Мілаш Земан: Пуцін не самазабойца, каб нападаць на Прыбалтыку

Прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан заявіў агенцтву "Асашыэйтэд прэс", што расійскі лідар Уладзімір Пуцін не самазабойца і ўсведамляе наступствы магчымага нападу на Літву, Латвію і Эстонію, паведамляе www.bbc.co.uk.



milos_zeman_putin1.jpg

"Я не баюся расійскага ўварвання ў краіны Балтыі, бо мы не можам дапусціць, што кіраўніцтва Расіі настолькі дурное, каб здзейсніць такое самагубства", — заявіў ён.

Земан таксама закрануў канфлікту на Украіне і расійскай ролі ў ім. Па словах чэшскага лідара, анексаваць ўсход Украіны для Расіі эканамічна нявыгадна.

"Я думаю, Расія задаволена анексіяй Крыма, і сумняваюся, што магчыма ўварванне на ўсход Украіны. Проста таму што рэгіён быў разбураны грамадзянскай вайной, і Маскве давядзецца карміць некалькі дзясяткаў мільёнаў галодных, а на гэта ў Расіі проста не хопіць эканамічных магчымасцяў", — сказаў чэшскі лідар.

"Калі Расія не ўварвецца на ўкраінскую зямлю, я думаю, санкцыі будуць паступова знятыя. Я знаходжу іх контрпрадуктыўнымі — гэтак жа, як і былыя санкцыі супраць Кубы", — дадаў Земан.

Земан таксама абвінаваціў у непрафесіяналізме амерыканскага амбасадара, які раскрытыкаваў рашэнне прэзідэнта Чэхіі прыехаць на святкаванне Дня Перамогі ў Маскве.

"Венская канвенцыя аб дыпламатычных адносінах строга забараняе амбасадарам любой краіны ўмешвацца ва ўнутраныя справы дзяржавы. Спадар Шапіра альбо па няведанні, альбо наўмысна парушыў гэтае пагадненне, што дыскрэдытуе яго як прафесіянала".

Раней урад Чэхіі ухваліў паездку прэзідэнта Мілаша Земана ў Маскву на святкаванне 70-годдзя Перамогі, хоць ён і не будзе прысутнічаць на ваенным парадзе.

Прэс-сакратар прэзідэнта Іржы Аўчарэк удакладніў, што Земан тым не менш прыедзе ў Маскву на 9 траўня і ўскладзе вянок савецкім воінам, якія загінулі ў баях за вызваленне Чэхаславакіі.

Падчас самога парада, па паведамленнях СМІ, Земан плануе правесці перамовы з прэм'ер-міністрам Славакіі Робертам Фіцо.