«Я не купляю амаль нічога». Колькі каштуе беларусам сабраць дзяцей у школу за мяжой?
Для беларускіх бацькоў падрыхтоўка дзіцяці да новага навучальнага года часта становіцца асобнай нагодай наведаць псіхолага. Але ці паўсюль гэты працэс прыносіць так шмат клопатаў? Спыталі ў чытачоў «НЧ», якія ў гэтым годзе павядуць маленькіх беларусаў у школы Польшчы, Францыі і ЗША.
![5_osnovnyh_problem_12.jpg 5_osnovnyh_problem_12.jpg](/img/v1/images/5_osnovnyh_problem_12.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прыгожая школьная форма ў Беларусі каштуе дорага, ды і знайсці яе няпроста: разбіраюць, падаецца, яшчэ ў чэрвені. Шматлікія кірмашы з канцылярыяй пачынаюцца ў ліпені, але ж тады лета яшчэ падаецца бясконцым і натоўп
заклапочаных мам і татаў збіраецца бліжэй да верасня. Міністэрства адукацыі і
адміністрацыі беларускіх школ увогуле не пераймаюцца палягчэннем жыцця бацькоў
і год ад года толькі выстаўляюць новыя патрабаванні і артыкулы расходаў. Але ж
спынімся ў пералічэнні мясцовых пакут і звернемся да досведу нашых
суайчыннікаў па-за межамі Беларусі.
ЗША. Ноўтбукі і планшэты для беларускай малечы
![school_students_with_raised_hands__back_view_548929059_5b87f9d14cedfd00254a2f51.jpg school_students_with_raised_hands__back_view_548929059_5b87f9d14cedfd00254a2f51.jpg](/img/v1/images/school_students_with_raised_hands__back_view_548929059_5b87f9d14cedfd00254a2f51.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У гэтым годзе чытач «Новага Часу» — беларус, што пераехаў у Амерыку з сям'ёй — павядзе дзяцей у першы і чацвёрты клас мясцовай школы. Мужчына расказвае, што на закупы па школьным спісе (у кожнай школе ён свой) заплаціў 89 долараў для першага класа і 110 долараў — для чацвёртага. Таксама за кожнае дзіця давялося заплаціць па 75 долараў абавязковага ўнёску.
— А яшчэ кожны месяц будзем плаціць за арэнду музычнага інструмента для старэйшай (каля 30 долараў), — дадае чытач. — Тут абавязковае навучанне на музычных інструментах, а таксама хор.
Адзінай школьнай формы ў маленькіх беларусаў, якія пойдуць у амерыканскую школу, не будзе. Толькі агульныя патрабаванні да знешняга выгляду, абутку і «выканання тэмпературных рэалій».
З цікавага: у працэсе адаптацыі дзяцей у новай краіне настаўнікі для камунікацыі з шасцігадовым дзіцём не выкарыстоўваюць ніякіх перакладчыкаў, адзначыў наш чытач.
— Сказалі, што ў яго цудоўны ўзрост для добрай моўнай адаптацыі і загадалі не лезці з дапамогай, — падзяліўся мужчына. — Са старэйшай дачкой больш складана: англійскую мову яна ведае толькі крыху, таму настаўнікі выкарыстоўваюць дадаткі-перакладчыкі.
![education_in_usa_01.jpg education_in_usa_01.jpg](/img/v1/images/education_in_usa_01.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Харчаванне ў амерыканскай школе для маленькіх беларусаў раней было бясплатным, але ў новым навучальным годзе давядзецца плаціць. Па жаданні дзеці могуць прыносіць у школу хатнюю ежу з сабой.
— На мой погляд, у беларускай школе кармілі лепш, — прызнаецца наш суразмоўца.
![Бацькі маюць права адмовіцца ад школьнага харчавання і не тлумачыць прычын Бацькі маюць права адмовіцца ад школьнага харчавання. Але на практыцы проста не атрымаецца](/img/v1/images/_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Што да добрых навін для беларускіх школьнікаў у ЗША, мясцовая школа выдае ўсе дапаможнікі, кнігі, доступ да платных рэсурсаў і (прыбярыце беларускіх школьнікаў ад экранаў) нават ноўтбук вучням чацвёртага класа (трэба забіраць яго дамоў і прыносіць на заняткі), а першакласнікам — iPad (малеча пакідае яго ў школе). Таксама на занятках выдаюцца папера, гліна, пастэль, фарбы, наборы для эксперыментаў (уяўляеце, пасля працоўнага дня не трэба ехаць па гуаш ці акварэль!).
