
Цяпер расійскае заканадаўства прадугледжвае толькі адміністрацыйную адказнасць за прапаганду наркотыкаў і псіхатропных рэчываў. У МУС тлумачаць прапанову крымінальнай адказнасці тым, што для высвятлення абставінаў правапарушэння і пошуку вінаватых неабходныя «складаныя камп'ютэрна-тэхнічныя, лінгвістычныя і іншыя экспертызы», а іх правядзенне доўжыцца даўжэй, чым адміністрацыйнае расследаванне.
Паводле www.dw.com