Падпісанне Беларуссю Мытнага кодэксу адкладзенае

Прынамсі да саміту ў Бішкеку. Першы ў гэтым годзе саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу пройдзе 14 красавіка.

cd9d62c0_d358_4984_8a06_96fe3fc143cc_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

Удзельнікі гэтай сустрэчы мяркуюць вярнуцца і да праблемы Мытнага кодэксу. Беларусь — адзіная з краін ЭАЭС, якая на папярэднім саміце 26 снежня мінулага году не падпісала гэты дакумент. Тады ў Санкт-Пецярбургу свае подпісы пад Мытным кодэксам паставілі кіраўнікі чатырох з пяці краін, што ўваходзяць у гэтае інтэграцыйнае аб’яднанне — Арменія, Казахстан, Кіргізстан і Расія. А Аляксандар Лукашэнка той саміт праігнараваў. Гэтым дэмаршам, як лічаць эксперты, ён выказаў сваю незадаволенасць паводзінамі Расіі, якая ігнаруе інтарэсы іншых краін ЭАЭС.
«Эўразійскі эканамічны саюз, хоць і называцца эканамічным, насамрэч уяўляе сабой палітычны праект Расіі — каментуе сітуацыю эканаміст Леў Марголін. — Таму Масква глядзіць на сваіх партнёраў «зверху», навязваючы ім тое, што выгадна найперш Расіі. У Крамлі лічаць, што нікуды астатнія ўдзельнікі гэтага саюзу не дзенуцца.
З'явілася інфармацыя, што ўжо і Арменія незадаволеная Мытным кодэксам. Таму ў Бішкеку, я думаю, нешта не вельмі істотнае выправяць. Інакш над ЭАЭС павісне пагроза развалу. Але Расія гэтага любымі сродкамі не дапусціць».
Ці збіраецца Рэспубліка Беларусь падпісаць Мытны кодэкс ЭАЭС? Такое пытанне сёння падчас брыфінгу задалі прэсаваму сакратару Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрыю Мірончыку. Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства не даў канкрэтнага адказу:
«Беларускі бок завяршыў аналіз гэтага дакументу. Спадзяюся, што адкрытых пытанняў да нас пасля гэтага не застанецца».
Усяго тыдзень таму першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка на сэмінары ў Мінску заяўляў, што ў Расійскай Федэрацыі выдаюцца заканадаўчыя акты, якія не адпавядаюць міжнародным абавязанням, прынятым ёю ў рамках як Саюзнай дзяржавы, так і Эўразійскага эканамічнага саюзу:
«Тут вельмі шмат прыкладаў. Зусім нядаўна ўрадам Расійскай Федэрацыі накіраваны ў Дзярждуму праект федэральнага закону аб унясенні змяненняў у закон аб мытным рэгуляванні. Акрамя ўзмацнення жорсткасці транзіту санкцыйнай прадукцыі, дадзены законапраект закранае і прамысловую групу тавараў, якія ідуць з краін Еўразвязу праз тэрыторыю Беларусі і Расіі ў Казахстан, што можа нанесці істотную шкоду транзітнай прывабнасці нашай дзяржавы», — сказаў першы намеснік Уладзіміра Макея.
А днямі з'явілася яшчэ адна праблема. Расія блякуе пастаўкі імпартнай тэхнікі, якая прайшла сертыфікацыю ў Беларусі. Расійская мытня прызнае толькі сертыфікаты, выдадзеныя ў Расіі. Гэта выклікала скандал у рамках ЭАЭС. Беларусь і Арменія ўжо накіравалі ў Эўразійскую эканамічную камісію (ЭЭК) запыты наконт неправамерных дзеянняў расійскіх мытных органаў.
Таму, як лічаць эксперты, у Бішкеку кіраўнікам пяці краін будзе пра што спрачацца.
Паводле svaboda.org