Прадстаўнік штабу Ціханоўскай: «Залічэнне грошай ад МВФ не азначае, што рэжым Лукашэнкі імі скарыстаецца»

Прадстаўнік штабу Святланы Ціханоўскай у эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч пракаментаваў інфармацыю аб выдзяленні Беларусі звыш 900 млн долараў са сродкаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ).

4b8d84dd_85c9_409e_bc68_9d2fbe2cc968_w1023_r1_s.webp

Алесь Аляхновіч растлумачыў некалькі важных дэталяў адносна буйной сумы грошай, якія, як асцерагаюцца праціўнікі Лукашэнкі, пойдуць на далейшае ўзмацненне сілавікоў, распавядае «Свабода».

1. Выдзяленне Спецыяльных правоў запазычвання (СПЗ) з'яўляецца шматбаковай дамовай, у якой удзельнічаюць усе чальцы МВФ, і гэта не звязана з ацэнкай сітуацыі з правамі чалавека ў асобных краінах. Ні ў якім разе нельга інтэрпрэтаваць гэтае рашэнне МВФ і размеркаванне СПЗ як непасрэдна гатоўнасць фінансаваць нелегітымныя ўлады ў Беларусі альбо як якое-небудзь іх прызнанне;

2. Факт залічэння СПЗ на рахунак дзяржавы ў МВФ не азначае, што рэжым зможа аўтаматычна імі скарыстацца. Каб абмяняць СПЗ на вольна канвэртаваную валюту, неабходна звярнуцца з афіцыйным запытам у фонд. Офіс Святланы Ціханоўскай, беларуская дыяспара, Нацыянальнае антыкрызіснае кіраўніцтва і іншыя нашы партнёры прыклалі шмат намаганняў для таго, каб у выпадку, калі нелегітымныя ўлады звернуцца з такім запытам, МВФ мог бы адмовіць у падтрымцы канвертацыі СПЗ у валюту. Гэта ў першую чаргу пытанне легітымнасці, а не грошай;

3. Мы працягнем працаваць над непрызнаннем Фондам легітымнасці цяперашніх «уладаў» Беларусі і абмежаваннем доступу для іх да рахунку СПЗ і правядзення канвертацыі СПЗ у валюту. Гэтым пытаннем Офіс Ціханоўскай займаўся з красавіка, працуючы на экспертным і палітычным узроўнях. Кульмінацыяй стаў рабочы візіт Святланы Ціханоўскай у Вашынгтон, дзе прайшлі перамовы з сенатарамі і кангрэсменамі. Іх вынікам сталі лісты прэзідэнту ЗША і прадстаўнікам ЗША ў МВФ ад прадстаўнікоў абедзьвюх палат Кангрэсу;

4. Існуюць прэцэдэнты, калі ўрадам асобных краін быў заблакаваны доступ да іх СПЗ-рахункаў у Фондзе. Гэта адбылося з Венесуэлай і зусім нядаўна з Афганістанам — з той прычыны, што легітымнасьць уладаў дадзеных дзяржаў выклікае сур’ёзныя сумневы і пытанні ў міжнароднай супольнасці.

Таксама Аляксей Аляхновіч паведаміў, што Офіс Ціханоўскай разам з іншымі дэмакратычнымі сіламі і дыяспарай працягне інфармаваць Раду кіраўнікоў Фонду, выканаўчых дырэктараў Фонду, урады і міністраў фінансаў краін — чальцоў МВФ аб недапушчальнасці канвертацыі СПЗ у валюту пры дзейным у Беларусі рэжыме.

23 жніўня МВФ не ўключыла ў падтрымку М’янму, Афганістан і Вэнэсуэлу.

Святлана Ціханоўская раней адправіла кіраўніцы МВФ Крысталіне Георгіевай і міністарцы фінансаў ЗША Джанэт Елен ліст з просьбай не выдаваць Беларусі СПЗ. Ціханоўская лічыць, што ўрад Лукашэнкі будзе выкарыстоўваць сродкі МВФ для «працягу рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці».

Што такое СПЗ?

Гэта рэзервовы і плацёжны сродак, які выпускае Міжнародны валютны фонд. СПЗ маюць толькі безнаяўную форму ў выглядзе запісаў на банкаўскіх рахунках.

СПЗ былі створаныя Міжнародным валютным фондам у 1969 годзе як дадатак да іншых рэзервовых актываў краін-чальцоў. Гэта не грошы ў чыстым выглядзе. СПЗ могуць выкарыстоўвацца для разлікаў паміж Фондам і яго чальцамі. Таксама іх выкарыстоўваюць міжнародныя арганізацыі.