Арцём Шрайбман пра грошы МВФ: яшчэ адна нагода для цвярозасці ў надзеях на жыватворны Захад

Аналітык пракаментаваў выдзяленне Беларусі грашовай дапамогі ад МВФ.

download_244.jpg

Беларускай уладзе выдаюць 1 млрд. ад МВФ (у штучным плацёжным сродку СДР), нягледзячы на ​​пратэсты грамадзянскай супольнасці і яе саюзнікаў на Захадзе.
Гэта аўтаматычная выплата, а не ўзнагарода Мінску за нешта. Такія ж дапамогі па барацьбе з кавідам атрымалі амаль усе краіны свету прапарцыйна сваёй вазе.
Верагодна, яшчэ будуць спробы заблакаваць магчымасць карыстацца гэтымі сродкамі. Тут я не эксперт, каб судзіць, якія шанцы.
Але паказальна тое, што Беларусь не паставілі ў адзін шэраг з М'янмай, Афганістанам і Венесуэлай, чые ўрады не прызнаюцца легітымнымі, а таму не атрымліваюць сваю долю СДР.
Наогул прызнанне легітымнасці ўлады — гэта больш палітычны, чым прававы канструкт. Няма універсальных законаў аб (не) прызнанні ў выпадках, калі нейкая група людзей трымае ўладу незаконна.
Усё праяўляецца на практыцы, і з яе мы разумеем, што нават у вачах Захаду міжнародная нелегітымнасць — гэта спектр, на якім могуць быць цалкам прызнаныя ўрады з аднаго боку, а з другога — хунта ў М'янме.
І бліжэй да М'янмы будуць розныя рэжымы: ад талібаў да Мадура, — дзе кантакты на нейкім узроўні магчымыя, але афіцыйная пазіцыя пры гэтым: «Вы — нелегітымная ўлада».
У Беларусі ж, як высвятляецца, непрызнаннем уганаравалася не ўся вертыкаль, а толькі Лукашэнка як прэзідэнт. Паміж ім і ўрадам у вачах Захаду праходзіць нейкая нябачная рыса.
У выніку астатнія ведамствы беларускай дзяржавы заходні свет працягвае лічыць уладай, з якой можна размаўляць і весці справы.
Калі са жніўня 2020 года прадстаўнікі беларускага ўрада і Нацбанка засядалі ў МВФ, то што здарылася цяпер, каб іх выганяць? Мяркуючы па ўсім, у арганізацыі менавіта такая логіка.
Таму амбасадары краін ЕС гатовыя ўручаць даверчыя граматы прызначанаму Лукашэнкам міністру Макею, але не гатовыя ўручаць іх самому Лукашэнку.
У гэтым сэнсе лагічнае пытанне: а ці ёсць наогул нейкі практычны сэнс у непрызнанні Захадам Лукашэнкі, калі адной рукой Захад заяўляе пра гэта, а другой — дае яго міністрам мільярд, хай і не жывых грошай, але таго, што можна выдаткаваць на аплату даўгоў?
Сэнс застаецца. Лёсавызначальныя для Беларусі дакументы і дамовы, якія будзе падпісваць сам Лукашэнка, у вачах заходніх краін і структур будуць валодаць куды меншай юрыдычнай сілай, чым тое, што падпісваюць яго міністры.
Таму як новая Канстытуцыя па выніках рэферэндуму, так і дарожныя карты па інтэграцыі могуць быць уцягнутыя ў варонку заходняга непрызнання, таму што да іх дакранулася не самая легітымная рука (дарэчы, цікава, што будзе з прызнаннем урада ці таго ж ВНС пасля прыняцця гэтай новай Канстытуцыі).
А калі гэта, напрыклад, будзе продаж нейкіх стратэгічных актываў або размяшчэнне ў краіне расійскіх войск, гэта палічаць аднабаковым расійскім актам, што можа пагражаць Маскве (або пакупнікам актываў) санкцыямі.
Ну а пакуль выдача мільярда Мінску — яшчэ адна нагода для цвярозасці ў надзеях на жыватворны Захад. З іншага боку, забаўна паглядзець, як пасля гэтага дзяржпрапаганда будзе распавядаць, што МВФ — паслухмяная сабачка Вашынгтона.