На Еўракамісію і Раду ЕС падалі ў суд. Вінаватая Польшча

Паводле юрыстаў, «Польшча працягвае руйнаваць судовую незалежнасць не толькі ў сябе, але і ў іншых краінах ЕС». Нягледзячы на гэта, еўрапейскія чыноўнікі выдзелілі Польшчы 35 мільярдаў еўра на аднаўленне пасля пандэміі.

_121199448_poola_el_viidad_getty.jpg.webp


На два кіруючыя органы Еўрасаюза пададзены судовыя скаргі. Гэта зрабілі чатыры прававыя арганізацыі, уключаючы Еўрапейскую асацыяцыю суддзяў, з-за таго, што Еўракамісія і Рада Еўрасаюза адобрылі вылучэнне Польшчы 35 млрд. еўра з фонду ліквідацыі наступстваў пандэміі, нягледзячы на парушэнне ў краіне правіл ЕС, паведамляе тэлеканал «Euronews». У прыватнасці, юрысты гавораць, што Варшава адмаўляецца выконваць рашэнне Еўрапейскага суда, якое патрабуе скасаваць незаконную дысцыплінарную палату. Істцы кажуць, што Польшча працягвае падрываць судовую незалежнасць не толькі ў сябе, але і ў іншых краінах-сябрах ЕС.
«Уся еўрапейская судовая сістэма знаходзіцца пад пагрозай, таму што яна заснавана на ўзаемным даверы, — сказаў парыжскі правазнаўца Альберта Алемана. — Як мы можам быць упэўнены ў справядлівасці рашэнняў, прынятых у Польшчы па апецы над дзецьмі ад змешаных пар, або па еўрапейскіх ордэрах на арышт, калі сёння ў Польшчы не гарантавана судовая незалежнасць?»
Юрысты падалі іск у Суд агульнай юрысдыкцыі, патрабуючы адмяніць рашэнне аб прадастаўленні Польшчы сродкаў з аднаўленчага фонду, бо яна не выконвае судовыя рашэнні. Удзельнікі групы кажуць, што Польшчу ўзнагароджваюць за яе паводзіны пасля пачатку вайны ва Украіне.
«Больш за год Еўрапейская камісія не магла ўхваліць нацыянальны план аднаўлення Польшчы праз адсутнасць у яе судовай незалежнасці і іншых рознагалоссяў паміж Бруселем і Варшавай, — працягвае правазнаўца. — Але затым польскі ўрад праявіў да уцекачоў з Украіны шчодрасць і гасціннасць, заваяваўшы тым самым нямала ачкоў у вачах іншых урадаў, што падштурхнула еўрапейскія інстытуты ўлады да зацвярджэння аднаўленчага плана».
На дадзены момант прыналежныя Польшчы грошы ёй яшчэ не выдзелены, паколькі тэрміны выканання пэўных этапаў гэтага працэсу не выкананы. Еўрапейская камісія заяўляе, што прымае да ведама судовы іск, але прытрымліваецца свайго пагаднення з Польшчай.