Польшча. «Я не купляю амаль нічога. Раскажу чаму».
![image_48.jpg image_48.jpg](/img/v1/images/image_48.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пералятаем праз акіян і скіроўваемся бліжэй да радзімы — у такую, падаецца, знаёмую беларусам Польшчу. У пытаннях падрыхтоўкі да школы ёй ёсць чым вас здзівіць.
— У Польшчы няма не толькі школьнай формы, але і дрэс-кода, — падзялілася з рэдакцыяй беларуска, якая перабралася з дзецьмі ў суседнюю краіну. — Хтосьці ходзіць у школу ў шортах, хтосьці ў спадніцы-пачцы. У маіх дзяцей няма нейкіх асаблівых пераваг у адзенні: зручныя ўлюбёныя баваўняныя штаны ці джынсы плюс майка/цiшотка/лонгсліў/джэмпер. І як жа выдатна, што не трэба дзяліць адзенне на «гэта можна ў школу» і «гэта нельга ў школу». Улюбёная кофта з «Майнкрафтам» не сумуе на паліцы, яе можна смела апрануць на заняткі. Хоць на ліцэістах (ліцэем тут называюць старэйшыя класы школы) па суседстве я не бачу шмат яркіх колераў — у асноўным чорна-белая гама, але гэта цалкам могуць быць джынсы з ірваным краем або скураная камізэлька.
![Рэпетытар разнёс ідэю школьнай формы «Тэатр абсурду». Вядомы рэпетытар Яўген Лівянт разнёс ідэю школьнай формы ў Беларусі](/img/v1/images/19248003_1469855213035170_8346563139936169386_n.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Такім чынам, ніякіх выдаткаў на асаблівае школьнае адзенне ў беларускіх бацькоў у Польшчы няма, гардэроб у дзяцей змяняецца толькі ў залежнасці ад сезону.
— Напрыканцы школьнага года я зрабіла рэвізію адзення: адклала тое, што не падыходзіць па памеры, частку адзення ад старэйшага адклала на паліцу малодшага, прыблізна прыкінула, чаго не хапае, купіла кашулю і пару штаноў: не спяшалася, выбрала іх на распродажы, — дзеліцца лайфхакам беларуска.
![590_2.jpg 590_2.jpg](/img/v1/images/590_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Што да абутку, у польскай школе дзеці апранаюць зменку. Адзінае патрабаванне да яе — белая падэшва, каб не заставалася слядоў на падлозе.
— Часцей за ўсё бацькі тут купляюць кеды-тэпці, хаця сустракаюцца і сандалі. Плюс красоўкі/кеды на фізкультуру, — кажа жанчына.
З канцтавараў бацькам, якія аддаюць дзяцей у польскія школы, давядзецца набыць сшыткі на кожны прадмет (часта назва прадметаў на іх ужо надрукавана, але дазваляецца амаль любая вокладка сшыткаў, якую вучань пазначыць налепачкай з назвай прадмета). Дарэчы, чытачка «НЧ» адзначае, што правіл да подпісу сшыткаў няма. Таксама спатрэбіцца набыць дзіцяці звычайны канцылярскі набор: пенал, алоўкі, лінейкі, асадкі і гэтак далей. А яшчэ — папку фармата А4, бо вучням часта раздаюць раздрукаванныя заданні і дадатковыя матэрыялы.
— Часам на заняткі просяць прынесці скотч, кардон, каляровую паперу або фарбы, — дадае маці маленькіх беларусаў. — У малодшага ў класе мы скінуліся на ўсё гэта па 20 зл. ($4-5) на ўвесь год. Да гэтага навучальнага года асноўная канцылярыя даўно падрыхтавана: нешта засталося з мінулага года, нешта дакупілася на распродажы ўзімку.
Што яшчэ давядзецца набыць: школьны заплечнік, мех для фізкультуры, саму форму на фізкультуру (шорты плюс цiшотка ці штаны плюс цiшотка і кеды/красоўкі).
З невідавочнага: беларускім вучням у польскай школе спатрэбіцца бутэлька з пітной вадой і ланчбокс (для перакусу паміж заняткамі).
