У Грузіі завяршыліся парламенцкія выбары. «Грузінская мара» святкуе перамогу, але ёсць нюанс
У Грузіі завяршыліся парламенцкія выбары. Выбарчыя ўчасткі зачыніліся а 20:00 па мясцовым часе (а 19-й па Мінску).
![Фота са старонкі прэзідэнткі Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў "Фэйсбуку" Фота са старонкі прэзідэнткі Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў "Фэйсбуку"](/img/v1/images/448272754_1008761157284244_4858164946678172596_n.webp?f=f&h=396&o=0&u=1729961644&w=528)
Фота са старонкі прэзідэнткі Грузіі Саламэ Зурабішвілі ў "Фэйсбуку"
Пасля абвяшчэння першых экзітполаў, перамогу святкуюць і кіруючая «Грузінская мара», і асноўныя апазіцыйныя партыі, адзначае newsgeorgia.ge.
У партыі ўлады давяраюць апытанням праўладнага тэлеканала «Імедзі», які паведамляе пра вынік партыі ўлады ў больш чым 56%. Апаненты ўладаў абапіраюцца на звесткі апытанняў апазіцыйных каналаў. Згодна з імі, апазіцыя атрымае ў парламенце большасць.
Экзітпол Edison Research, па замове апазіцыйнага тэлеканала Formulа
«Грузінская мара» — 40,9%; «Кааліцыя за перамены — Гварамія, Мелія, Гірчы, Дроа» — 16,7%; «Адзінства» («Нацыянальны рух», «Стратэгія Агмашэнебелі», «Еўрапейская Грузія») — 16,7%; «Моцная Грузія» («Лело», «За народ», «Плошча Свабоды», «Грамадзяне» — 10,3%; «Гахарыя — За Грузію» — 8,2%; «Гірчы» — 2,3%; «Альянс патрыётаў» / «Альт-інфа» — 2%; Лейбарысцкая партыя — 2%; іншыя партыі — 0,9%.
Паводле гэтых звестак, чатыры апазіцыйныя партыі атрымліваюць у парламенце 83 мандаты, а «Грузінская мара» — 67 мандатаў.
Экзіт-пол кампаніі Harrys X на замову апазіцыйнага тэлеканала Mtavari
«Грузінская мара» — 42%; «Кааліцыя за перамены — Гварамія, Мелія, Гірчы, Дроа» — 18%; «Адзінства» («Нацыянальны рух», «Стратэгія Агмашэнебелі», «Еўрапейская Грузія») — 13%; «Моцная Грузія» («Лело», «За народ», «Плошча Свабоды», «Грамадзяне») — 9%; «Гахарыя — За Грузію» — 8%.
Экзіт-пол кампаніі GORBI на замову праўрадавага тэлеканала «Імедзі»
«Грузінская мара» — 56,1%; «Кааліцыя за перамены — Гварамія, Мелія, Гірчы, Дроа» — 12,6%; «Адзінства» («Нацыянальны рух», «Стратэгія Агмашэнебелі», «Еўрапейская Грузія») — 11,6%; «Моцная Грузія» («Лело», «За народ», «Плошча Свабоды», «Грамадзяне») — 7%; «Гахарыя — За Грузію» — 4,8%; «Гірчы» — 3%; «Альянс патрыётаў» / «Альт-інфа» — 2,1%, іншыя партыі — 2,7%.
«Грузінская мара» тым часам ужо запускае ў Тбілісі салюты ў гонар сваёй перамогі, не чакаючы афіцыйных вынікаў, піша блогер Мікалай Леўшыц. Первыя вынікі выбараў між тым ЦВК пачне агучваць пасля 22 гадзін.
Глядзіце таксама
![Выбары ў Грузіі 26 кастрычніка. Чаго чакаць? Выбары — апошні шанец. Як Грузія, 70% насельніцтва якой хоча ў ЕС, разварочваецца ў бок Крамля](/img/v1/images/ap__1_.webp?f=c&h=360&o=0&u=1729876185&w=660)
Варта сказаць, што выбары праходзілі вельмі неспакойна. На шэрагу ўчасткаў фіксаваліся спробы подкупу выбаршчыкаў з бок, як мяркуецца, прадстаўнікоў «Грузінскай мары». Таксама мелі месца ўкіды бюлетэняў за дзейную ўладу і нават бойкі каля ўчасткаў. Таксама былі напады на незалежных журналістаў.
У Тбілісі, як паведамлялася, каля 150 чалавек уварваліся ў офіс апазіцыйнай партыя «Нацыянальны рух», у выніку інцыдэнту пацярпелі некалькі чалавек.
Крыніца: telegram
26 кастрычніка ў Грузіі праходзілі парламенцкія выбары. Участкі адкрыліся а 08:00 і зачыніліся а 20: 00. Права голасу мелі 3,5 млн грамадзян. Па стане на 18:00 яўка склала больш за 50%.
У выбарах удзельнічалі 18 партый, у тым ліку кіроўная «Грузінская мара», якая знаходзіцца ва ўладзе ўжо 12 гадоў.
150 дэпутатаў парламента ўпершыню абіраюць не па змяшанай, як раней, а цалкам па прапарцыйнай сістэме. Для праходжання ў заканадаўчы орган партыям неабходна пераадолець пяціпрацэнтны бар'ер.