Паўла Севярынца пакінулі за кратамі яшчэ на два месяцы

«Сёлета Госпад адкрыў па-над нашай краінай неба. Святло Божае праменіць з Беларусі па ўсім свеце. Цуды здараюцца штодня», — напісаў Севярынец пра 2020 год у лісце да жонкі, паведамляе «Свабода».

Павел Севярынец у судзе. Фота Арцёма Лявы

Павел Севярынец у судзе. Фота Арцёма Лявы


Палітвязню Паўлу Севярынцу 18 снежня працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку ягоная жонка Вольга Севярынец.

24 снежня яна атрымала ліст ад Паўла Севярынца, у якім ён расказаў, што пра новы тэрмін — да 20 лютага 2021 года — яму паведаміў новы следчы ў ягонай справе.

«Аказаўся з Круглянскага раёну (Магілёўскай вобласці) — відаць, у Менску жадаючыя скончыліся», — адзначыў Севярынец у лісце.

Павел не стаў падпісваць пастанову пра працяг следства, а яшчэ і сам папярэдзіў следчага.

«За фабрыкацыю крымінальнай справы будзе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам. Вы, кажу, лепш займіцеся заявамі ад мірных грамадзян, якіх на вуліцы збіваюць невядомыя ў чорным. Маўчыць. Бачу, крыжык на шыі. У Бога верыце, кажу? Бог бачыць. Тут ён уперыў у мяне “цьвёрды позірк”, ды і хвіліны не вытрымаў, вочы апусціў. Потым яшчэ раз, але зноў — вочы долу. Грызе, відаць, сумленне. Няхай Госпад прабачыць», — працытавала ліст Паўла Севярынца ягоная жонка Вольга.

Яна таксама зачытала віншаванне з Раством, якое даслаў Севярынец.

«Сёлета Госпад адкрыў па-над нашай краінай неба. Святло Божае праменіць з Беларусі па ўсім свеце. Цуды здараюцца штодня», — напісаў Севярынец пра 2020 год, большую частку якога правёў за кратамі.

Севярынца затрымалі 7 чэрвеня, калі ён вяртаўся дахаты пасля пікету па зборы подпісаў на Камароўскім рынку.