Офіс Ціханоўскай патлумачыў, чаму МВФ даў Беларусі 900 мільёнаў долараў
Чаму са спісу атрымальнікаў Спецыяльных правоў запазычання былі выключаныя Афганістан, Венесуэла і М’янма, але не Беларусь? Заходнія краіны, якія не прызнаюць Лукашэнку, не змаглі ці не захацелі паўплываць на рашэнне МВФ адносна Беларусі? Наколькі імаверна, што фонд не дасць дазволу Мінску канвертаваць атрыманыя спецыяльныя правы запазычання ў валюты?
На гэтыя пытанні «Свабодзе» адказаў кіраўнік Кабінета Святланы Ціханоўскай, яе прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі.
МВФ, калі прымаў гэтую праграму, ніяк не ўлічваў сітуацыю ўнутры краін, сітуацыю з правамі чалавека ў іх.
Усе краіны, якія ўваходзяць у фонд, атрымалі сваю долю, і Беларусь не стала выключэннем.
МВФ — інстытуцыя, якая займаецца выключна фінансамі, аздараўленнем фінансавага становішча краін-чальцоў.
У чым адрозненне Беларусі ад выпадкаў Афганістана, Венесуэлы і Мʼянмы? Там няма прызнаных урадаў.
У Венесуэле ёсць альтэрнатыўны прэзідэнт Гуайдо, які прызнаны многімі краінамі, у тым ліку і ЗША.У Мʼянме адбыўся вайсковы пераварот, там пралілося шмат крыві.
У Афганістане толькі што да ўлады прыйшлі талібы, і свет не паспеў зрэагаваць на гэтую сітуацыю.Лукашэнку не прызнаюць легітымным кіраўніком Беларусі многія краіны Захаду.
Але міжнародныя арганізацыі — такія, як МВФ, — не ў тым стане, каб заявіць, што яны не прызнаюць Лукашэнку.
Ёсць градацыі ў інстытуце непрызнання, і ён сам па сабе рухомы, цяжка знайсці яго вызначэнне ў міжнародным праве.
МВФ выконвае волю краін — яго чальцоў.
ЗША і іншыя заходнія краіны не хацелі заблакаваць выдзяленне Беларусі гэтых грошай, каб не ствараць прэцэдэнту.
Шмат хто ў шмат якіх краінах можа заявіць, што ўлады гэтых краін кепска змагаліся з каронавірусам.
Калі і ім не даваць гэтых грошай, гэта мела б кепскія міжнародныя наступствы.
Спецыяльныя правы запазычвання (SDR) — гэта своеасаблівы чэк, па якім можна атрымаць грошы.
МВФ дазваляе краінам гэта зрабіць — канвертаваць SDR у любую валюту.
Фонд раіць выкарыстоўваць гэтыя грошы дзеля барацьбы з каронавірусам. Пандэмія, уласна, і была прычынай цяперашняй эмісіі SDR.
Але дазваляецца іх выкарыстоўваць і для павелічэння золатавалютных рэзерваў краін, якія атрымалі гэтыя сродкі.
МВФ заклікае багатыя краіны падзяліцца атрыманымі траншамі SDR з найбяднейшымі краінамі.
Умоўна кажучы, Данія ці Нарвегія, якія таксама атрымалі SDR, могуць перадаць іх, скажам, Замбіі, якая знаходзіцца ў досыць складанай сітуацыі.
Выдзяленне, размеркаванне SDR — даволі рэдкая падзея.
Каманда Ціханоўскай вывучае працэдуру. Мы скіраваныя на тое, каб не дазволіць Лукашэнку атрымаць гэтыя рэсурсы ў свае рукі.
Мы маем падставы сцвярджаць, што ён не будзе выкарыстоўваць іх для вырашэння сапраўдных патрэб Беларусі.
Венесуэла атрымала на свой рахунак 5 мільярдаў, але з прычыны пазіцыі шэрагу ўплывовых чальцоў фонду яна не зможа скарыстацца гэтымі сродкамі.
Многія палітыкі ў Вашынгтоне і Лондане проста не ведалі, што набліжаецца такое размеркаванне сродкаў Міжнародным валютным фондам.
Заходнія краіны зрабілі вялікую працу па стварэнні санкцыйнага рэжыму адносна Лукашэнкі.
І калі гэты амаль мільярд долараў трапіць у рукі Лукашэнкі, гэта можа падарваць гэтыя намаганні.