Паміж Рыгай і Масквой

Афіцыйны Мінск асцярожна паварочваецца тварам да Захаду — з аглядкай на Маскву. Уладам прыадчынілі дзверы ў Еўропу, але крамлёўскія аналітыкі расцэньваюць нармалізацыю адносінаў, як здраду.



lu_minsummit(1).jpg

Кіраўнік Беларусі ўсё больш аказваецца «ў заходнім трэндзе». Пасля першай мінскай сустрэчы Парашэнкі і Пуціна Захад разглядзеў у Лукашэнку патэнцыял міратворца, нягледзячы на тое, што сам ён абедзвюма рукамі адхрышчваўся ад гэтага звання. А пасля «Мінску–2», калі з Лукашэнкам паручкаліся Меркель і Аланд, па-ранейшаму не заўважаць «апошняга дыктатара Еўропы» стала зусім маветон.

І вось ужо прэзідэнт Латвіі Андрыс Берзіньш заяўляе, што гатовы правесці афіцыйную сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, калі кіраўнік Беларусі прыбудзе на саміт «Усходняга партнёрства», які адбудзецца ў маі ў Рызе. То бок, афіцыйнаму Мінску прыадчынілі дзверы ў Еўропу.

У той жа час адносіны з Масквой не выглядаюць бязвоблачнымі. Нягледзячы на вонкавую «брацкую рыторыку», у нас загінаюцца інтэграцыйныя праекты па стварэнні агульных холдынгаў. З $2,5 мільярда крэдыту мы атрымалі толькі $110 мільёнаў. Рассельгаснагляд з зайздросным пастаянствам заварочвае на сваёй мяжы беларускі рээкспарт. Ну і, канешне, непрыемнасцяў нам дадаў расійскі «падатковы манеўр» на нафту, які знізіў нашу выгаду ад ЕАЭС ледзьве не ўдвая.

Новы крок на Захад беларускі правадыр зрабіў літаральна днямі. Лукашэнка заявіў, што не падтрымлівае палітыкаў, якія «амбіцыйна адмаўляюцца» прыехаць на святкаванне 70-годдзя перамогі над фашысцкай Германіяй у Маскву. Але ў той жа час сказаў, што сам на парадзе ў Маскве не будзе. Не, ён, канешне, наведае ўрачыстасці ў сталіцы Расіі 7–8 мая, але 9 мая будзе прымаць свой парад Перамогі ў Мінску. «Недапушчальна, калі няма галоўнакамандуючага. Ніхто, акрамя яго, па Канстытуцыі не зможа прымаць парад», — дадаў Лукашэнка.

Толькі ў беларускай Канстытуцыі няма такога палажэння, што выключна прэзідэнт альбо галоўнакамандуючы можа прымаць парад.

У Маскве да гэтага паставіліся нібыта з разуменнем. «Наш найбліжэйшы саюзнік, прэзідэнт Беларусі, 9 мая будзе прысутнічаць на аналагічным парадзе ў Мінску. Беларусь абсалютна шырокамаштабна святкуе Дзень Перамогі і тым самым шануе загінулых. Беларусь знаходзіцца разам з намі ў гэтых пачуццях і падзяляе іх», — сказаў прэс-сакратар кіраўніка Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы рашэнне «саюзніка».

Але вонкавае «разуменне» наўрад ці шчырае. Расійскія прапагандысты адзначылі, што падчас святкавання 60-годдзя Перамогі Лукашэнка паспеў і ў Маскве пабываць, і свой парад прыняць. А ў мінулым годзе Пуцін прыехаў у Мінск на святкаванне 70-годдзя вызвалення Беларусі, і нават адкрыў з беларускім калегам новы музей ВАВ. Таму стаўленне да жадання Лукашэнкі прыняць свой парад у сваёй сталіцы — як да здрады.

kazka_1.gif

Дырэктар Інстытута краін СНД Канстанцін Затулін, напрыклад, лічыць, што Лукашэнка зрабіў «не самы прыстойны ўчынак», і назваў гэта «працягам лініі беларускага кіраўніка на залагоджванне Захаду перад прэзідэнцкімі выбарамі». Галоўны рэдактар часопіса «Расія ў глабальнай палітыцы» Фёдар Лук’янаў упэўнены, што ўчынак лідара сінявокай «нельга не расцаніць як дэмарш». Дырэктар Цэнтра ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ Багдан Беспалька лічыць, што нежаданне Лукашэнкі прыехаць у Маскву — гэта «сімвалічны акт: і сігнал Захаду, і спроба не сапсаваць адносіны з Масквой».

І яшчэ адзін фінт ад нашага кіраўніка. 22 красавіка Аляксандр Рыгоравіч павінен быў выступіць са штогадовым пасланнем народу і парламенту. Аднак пасыл народа перанеслі: Лукашэнкі ў гэты дзень знянацку намаляваўся візіт у Тбілісі. У тое самае Тбілісі, якое да скону жыцця ўдзячнае яму за непрызнанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, адарваных ад Грузіі Расіяй таксама, як зараз адарваны Крым.

Канешне, можна не шукаць у пераносе паслання палітычнага падтэксту. І раней бывалі выпадкі, калі пасланне адкладалася з-за таго, што яно не было падрыхтаванае. У 2012 годзе, напрыклад, Лукашэнка раскрытыкаваў тэкст падрыхтаванага яму дакумента і адправіў яго на дапрацоўку. Але зараз ніхто не кажа пра «тэхнічную прычыну пераносу». Ну не мог жа Лукашэнка, прызначаючы дату паслання, не ведаць пра візіт у Грузію?

Відавочна, што ў пасланні Аляксандр Рыгоравіч павінен быў дакладна патлумачыць, з кім мы. Расія — наш «брат» ці проста «асноўны эканамічны партнёр»? Захад нам «вораг», альбо «нашыя адносіны істотна палепшыліся, і яны ўжо не так балюча ўспрымаюць асаблівую пазіцыю Беларусі»?

Апошнія словы можна будзе казаць тады, калі будзе ўпэўненасць: ці заўважыў Захад дзеянні Лукашэнкі па нармалізацыі адносінаў? Гэта высветліцца проста: адказам на пытанне, хто паедзе ў Рыгу на саміт «Усходняга партнёрства». Аляксандр Рыгоравіч чакае, што яго туды запросяць.

Лукашэнка чакае адказу на гэтае пытанне. І тады ён патлумачыць народу, з кім мы на бліжэйшы год: з Расіяй альбо з Захадам.