Маці Саўчанка просіць сусветных лідараў аказаць ціск на Пуціна

Марыя Саўчанка заявіла, што яе дачка Надзея Саўчанка з'яўляецца палітычнай зняволенай, паведамляе Руская рэдакцыя "Радыё Свабода"



c7711d96_146d_4ca7_a89b_7b0ac1e1fe41_w640_r1_s.jpg

Маці Надзеі Саўчанка Марыя

Маці зняволенай у Расіі ўкраінкі Надзеі Саўчанка звярнулася да сусветных лідараў з просьбай аказаць ціск на прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, каб дамагчыся вызвалення дачкі.

У інтэрв'ю агенцтву «Асашыэйтэд Прэс» Марыя Саўчанка заявіла, што яе дачка з'яўляецца палітычнай зняволенай. Яна таксама дадала, што следства да гэтага часу не прадставіла доказаў віны Надзеі Саўчанка. У Расіі яе абвінавачваюць у датычнасці да гібелі двух расійскіх журналістаў на ўсходзе Украіны, а таксама ў незаконным перасячэнні мяжы.

«Я ў роспачы, я маці, якая гатовая аб'ездзіць увесь свет, каб мае словы былі пачутыя», — сказала Марыя Саўчанка.

Раней яна звярнулася з лістом да прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, а таксама канцлера Германіі Ангелы Меркель з просьбай дапамагчы вярнуць дачку на Украіну.

19 красавіка ў Нью-Ёрку Марыя Саўчанка ўдзельнічала ў акцыі ў падтрымку яе дачкі ля будынка сталага прадстаўніцтва Расеі пры ААН. На пікет з патрабаваннем вызваліць Надзею Саўчанка сабраліся больш за сто чалавек.

Надзея Саўчанка з мінулага лета знаходзіцца пад вартай у Расіі. Яна адмаўляе віну і сцвярджае, што яе захапілі і пераправілі на расійскую тэрыторыю сепаратысты.

У снежні мінулага года Саўчанка абвясціла галадоўку пратэсту, якую трымала 80 дзён. 5 сакавіка яна прыслухалася да парады лекараў і пагадзілася часткова спыніць галадоўку. 16 сакавіка яна аднавіла галадоўку з патрабаваннем змяніць ёй меру стрымання. Тэрмін арышту Надзеі Саўчанка па рашэнні суда ў канцы лютага быў працягнуты да 13 траўня.