На «выбары» вылучыліся Лукашэнка і Гайдукевіч, прычым другі ўжо пачаў агітаваць за першага

Выбарчая кампанія ў Беларусі пачалася паводле загадзя вызначанага ўладай сцэнару. Усё робіцца дзеля таго, каб ніякія выпадковыя кандыдаты не зьявіліся нават на далёкіх подступах. І каб не было залішняй палітызацыі, а «выбары» прайшлі як тэхнічная працэдура, як адпрацаваны сумны рытуал.

_belarus_horad_vosen_2022_fota_novy_czas__6__logo.jpg

Як вядома, Палата прадстаўнікоў прызначыла дату выбараў у той час, калі Аляксандар Лукашэнка быў за мяжой, у Казані, піша на «Свабодзе» палітолаг Валер Карбалевіч. Даючы ў гэты дзень інтэрвію расейскай журналісцы Вользе Скабеевай, ён нават зрабіў выгляд, што ўпершыню пра гэта даведаўся і быў уражаны. Маўляў, што зробіш: дэмакратычная працэдура, ён казаў кіраўніцтву парлямэнту: «Вашае права... прымайце рашэньне». Сэнс гэтай гульні ў тым, каб давесьці, што Лукашэнка нібыта ня сам сябе выбірае, а дзейнічаюць незалежныя дзяржаўныя інстытуты, існуюць працэдуры, а ён у выніку падпарадкоўваецца волі народу.

Падчас паездкі ў Казань на саміт BRICS Лукашэнка дэманстраваў, што ён у добрай працоўнай форме. Акрамя выступу на самім форуме, правёў шэсьць сустрэч з замежнымі лідэрамі, даў пяць інтэрвію, тры зь іх — расейскім мэдыя, што ўпісваецца ў задачу перадвыбарнага піяру.

Як заўсёды, нагаварыў шмат супярэчлівага. На саміце BRICS назваў гэтую інстытуцыю «супольнасьцю будучыні», якая «паводле свайго патэнцыялу можа наблізіць канец гісторыі дамінаваньня калектыўнага Захаду». А потым у інтэрвію «Известиям» крытыкаваў гэтую ж структуру за неэфэктыўнасьць. Назваў інфармацыю аб прыбыцьці вайсковага кантынгенту КНДР на дапамогу расейскаму войску «глупствам», хоць Уладзімір Пуцін не адмаўляў такога факту. Канстатаваў, што спроба сілавога далучэньня Беларусі да Расеі магла б закончыцца вайной. Тым самым выступіў абаронцам сувэрэнітэту (яшчэ адзін перадвыбарны вобраз).

Дарэчы, казаў і пра «выбары». На пытаньне журналіста «Известий» аб прэзыдэцкай кампаніі Лукашэнка зьвёў тэму да магчымасьці пратэстаў: «Мы не выключаем, што могуць быць нейкія інсынуацыі, правакацыі і гэтак далей. Але вось гэтага (як у 2020-м) больш ня будзе. Мы гэтага не дапусьцім».

Гэта значыць, цяпер паняцьце «прэзыдэнцкія выбары» ў Лукашэнкі асацыюецца з народнымі пратэстамі.


Глядзіце таксама

Што тычыцца самой выбарчай кампаніі, то яна пачалася паводле вызначанага ўладай сцэнару. Да 1 лістапада прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта павінны падаць заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп. Усяго тыдзень даецца на тое, каб сфармаваць такія групы. А каб рэальна сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходна некалькі тысяч чалавек. Як пасьпець сабраць іх за тыдзень? Усё робіцца для таго, каб ніякіх выпадковых кандыдатаў не зьявілася нават на далёкіх подступах.

Агітацыйная кампанія будзе праходзіць у самы разгар сьвяткаваньня Калядаў і Новага году. Гэта каб не было залішняй палітызацыі, а выбары адбыліся як тэхнічная працэдура, сумны рытуал.

Пакуль што пра намер вылучацца на пасаду прэзыдэнта заявілі двое: Аляксандар Лукашэнка і Алег Гайдукевіч. Прычым другі ужо пачаў агітаваць за першага, то бок выконваць адведзеную яму ўладай ролю.

І ўсё астатняе — паводле новых традыцый. Выбарчых участкаў за мяжой ня будзе. Што адметна: калі беларускіх эмігрантаў было мала, то такія ўчасткі ствараліся. А цяпер, калі іх колькасьць перавысіла некалькі соцень тысяч, то забаранілі. Бо беларусы за мяжой маглі б рэальна паўплываць на вынікі галасаваньня (калі б галасы лічыліся).

Прозьвішчы сяброў выбарчых камісій зноў засакрэчаныя. Краіна не павінна ведаць сваіх герояў!

Ідзе толькі трэці дзень з дня абвяшчэньня «выбараў», а ўжо здарыўся скандал. Нібыта ад імя партыі «Белая Русь» масава рассылаліся лісты аб вылучэньні Натальлі Качанавай у прэзыдэнты. Забаўны фэйк, які сям-там ва ўладных кабінэтах выклікаў пярэпалах. Зрэшты, такую невыразную шэрую выбарчую кампанію толькі падобныя фэйкі і ажыўляюць.