Не стварайце прывідаў на сваю галаву
Спробы знайсці сепаратызм там, дзе яго няма, могуць прывесці да таго, што ён усё ж такі ўзнікне.
Нельга сказаць, што Аляксандр Рыгоравіч не зрабіў высноваў з украінскай сітуацыі. Гэта праяўляецца шмат у чым: у павышанай увазе да стану беларускага войска, у стрыманай дыпламатычнай пазіцыі наконт гэтага канфлікту, у спробах міратворчай дзейнасці. Але кіраўніка дзяржавы іншым часам «заносіць» не ў той бок.
Аляксандра Лукашэнку хвалююць магчымыя праявы сепаратызму ў Беларусі. Ён у чарговы раз казаў пра гэта, наведваючы Гродзенскую вобласць. «Сёння шмат размоў пра тое, што «ў нас не так добра, у нас дзесьці наогул дрэнна, а вось побач, у Польшчы, вунь як жывуць».
Паводле слоў Лукашэнкі, Польшча ды іншыя краіны пільна прыглядаюцца да Беларусі, асабліва да Гродзенскай вобласці. «Калі мне з Польшчы афіцыйныя асобы і іншыя пачынаюць казаць пра палякаў, я іх адразу пытаюся: вы пра якіх палякаў? Вы павінны запомніць, што ў Гродне палякі — гэта нашы палякі, і гэта іх зямля, і парабкамі нават там, дзе жывуць іх суайчыннікі, яны не будуць. Яны будуць гаспадарамі, але на гэтай зямлі», — заявіў Лукашэнка.
«Я падлашчвацца ні да каго не маю намеру. Заляцанні прыводзяць да развалу, распаду дзяржавы. Як толькі мы пачнём дзяліць нашу зямлю па нацыянальнай прыкмеце, вы ведаеце, як будзе, — прыклад на поўдні, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта ваша зямля, і вы павінны клапаціцца, каб яна станавілася больш прыгожай і лепшай».
Між тым, гэта былі не проста словы. У чацвер, 13 лістапада, прымаючы з дакладам старшыню КДБ, Лукашэнка папрасіў даць інфармацыю аб сітуацыі ў Гродзенскай вобласці. «Мяне яна не проста насцярожвае... Я ведаю, што памкненні на Гродзенскую вобласць у асобных дзяржаў занадта празмерныя», — здзівіў правадыр усё грамадства.
Відавочна, што той «закідон» быў у бок Польшчы. Цікава, што ў гэты ж дзень кіраўнік дыпламатычнай місіі Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка даваў прэс-канферэнцыю з нагоды Дня незалежнасці Польшчы. І, у адрозненне ад мінулых гадоў, пан Шарэпка быў узрадаваны тым, як развіваюцца стасункі паміж Польшчай і Беларуссю.
Ён адзначыў, што яны зараз цяплейшыя, чым увогуле за апошнюю пяцігодку. Варшаву наведаў (і быў там прыняты) беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей, што раней было немагчыма з-за санкцыяў ЕС. Прайшлі міжведамасныя кансультацыі МЗС абодвух бакоў, запрацавалі розныя профільныя працоўныя групы, паміж Беларуссю і ЕС ідуць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму, а Польшча імкнецца спрасціць яго ўжо зараз: напрыклад, выдае беларусам двухгадовы «шэнген».
Занепакоенасць кіраўніка Беларусі можна было б апраўдаць старым пудзілам — «картай паляка», але і тут нічога небяспечнага не праглядаецца. Закон пра «карту паляка» ўступіў у дзеянне ў 2008 годзе.
Канешне, пасол Польшчы спецыяльна падлікам не займаўся, але, па ягоных дадзеных, за прайшоўшыя з таго моманту шэсць гадоў у Беларусі было выдадзена блізу 70 тысяч гэтых картаў. Пры тым, што, па звестках польскага пасольства, у Беларусі лічаць сабе палякамі 12% насельніцтва, то бок больш мільёна чалавек. Мільён і 70 тысячаў — адчувальная розніца?
Адзіная праблема, якая бліжэйшым часам праглядаецца ў беларуска-польскіх адносінах — магчымыя змены ў беларускі Кодэкс аб адукацыі. Калі гэтыя змены будуць прынятыя, у школах, дзе частка прадметаў выкладаецца на польскай мове, значна скароціцца колькасць гэтых прадметаў і навучальных гадзінаў, якія будуць выкладацца па-польску. «Змены ў адукацыйным заканадаўстве могуць паўплываць на тое, што колькасць польскай мовы ў школах паменшыцца, гэта паўплывае на якасць адукацыі і, можа быць, на ўзровень ведаў палякаў, якія тут жывуць», — адзначыў Шарэпка.
А між тым, у гэтым годзе Польшча і Беларусь парафіравалі пагадненне аб адукацыі, і чакаецца, што яно неўзабаве набудзе моц. Такім чынам, і гэтая праблема вырашальная, бо беларускі адукацыйны кодэкс, па ідэі, не павінен супярэчыць міжнародным дамовам, і гэтай дамове ў тым ліку.
З аднаго боку, па меркаванні беларускіх экспертаў, справа не ў Гродне і не ў паляках. Справа ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Ніводная прэзідэнцкая кампанія не праходзіла без пошуку знешніх ворагаў, і гэтая кампанія, пэўна, не будзе выключэннем. Стварэнне «заходняга пудзіла», — звыклы прыём беларускай прапаганды.
З іншага боку, кіраўнік дзяржавы можа працаваць і «на апераджэнне». Відавочна, што скарачэнне колькасці гадзінаў і прадметаў, якія выкладаюцца па-польску, выкліча справядлівае абурэнне ў польскай меншасці. Гэтае абурэнне якраз можна інтэрпрэтаваць, як «інспіраваныя заходнімі дзяржавамі» і «праявы сепаратызму». Тады і «знешні вораг» знойдзецца, і праявы ягонай «варожасці» будуць навідавоку.
Але такая тактыка не прывядзе ні да чаго іншага, акрамя распальвання той самай варожасці і ўзнікнення таго самага «мяккага сепаратызму». Справа будзе не ў тым, што «ў Польшчы лепей». Проста паміж дэкларацыямі («палякі ў Беларусі — гэта нашы палякі») і справамі (абмежаванне польскага навучання) будзе вялікая розніца, якую грамадзяне Беларусі, палякі па нацыянальнасці, адчуюць на сабе.
І польская меншасць у Беларусі, у выпадку развіцця такога сцэнару, апынецца «ворагамі» і «сепаратыстамі». Прычым там, дзе ніякага сепаратызму не было і блізка.