Павел Усаў: Лукашэнка жыве думкай, як ва ўладзе пакінуць сваіх дзяцей
Палітолаг разважае пра апошнія заявы Лукашэнкі наконт таго, каб пакінуць дзецям «нармальную краіну». І вельмі шчыра сумняецца ў тым, што ягоным дзецям гэтая краіна патрэбная. Прынамсі, у такім стане, у якім Лукашэнка яе пакіне.
Лукашэнка: «Слухайце, не ўва мне справа. Сёння справа ў нашых дзецях. Трэба пакінуць ім нармальную краіну. Вось нават разам пакаленне наша, але мы павінны стварыць сістэму».
Усе выдатна разумеюць, што псеўдаканстытуцыі, псеўдапалітычныя інстытуты, як УНС (Усебеларускі народны сход), акажуцца на сметніку гісторыі разам з Лукашэнкам. Але ён мае рацыю ў адным: яго ўжо не хвалюе толькі яго асабістая ўлада, ён жыве надзеяй і думкай, як ва ўладзе пакінуць сваіх дзяцей.
Яму патрэбна Беларусь толькі ў яго руках, у руках яго сям'і. Гэта напэўна такі глыбінны, неўсвядомлены архетып жыцця, страх перад забыццём.
Але вось цікава, як Лукашэнка ўяўляе сабе гэты пераход?
Нават калі ён праправіць у сваім розуме і на сваіх нагах яшчэ гадоў пяць, то наўрад ці эканоміка і грамадства вытрымаюць гэтае валюнтарысцкае праўленне і татальны дыктат.
Бо трэба будзе кіраваць ва ўмовах транзіту ўлады (забяспечваць легітымнасць і ўстойлівасць), і ўнутранай турбулентнасці, татальнага самавольства сілавікоў, калі дзяржава ператварыцца ў магнатэрыю з канкуруючых паміж сабой груп сілавікоў і алігархаў.
Дзеці Лукашэнкі (а ён у глыбіні душы думае пра Мікалая), якія прывыклі жыць у камфорце і пад стабільным дзяржаўным дахам, забяспечваючы для сябе дабрабыт у Эміратах, аддадуць перавагу хуценька з'ехаць з краіны, запакаваўшы валізкі золатам.
На жаль, чым даўжэй Лукашэнка будзе знаходзіцца ва ўладзе, падрываючы ініцыятыву, самастойнасць і творчую энергію грамадства, тым больш верагодным становіцца хаос у Беларусі. Краіну чакае барацьба розных кланавых бюракратычна-сілавых груповак, нават не за ўладу, бо воля да ўлады ў людзей у атачэнні Лукашэнкі адсутнічае спрэс, як і каштоўнасць незалежнай дзяржавы, а за кавалкі дзяржаўнага пірага.
Абвыкшы жыць пад цяжарам рукі дэспата, гэтыя групы будуць шукаць такую руку і вядома ж у Маскве. І калі сістэма аўтарытарнага кіравання захаваецца ў Расіі пасля вайны, то яна без асаблівых высілкаў зможа ўсталяваць свой кантроль над Беларуссю, кіруючы гэтымі дэнацыяналізаванымі групамі.
Вядома, узнікае пытанне, што з гэтым рабіць, як пазбегнуць такога сцэнару (могуць быць і іншыя).
Грамадства павінна мець і абапірацца на магутныя і аўтарытэтныя дэмакратычныя структуры (пры такіх умовах за мяжой), якія, нават калі не змогуць прыйсці да ўлады пры жыцці Лукашэнкі, былі б ў стане завалодаць ініцыятывай у пераходны перыяд.
Але тут ёсць і іншая праблема, якая ўжо выявілася ў працягу гэтых двух гадоў: чым даўжэй праўленне Лукашэнкі, тым менш унутранай кансалідацыі ў апазіцыйным руху.
Людзі, што натуральна, ва ўмовах супрацьстаяння, якое зацягнулася, і страты веры ў тое, што змены наступяць заўтра, пачынаюць думаць пра выжыванне, а не пра барацьбу. І не толькі тыя, што знаходзяцца ў Беларусі, але і тыя, хто «ўзначальваюць» барацьбу. (Апошнім, для таго, каб пазбегнуць поўнага распаду, варта падыходзіць да сваёй дзейнасці так, як быццам бы яны ўжо кіруюць дзяржавай, а не кіравацца сваімі прыватнымі інтарэсамі).
Беларусам патрэбная надзея, вера і патрэбныя лідары, якія культывуюць і ўмацоўваюць гэтую надзею і веру.
Вядома, важным суб'ектыўным адчуваннем павінна быць унутранае пачуццё штодзённага супрацьстаяння з праявай Зла ў вобразе Лукашэнкі і ягонага атачэння. Але пра гэта іншым разам.