Палітвязню Ігару Лосіку працягнулі ўтрыманне пад вартай да 25 сакавіка
Палітвязню Ігару Лосіку, які сваёй віны не прызнаў і абвясціў галадоўку пратэсту, працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы, паведамляе «Еўрарадыё».
Ігару Лосіку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы — да 25 сакавіка. Пра гэта ў сваім акаўнце ў Instagram паведаміла яго жонка Дар'я.
Тэрмін утрымання Лосіка пад вартай паводле папярэдняга абвінавачання мусіў завяршыцца 25 снежня, нагадвае Радыё "Свабода". Але 15 снежня яму выставілі новае абвінавачанне — "падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" (ч. 2 арт. 293 КК). Хлопец сваёй віны не прызнаў і на знак пратэсту абвясціў галадоўку. Ён патрабуе зняць усе усе абвінавачанні або змяніць яму меру стрымання.
Дар'я Лосік далучылася да галадоўкі мужа ў той самы дзень, 15 снежня. Але 21-га яна спыніла галадоўку, патлумачыўшы гэта моцным прэсінгам. Сам Лосік галадоўку спыняць не намераны.
Ігара Лосіка, адміністратара суполкі і ТГ-канала "РБ головного мозга", затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах. На яго ТГ-канал у той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек (цяпер больш за 400 тысяч).
Дома палітвязня чакаюць жонка і двухгадовая дачка.