У Грузіі будзе палітычны крызіс? Апазіцыйныя партыі адмаўляюцца атрымліваць мандаты дэпутатаў
Назіральнікі зафіксавалі больш за 400 парушэнняў выбарчага працэсу і фальсіфікацыі вынікаў галасавання на парламенцкіх выбарах у Грузіі, што адбыліся 26 кастрычніка. Тры з чатырох апазіцыйных партый, якія прайшлі ў парламент і агулам маюць 29,6% галасоў, не прызнаюць вынікі, абвешчаныя ЦВК Грузіі.
Пасля апрацоўкі 99,3% бюлетэняў кіроўная «Грузінская мара» набірае 54,2% галасоў, паведамляе Цэнтрвыбаркам. Папярэдне, у «Мары» будзе 88 або 89 дэпутатаў са 150.
Кааліцыйная місія грамадзянскіх арганізацый Грузіі «Мой голас» апублікавала выніковую ацэнку парушэнняў на выбарах, адзначыўшы, што была распрацавана комплексная схема фальсіфікацыі. Па іх даных, напрацягу дня на назіральнікаў аказваўся беспрэцэдэнтны ціск, былі зафіксаваныя выпадкі фізічнага нападу, славесных абраз, запалохвання і неабгрунтаванага выдалення з участкаў.
У канцы дня стала відавочна, што выяўленыя ў ходзе маніторынгу праблемы з’яўляюцца часткай маштабнай схемы, накіраванай на змяненне вынікаў выбараў. Прымяняліся метады, такія як парушэнне сістэмы верыфікацыі, працэдуры маркіроўкі і перашкода назіральнікам ва ўдасканаленні працэсу ідэнтыфікацыі выбаршчыкаў.
У першай палове дня масава выдаваліся па два і больш бюлетэняў аднаму выбаршчыку. Былі зафіксаваныя выпадкі, калі бюлетэні ўжо мелі адзнаку на карысць кіруючай партыі. Шматлікія паведамленні аб зборы асабістых даных і канфіскацыі пасведчанняў асобы да выбараў былі часткай гэтай схемы, што дазволіла кіруючай партыі забяспечыць вырашальную колькасць галасоў, бачных у апублікаваных на сайце ЦВК выніках электронных чэкаў.
У многіх выпадках назіранне за працэсам галасавання было немагчымым, часам патрабавалася эвакуацыя назіральнікаў. У працэс выдалення назіральнікаў часам умешвалася паліцыя, што рабіла немагчымым належны маніторынг.
На дзень галасавання было зарэгістравана 244 скаргі і зроблена 183 заўвагі ў кнігах уліку парушэнняў.
Улічваючы ўсе выяўленыя парушэнні, арганізацыя лічыць, што «папярэднія вынікі, апублікаваныя ЦВК, не адлюстроўваюць волю грамадзян Грузіі».
Тры з чатырох апазіцыйных партый, якія прайшлі ў парламент («Адзіны нацыянальны рух», «Кааліцыя за перамены» і «Лело» — вынік 29,6% на ўсіх) не прызнаюць вынікі выбараў і абвясцілі, што не будуць атрымліваць мандаты, плануючы перманентныя масавыя акцыі пратэсту.