«Напісала, што ад свайго не адступіцца». Што новага ў палітвязняў-жанчын
Турэмныя навіны пра Алену Маўшук, Ганну Сунгураву і Тацяну Канеўскую сабрала «Радыё Свабода»
Дачку Алены Маўшук забіралі ў прытулак, бо засталася з айчымам
Алену Маўшук затрымалі падчас пратэстаў у Пінску 10 жніўня. Сваякі доўгі час не ведалі, дзе яна і што з ёй. Яны толькі чулі, што ў ізалятары сядзіць зусім голая і збітая жанчына.
Праз 4 дні ў міліцыі пацвердзілі, што Алена Маўшук у Баранавіцкім СІЗА.
Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Следства ўжо завяршылі, цяпер Алена чакае суду.
У Алены дарослая дачка і яшчэ двое непаўналетніх дзяцей. У верасні малодшую 10-гадовую дачку Алены забралі ў прытулак, бо муж жанчыны Сяргей з’яўляецца ёй айчымам. Супраць яго таксама завялі крымінальную справу за жнівеньскія пратэсты ў Пінску. Пазней дачку з прытулку забрала да сябе хросная.
Старэйшая ж дачка за час, пакуль Алена за кратамі, нарадзіла дзіця.
На ўмовы ўтрымання Алена Маўшук у лістах не наракае. «Піша, каб даслалі ёй алоўкі і фарбы, хоча заняцца маляваннем», — расказала ейная сваячка.
Алене Маўшук 44 гады. Яна рабіла санітаркай і памочніцай кухара ў пінскім шпіталі.
Дачцэ Ганны Сунгуравай кажуць, што мама ў камандзіроўцы
Ганну Сунгураву затрымалі 25 верасня паводле крымінальнай справы за ўдзел у масавых беспарадках.
Яе малодшай 11-гадовай дачцэ кажуць, што маці ў камандзіроўцы, якая зацягнулася, і дасылае адтуль лісты.
Ганна сядзіць у мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. У камеры 8 чалавек і мала вольнага месца, расказала ейная маці Анжэла. У адным з нядаўніх лістоў Ганна напісала, што вельмі сумуе па хатняй абстаноўцы.
«Відаць, турэмныя ўмовы ўсё ж прыгнятаюць, — кажа маці. — Але настрой у яе баявы. Перадае, што віны не прызнае і ад гэтага не адступіцца. А ці гэта азначае, што на яе неяк ціснуць — не ведаю. Толькі магу сказаць, што мая дачка не з тых, хто здаецца».
Ганна падбадзёрвае ў сваіх лістах сваякоў, піша, каб не перажывалі за яе і трымаліся.
Паводле Анжэлы, яе дачка была валанцёркай яшчэ да выбараў. У чэрвені яна развозіла пітную ваду, калі ў Мінску здарылася аварыя на водаправодзе. Пасля выбараў сустракала пратэстоўцаў з турмаў, адвозіла людзей дахаты пасля дэманстрацый.
«Яна заўсёды знойдзе, каму дапамагчы. З ёй у камеры сядзіць дзяўчына з Украіны, якой няма каму рабіць перадачы, дык просіць і для яе перадаць нешта. Яна за тых, каму дрэнна, паўстане гарой. І ёй шанцуе на цікавых людзей. Ведаю, што ў іхнай камеры сядзела Лілія Уласава з Каардынацыйнай рады».
За кратамі Ганна пачала маляваць партрэты сукамерніц.
Яна атрымлівае шмат лістоў, у тым ліку ад незнаёмых людзей. «Сукамерніцы адзначаюць, што турэмны цэнзар толькі на яе і працуе», — кажа яе маці.
У Ганны Сунгуравай трое дзяцей. Яна працавала менеджэрам у мэблевай фірме.
Таццяна Канеўская ў турме пачала маляваць партрэты сукамерніц
«Калі лопнула цярпенне, надзімай новае». Гэтую прымаўку, паводле сябровак, часта паўтарае актывістка руху «Маці-328» Таццяна Канеўская з Гомля.
Яна была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай, але нават не паспела прагаласаваць — 6 жніўня яе затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Цяпер трымаюць на «Валадарцы».
Сын Таццяны Аляксей кажа, што да яе не пускаюць адваката, спасылаюцца на каронавірус.
У лістах яна клапоціцца найперш пра дзяцей, а пра свае праблемы піша мала.
«Вось сяброўкам напісала, што хварэе, а нам дык не. Ці гэта каронавірус, не ведаем. Увесну было, што ўся наша сям’я перахварэла нечым падобным, таму не думаю, што мама хварэе „каронай“, але ў яе і свае хваробы, а ў турме ўсё абвастрацца», — расказаў сын.
У апошнім лісце ён заўважыў ноткі стомленасці: «Адзначыла мімаходзь, што Новы год сустрэнем паасобку, яна — у іншай кампаніі».
Днямі сваякі занеслі ў турму тэлевізар. Яны спадзяюцца, што да Новага году яго перададуць у камеру і Таццяна Канеўская сустрэне свята «крыху весялей».
На сёння, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 167 палітвязняў.