Падручнікі ў польскіх школах выдаюць бясплатна. Часта разам з рабочымі сшыткамі, у якіх дзеці выконваюць заданні.
Прыемны бонус — у Польшчы бацькі вучняў атрымліваюць па 300 зл. (каля $65) у якасці падтрымкі.
Беларуска падлічыла прыблізныя выдаткі мінулага года, каб падрыхтаваць дзяцей да школы. Атрымалася наступнае:
![65e51782_c12f_4a94_9cb4_4c589a998a6e.jpg 65e51782_c12f_4a94_9cb4_4c589a998a6e.jpg](/img/v1/images/65e51782_c12f_4a94_9cb4_4c589a998a6e.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Францыя. «Мама, паглядзі, на маёй парце нехта пакінуў пенал»
![sl5.jpg sl5.jpg](/img/v1/images/sl5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«А так можна было?» — спытаеце вы, прачытаўшы наступную гісторыю.
Кацярына, чый сын Платон скончыў першы клас у Беларусі, была ўражаная французскім падыходам да падрыхтоўкі малечы да навучальнага года. Жанчына кажа, што на радзіме вельмі шмат грошай даводзілася выдаткоўваць на адзенне і канцтавары.
— У Францыі не трэба плаціць ні за што, не трэба купляць нічога, — кажа беларуска. — У мінулым годзе мой сын ужо пачаў хадзіць у французскую школу, проста паспрабаваў вясной дзеля адаптацыі. Я адвяла яго ў клас, тады сын сказаў: «Мама, паглядзі, на маёй парце нехта пакінуў пенал». Аказалася, што школа выдае дзецям абсалютна ўсе канцтавары.
Таксама французская дзяржава вылучае на кожнага вучня пэўную суму грошай, у раёне 400 еўра, якой могуць распараджацца бацькі (падрабязней — на скрыншоце, які даслала маці маленькага беларуса).
![2b7d9e04_a16f_4dd3_87b4_fb1ce318d015.jpg 2b7d9e04_a16f_4dd3_87b4_fb1ce318d015.jpg](/img/v1/images/2b7d9e04_a16f_4dd3_87b4_fb1ce318d015.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— То-бок у гэтым годзе, рыхтуючы дзіця да школы, я, магчыма, набуду яму якую-небудзь цішотку, калі знайду ў крамах прыгожую, — кажа Кацярына. — А калі не знайду, у яго ўжо ўсё і так ёсць: заплечнічак, бутэлька для вады і яго ўлюбёны пенал.
Таксама жанчына распавяла, што калі яе сын паспрабаваў мінулай вясной наведваць французскую школу, выкладчыца выдала хлопчыку цэлую скрыню з рознымі пазламі, кніжкамі, сшытачкамі, каб з іх дапамогай дзіця магло добра падрыхтавацца да наступнага навучальнага года.
Калі вы думаеце, як хутчэй трапіць у гэты бацькоўскі рай, Кацярына кажа, што гэта не так складана, як можа падавацца.
— Згодна з французскім заканадаўствам дзіця абавязанае наведваць школу, — адзначае беларуска. — Таму, калі маленькі хлопчык ці дзяўчынка прыязжджае з бацькамі ў Францыю (пры гэтым бацькі, вядома, павінны легальна знаходзіцца на тэрыторыі французскай дзяржавы, але не мае значэння, як доўга яны тут жывуць і які маюць статус), тады бацькі маюць права прыйсці ў мэрыю, аформіць дакументы дзіцяці, і назаўтра ён можа пайсці ў школу.
Беларускай сістэме адукацыі, відавочна, ёсць куды імкнуцца ў тым, каб і вучням, і іх бацькам было прыемна разам праходзіць гэты найістотнейшы перыяд у жыцці — навучанне ў школе. Але, мяркуючы па тым, якімі пытаннямі заклапочана адпаведнае міністэрства, пажаданыя змены наступяць вельмі не хутка. Тым не менш, усё у нашых руках.
![Back to USSR. Беларускія школьнікі будуць здаваць мабільнікі, насіць форму і слухаць гімн Back to USSR. Беларускія школьнікі будуць здаваць мабільнікі, насіць форму і слухаць гімн](/img/v1/images/hijn_lenon.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)