Ганна Севярынец: Самае важнае — каб мы самі ўнутры разумелі, дзе праходзіць маральная мяжа
Калі ў дзяцінстве папусціць некаторыя маральныя забароны, калі не выставіць чырвоныя сцяжочкі альбо, што часцей, наадварот на месцы патрэбных чырвоных сцяжочкаў паставіць стрэлачкі, якія нібыта паказваюць шлях да поспеху, — у дарослым узросце з гэтым нічога зрабіць будзе немагчыма, — піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку Ганна Севярынец.
— Я падзяляю думку аб тым, што потым, калі скончыцца ўсё гэтае вось — ніхто ні ў чым не будзе шчыра каяцца, і да канца жыцця сам сабе будзе думаць, што ў сваім чорным злачынстве ўсё адно меў рацыю і не меў віны.
Акрамя біблейскіх забарон кшталту «не забі», «не мані», «не ілжэсведчы» ёсць яшчэ некалькі невідавочных чырвоных сцяжкоў, з якіх расце шмат цяперашніх глабальных праблем.
Першае: дзяцей трэба перасцерагаць ад таго, каб яны прымалі на сябе любую веліч (паспяховасць, крутасць, магутнасць) любых груп. Любыя слоганы кшталту «мы самая крутая каманда», «мы найлепшыя», «ты з намі, а значыць, ты файны» — самы лёгкі шлях да прысваення сабе чужых вартасцей і, адпаведна, да скажэння маральнага закона ўнутры сябе.
Другое: я б раіла вельмі асцярожна абыходзіцца з любым паняццем элітнасці альбо элітарнасці. Прыналежнасць да эліты — калі раптам чалавек яе нейкім чынам адчуў — гэта не бонус, узнагарода альбо безумоўнае права на нейкія дадатковыя магчымасці, гэта найперш і толькі — адказнасць. Каму шмат дадзена, з таго шмат возьмецца.
Трэцяе: мне падаецца, мы мусім асцярожна, без знявагі і бубнення над вухам, але даваць зразумець дзецям, што да пэўнага ўзросту іх магчымасці — гэта магчымасці іх бацькоў. Памятаю, як у маёй маладосці, якая прыйшлася на дзевяностыя, адна дзяўчынка неяк сказала «праз губу»: "Насіць джынсы танней за 50 баксаў — ніжэй за пачуццё ўласнай годнасці". Пры гэтым кожнаму з нас было вядома, колькі высілкаў кладуць нашыя бацькі на тое, каб набыць джынсы хаця б за дзясятку. Як на мяне, пакуль ты сам не зарабляеш, насіць празмерна дарагія рэчы (50 даляраў у дзевяностыя — гэта было вельмі шмат) — гэта якраз пра пачуццё ўласнай нягоднасці:)
Выхоўваць такія (і любыя іншыя) маральныя межы ніколі нельга бубненнем, натацыямі, крыўднымі заўвагамі альбо, крый божа, пакараннямі. Тры метады дазваляюць рабіць гэта спакойна і якасна: уласны прыклад, спакойная гутарка альбо тактоўная заўвага і дыскусія, лепей нават не вакол учынку канкрэтнага падлетка, а вакол фільма, камп'ютарнай гульні, кніжкі. Самае важнае — каб мы самі ўнутры разумелі, дзе праходзіць маральная мяжа. Тады яна натуральным чынам дасца ў спадчыну і дзецям.
Безумоўна, гэтыя межы будуць парушацца. Магчыма, нехта ў жыцці стане перад выбарам, калі — ну ніяк. Толькі амаральны ўчынак. Рознае бывае. Але наяўнасць меж — магчымасць потым адрэфлексаваць і прызнаць памылку альбо віну.
Уменне прызнаваць памылкі — ці не самае важнае з інтэлектуальных уменняў чалавека, які хоча не тое каб знішчыць, але хаця б паменшыць колькасць зла навокал сябе.