Цяпер афіцыйна. Лукашэнка ідзе на «выбары», яго ініцыятыўную групу ўзначаліў кіраўнік ФПБ
У суботу, 26 кастрычніка, у Цэнтральную выбарчую камісію былі пададзеныя дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі.
Прапагандысты пішуць, што ініцыятыўную групу ўзначаліў старшыня праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.
«Сёння мы падалі ў ЦВК заяву і ўсе прыкладзеныя да яе дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, — заявіў Сянько. — Пасля рэгістрацыі ініцыятыўная група прыступіць да збору подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты. Усе спецыялісты падрыхтаваныя, мы перакананыя, што пройдзем гэты шлях вельмі прыгожа».
Сумнявацца сапраўды не прыходзіцца, бо ўвесь дзяржаўны апарат і сілавікі мабілізаваныя для таго, каб Лукашэнка кіраваў сёмы тэрмін — яшчэ пяць гадоў.
Нават фармальнай альтэрнатывы на гэтых «выбарах» не прадбачыцца, бо ўсе апазіцыйныя рухі рэпрэсаваныя, выціснутыя за мяжу і абвешчаныя па-за законам.
Балатавацца на «выбарах», як вядома, будзе кіраўнік «ліберальна-дэмакратычнай» партыі Алег Гайдукевіч. Праўда, агітаваць ён ужо пачаў не за сябе, а за Лукашэнку, што ніколі не здзіўляе.
Варта дадаць, што ў адпаведнасці з заканадаўствам у складзе ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатаў павінна быць не менш за 100 чалавек. «Наш склад значна большы, таму будзем працаваць ва ўсіх рэгіёнах краіны, дзе мясцовымі органамі ўлады будуць вызначаныя месцы для магчымага збору подпісаў, таксама ў працоўных калектывах (устаноўлены часовыя рамкі, калі гэта дазволена законам). Усе магчымыя формы збору подпісаў будуць выкарыстаныя. Перакананы, што нашы спецыялісты справяцца з гэтай задачай», — сказаў тым часам Сянько.
Нагадаем, што «выбары» Лукашэнкі на сёмы тэрмін прызначаныя на 26 студзеня 2025 года.
Дэмакратычныя сілы на чале са Святланай Ціханоўскай заклікалі беларусаў галасаваць у гэты дзень «супраць усіх».
Рух «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка трымаецца стратэгіі байкоту «выбараў».
Блогер і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч выступае за тое, каб выбаршчыкі аддалі свой голас Гайдукевічу ў рэчышчы «разумнага галасавання», якое некалі прасоўваў у Расіі апазіцыянер Аляксей Навальны.
Але відавочна, што адзінай пераможнай стратэгіі ў такіх умовах няма. «Пераабранне» Лукашэнкі — выключна тэхнічнай працэдура. Застаецца хіба што прагназаваць, колькі галасоў яму намалюе цалкам падкантрольны ЦВК. Хутчэй за ўсё, больш за 80%, каб палепшыць афіцыйныя паказчыкі 2020 года.